Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Палах. Праз 40 гадоў


Чэхі і славакі сёньня згадваюць Яна Палаха. 40 гадоў таму студэнт Карлавага ўнівэрсытэту падпаліў сябе на знак пратэсту супраць акупацыі ягонай краіны войскамі Варшаўскае дамовы. Праз тры дні ён памёр у шпіталі.




Незадоўга да сьмерці на шпітальным ложку Ян Палах зь цяжкасьцю сказаў наступныя словы:

“Я хацеў выказаць нязгоду з тым, што адбываецца тут, я хацеў абудзіць народ”...

Памятны знак Яну Палаху ў Празе

Ян Палах нарадзіўся ў вёсцы Ўшэтаты непадалёк ад Прагі ў 1948-м. Зь дзяцінства захапляўся гісторыяй, таму паступіў на гістарычны факультэт у Карлаў унівэрсытэт. Быў спакойным, але валявым студэнтам. Паваротным момантам у ягоным жыцьці сталася ўварваньне ў ЧССР ў жніўні 1968 году войскаў Варшаўскага блёку, якія здушылі парасткі палітычнай і культурнай лібэралізацыі ў Чэхаславаччыне, больш вядомай як Праская вясна.

Больш, чым савецкая акупацыя, Палаха абурыла пасіўная рэакцыя на яе суайчыньнікаў. Лідэры краіны падпісалі пратакол з выказваньнем ляяльнасьці СССР, студэнцкія страйкі лістапада 1968 году праваліліся. Ян Палах пайшоў на самаспаленьне, каб запярэчыць несправядлівасьці і бясьсільлю. У перадсьмяротнай запісцы ён заклікаў скасаваць цэнзуру і забараніць савецкую прапаганду ў Чэхаславаччыне.

Сотні тысяч чалавек прыйшлі на ягонае пахаваньне 25 студзеня 1969 году. Палахаў учынак пазьней паўтарылі Ян Заіц у Празе і Эўжэн Плоцак у Йіглаве.


Што зьмяніла пакутніцкая сьмерць Яна Палаха? Олдржых Тума, дырэктар Чэскага інстытуту сучаснай гісторыі, кажа, што спачатку Палахаў учынак ускалыхнуў чэхаў і славакаў:

"На нейкі пэрыяд адбылася мабілізацыя грамадзтва, пачаўся ціск на кіраўніцтва Кампартыі, але пазьней гэта зьнікла і ўсё пайшло так, які і раней”.

Для многіх грамадзянаў ЧССР сытуацыя далей пагаршалася, пачалася так званая палітыка “нармалізацыі”, паліцэйскага ўдушэньня свабоды.

Цяпер фігура Яна Палаха для чэхаў застаецца супярэчлівай. Многія лічаць ягоны ўчынак экстрэмальным і мяркуюць, што Палах нічога не дамогся.

Савецкія танкі ў Празе, студзень 1969 году.



Пэнсіянэрка Яна – адна з тых, што сёньня паклалі кветкі да ўмураванага ў ходнік крыжа ля Нацыянальнага музэю ў Празе, на месцы, дзе ўпаў палаючы Палах.

“Трэба было шмат часу, каб мы вывучылі гэты ўрок. Прынамсі 20 гадоў. Я мяркую, што тады мы далі сябе перамагчы і хутка капітулявалі”.



Гісторык Олдржых Тума сьцьвярджае, што імя Палаха цяпер не забытае і належыць да найбольш важных фігураў чэскай і славацкай гісторыі XX стагодзьдзя:

“Памяць пра Палаха і ягоны ўчынак заставалася ў сьвядомасьці чэхаў наступныя 20 гадоў пасьля ягонай сьмерці. І гэта стала найбольш відавочна ў студзені 1989-га, калі ў Празе прайшлі тыднёвыя дэманстрацыі, названыя Тыднем Палаха. Гэта было вельмі важнай часткай паступовага разлажэньня і падзеньня камуністычнага рэжыму ў Чэхаславаччыне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG