21 лютага сьвет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета, як і ўсе папярэднія гады з таго часу, як UNESCO ўсталявала гэтую дату, афіцыйная Беларусь ніяк яе не адзначала. 6 сьнежня Таварыства беларускай мовы накіравала ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў лісты з прапановай сьвяткаваць дзяржаўным органам дату 21 лютага разам з актывістамі беларушчыны.
Першай рэакцыяй на гэта старшыня ТБМ Алег Трусаў лічыць прызначаную на 5 студзеня сустрэчу з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўсеваладам Янчэўскім. Пра сутнасьць прапаноў — спадар Трусаў:
“Разам з уладамі правесьці гэтае сьвята, пісаць дыктоўку па беларускай мове і да таго падобныя імпрэзы, каб 21 лютага адзначыць разам і грамадзкасьцю, і ўладамі. Тым больш што ў наступным годзе будуць дзясятыя ўгодкі гэтага міжнароднага сьвята”.
А самым галоўным сёлетнім падарункам да Міжнароднага дня роднай мовы трэба лічыць унікальны дваццацівасьмімоўны слоўнік, выдадзены ў недзяржаўным выдавецтве. Яго склаў філёляг і перакладчык Лявон Баршчэўскі. Падобнага выданьня ня мае ніводная краіна. Падштурхнуў спадара Баршчэўскага да такой працы востры недахоп перакладных слоўнікаў зь беларускай на асноўныя эўрапейскія мовы, што не спрыяе папулярызацыі ў сьвеце беларускай мовы і літаратуры.
“Гэта — вялікая праблема і адна з прычын, чаму я рабіў слоўнік на дваццаць восем моваў. Трэба натхніць іншых гэта ўсё рабіць калі-небудзь. Там у мяне ня шмат слоў, самыя важныя толькі. Але гэта можна пашыраць, гэта можна разьбіваць на мовы і працягваць справу. Гэта і было тое, што мяне штурхнула рабіць гэты слоўнік”.
Унікальнай моўнай акцыяй гэтага году стала правядзеньне першай агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая праводзілася да Дня Волі. Яе ініцыятар і каардынатар, палітоляг Уладзімер Падгол бачыць у ёй ня столькі акцыю дзеля пісьменнасьці на роднай мове, колькі праяву агульнанацыянальнай салідарнасьці.
“Упершыню шмат людзей, якія не хадзілі на шэсьці і мітынгі, яны адчулі салідарнасьць паміж сабой. Тое, што было ў Польшчы, салідарнасьць на эканамічным грунце, у нас можа быць на культурніцкай ці моўнай глебе. І гэта галоўны вынік дыктоўкі — нацыянальная салідарнасьць”.
Дарэчы, сваю моўную салідарнасьць у часе дыктоўкі выказалі і дыпляматы ўсіх эўрапейскіх краінаў, акрэдытаваных у Беларусі.
Сёлетні год увойдзе яшчэ адной старонкай у гісторыю зьменаў беларускага правапісу. 23 ліпеня кіраўнік краіны падпісаў новы закон “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі”, які ўступіць у сілу 1 верасьня 2010 году.
З дваццаці двух разьдзелаў новай рэдакцыі “Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі” распрацоўшчыкі вылучылі сямнаццаць найбольш істотных зьменаў. Нагадаем некаторыя зь іх.
Па-першае, “Правілы...” пашыраюць прынцып перадачы аканьня ў словах іншамоўнага паходжаньня і прапануюць, да прыкладу, пісаць “адажыа”, трыа”, “сальфеджыа” замест цяперашняга напісаньня гэтых слоў з “о” на канцы.
Па-другое, у словах іншамоўнага паходжаньня, акрамя імёнаў уласных, кіруючыся гэтым самым прынцыпам аканьня, канчаткі -эр і -эль прапанавана замяніць на -ар і -аль і пісаць не “камп’ютэр” і “пэйджэр”, а “камп’ютар” і “пэйджар”.
Трэцюю групу адрозьненьняў складае распаўсюджаньне правіла напісаньня літары “я” ў першым пераднаціскным складзе ў словах “дзявяты”, “дзясяты”, “сямнаццаць” і “васямнаццаць”. Згодна зь дзейнымі правіламі гэтыя словы пішуцца зь літарай “е”.
У чацьверты пункт аб’яднаныя зьмены ў напісаньні складанаскарочаных слоў, якія прыйшлі ў беларускую мову пасьля кастрычніцкага перавароту. Напрыклад, “прафкам”, “гаркам”, “абкам”, “селькар”, “Газпрам”, якія да гэтага трэба было пісаць праз “о” ў другой частцы слова.
Асобным пунктам упарадкоўваецца напісаньне вялікай і малой літараў у назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асобаў паводле пасадаў, званьняў, тытулаў і да таго падобнае. Цяпер, да прыкладу, трэба пісаць “Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь”, “Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, “Кіраўнік Адміністрацыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”, “Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі”.
Кандыдат філялёгіі, дэпутат Вярхоўнага савету XII скліканьня і першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі лічыць, што ня царская гэта справа — мову рэфармаваць. І ён ня ведае такой практыкі ў іншых краінах.
“Можа, нейкі там закон і трэба прыняць, але гэта павінны прымаць вучоныя. Вучоныя павінны дыскутаваць, раіцца з грамадзкасьцю, улічваць тэндэнцыі і, дапусьцім, нейкі там орган на ўзроўні міністэрства можа гэта зацьвердзіць. А проста парлямэнт проста наборам нейкіх галасоў, тое, што ў нас адбылося, — гэта ж нелягічна”.
Доктар філялёгіі прафэсар Генадзь Цыхун быў сябрам дзяржаўнай камісіі па рэформе правапісу пад кіраўніцтвам Ніла Гілевіча, якая існавала ў першай палове 90-х гадоў. Сябры яе тады, дарэчы, прыйшлі да высновы, што зьмены ў мову ўносіць у сучаснай сытуацыі ня трэба. Але як навуковец спадар Цыхун пільна сочыць за ўсімі цяперашнімі спробамі рэфармаваньня правапісу. Прыняты закон, на ягоную думку, ня ўтрымлівае паправак, якія істотна паўплываюць на сёньняшні правапісны варыянт. А мэты прыняцьця яго палягаюць не ў навуковай сфэры:
“Магчыма, ён скіраваны супроць ужываньня тарашкевіцы, але я думаю, што гэта да мовазнаўства ня мае непасрэдных адносін. Гэта нейкія гульні хутчэй бюракратычнага пляну, чым навуковага”.
Старшыня ж Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч быў уражаны тлумачэньнем Уладзімера Здановіча, старшыні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў. Паводле словаў дэпутата, неабходнасьць прыняцьця новых правілаў выклікана тым, што ранейшыя былі “ваенізаваныя і палітызаваныя”.
“Упершыню са слоў дэпутата Здановіча даведаўся аб тым, што наагул артаграфія і пунктуацыя можа быць ваенізаванай. Ваенізаванымі могуць быць толькі гультаяватыя выкладчыкі, якія прымушаюць вучыць гэтую артаграфію з дапамогай указак або лінеек. Насамрэч на сёньня трэба з усіх трыбунаў — і самых высокіх, і школьных, і ўнівэрсытэцкіх — гаварыць і заканадаўча ўзмацняць у першую чаргу не напісаньне беларускай мовы, а яе выжываньне”.
Некаторыя аналітыкі схільныя лічыць, што пераход сёлетняй восеньню тыднёвіка “Наша Ніва” з клясычнага на наркамаўскі правапіс — гэта крок на апярэджаньне, які рэдакцыя вырашыла зрабіць, пакуль яшчэ не ўступіў у сілу новы Закон аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі. Вось што адказаў на гэты закід галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко:
“Не, гэта не зьвязана наўпрост з Законам аб мовах. Хутчэй - гэта быў такі момант ісьціны. Калі нас выпусьцілі ў “Белсаюздрук” і “Белпошту”, мы прынялі рашэньне арыентавацца на максымальна шырокую аўдыторыю. Бо невядома, ці надоўга незалежныя газэты ў такім шырокім распаўсюдзе знаходзяцца, ці ненадоўга, аднак за гэты час мы мусім заваяваць максымальна шырокую аўдыторыю. Гэтым найперш быў абумоўлены пераход “Нашай Нівы” на школьны правапіс. Уся статыстыка пра дынаміку гэтага працэсу знаходзіцца на апошняй старонцы, там, дзе пазначаная лічба накладу. Чытачы могуць пабачыць, што яна станоўчая. Наклад апошняга нумару 5237, а быў 2239”.
Год адзначыўся далейшым скарачэньнем беларускамоўнага школьніцтва, выцясьненьнем роднае мовы з экранаў тэлебачаньня і старонак афіцыйных газэт, зарэгістраваных як дзьвюхмоўныя. Пра тое, як улада дбае пра захаваньне роднае мовы, сьведчыць той факт, што ніводзін са ста васямнаццаці афіцыйных сайтаў райвыканкамаў ня мае беларускамоўнае вэрсіі. Беларускую старонку мае толькі адзін з шасьці сайтаў аблвыканкамаў — Гарадзенскі. І з усіх шасьці абласных цэнтраў толькі ў Магілёве гарадзкое кіраўніцтва парупілася пра стварэньне беларускай старонкі афіцыйнага сайту.
У гэтым шэрагу і фармулёўкі пра родную мову ў апытальным блянку перапісу насельніцтва, які мае адбыцца ў наступным годзе. Блянк надрукаваны па-расейску. Вось што сказаў з гэтай нагоды Вінцук Вячорка на нядаўнім круглым стале “Абарона беларускай мовы і маніторынг перапісу 2009 году”:
“Аказваецца, гаворка ідзе не пра родную мову, а пра мову, на якой з вамі гаварылі ў раньнім дзяцінстве. Гэта іншае паняцьце. Многія людзі ў нашай урбанізаванай краіне нараджаліся і расьлі ў сем’ях, якія ўжо былі расейскамоўнымі, але яны адчуваюць беларускую мову як каштоўнасьць. Многія ў падлеткавым ці сталым узросьце сталі беларускамоўнымі, перакінуўшы масток як бы да папярэдніх пакаленьняў, хутчэй да сваіх дзядоў і бабуляў. Для іх беларуская мова, бясспрэчна, родная. У новай фармулёўцы, якая прапануецца, на жаль, права гэтых людзей на каштоўнасны выбар мовы ігнаруецца”.
Даючы ж агульную ацэнку моўнай сытуацыі за прамінулы год, старшыня ТБМ Алег Трусаў знайшоў шмат зрухаў да лепшага.
“Па-першае, прынятая палепшаная вэрсія Закону аб правапісе. Усё-ткі мы правялі абмеркаваньне і дамагліся пэўных зьменаў у яго. Пры ўсіх нюансах — гэта добра.
Другое, што дамагліся захаваньня выкладаньня беларускай прафэсійнай лексыкі ва ўсіх унівэрсытэтах. Гэта каштавала нам пэўных намаганьняў, аднак вынік вельмі добры.
Павялічылася колькасьць беларускай мовы ў рэкляме.
Вось сёньня еду ў мэтро і чую віншаваньне з Калядамі ад імя менскіх гарадзкіх уладаў, Міхаіла Паўлава — па-беларуску. Раней было па-расейску. Так што ў цэлым у параўнаньні з 2007-м годам сёлетні год для беларускай мовы быў крышачку лепшы”.