Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапіс і мова: родная ці першая лепшая?


18 сьнежня навукоўцы, палітыкі і грамадзкія дзеячы правялі круглы стол пад назвай “Абарона беларускай мовы і маніторынг перапісу 2009 года”. Створаная працоўная група, якая будзе на розных узроўнях дамагацца ўнясеньня зьменаў у Закон аб мовах. Яшчэ адна працоўная група будзе намагацца, каб падрыхтоўка і перапіс насельніцтва прайшлі ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў расказаў, што 6 сьнежня ТБМ накіравала лісты ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў, каб 21 лютага ў Беларусі адзначалі як сьвята роднай мовы.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі прызначыў сустрэчу на 5 студзеня, каб абмеркаваць гэтае пытаньне.

Алег Трусаў лічыць неабходным тлумачыць людзям, што галоўнае карыстацца беларускай мовай. Нават калі прапануюць запоўніць анкету, тэкст якой надрукаваны па-расейску, пісаць па-беларуску.

Вінцук Вячорка прапанаваў праекты ўхвалаў Круглага стала. У іх у прыватнасьці прапануецца, каб да ўкладаньня праекту Закону пра абарону і падтрымку беларускай мовы яна разглядалася як культурная каштоўнасьць і фактар нацыянальнай бясьпекі краіны, гарантыя этнакультурнай і гістарычнай пэрспэктывы беларускай нацыі ды чыньнік кансалідацыі беларускай дыяспары.

Навукоўцы і палітыкі, сярод якіх былі Лявон Баршчэўскі, Пётра Садоўскі, Андрэй Вардамацкі, Іван Саверчанка, Віктар Івашкевіч ды іншыя, выказвалі свае меркаваньні наконт падрыхтоўкі і правядзеньня моўнай часткі перапісу насельніцтва 2009 г..

Вінцук Вячорка прывёў прыклады пытаньняў у часе перапісаў пра выкарыстаньне мовы ў Бэльгіі, Люксембургу, Нарвэгіі, Ізраілі, Грэцыі, ЗША, Сэрбіі, Польшчы ды Ірляндыі.

Удзельнікі круглага стала выказалі свае заўвагі наконт зьместу перапіснога лісту, які будуць прапаноўваць запоўніць грамадзянам Беларусі. У прыватнасьці дыскусію выклікаў 10 пункт, у якім на пытаньне: “Ваша родная мова” у дужках удакладняецца — мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве.

Гаворыць Вінцук Вячорка: “Цяпер фармулёўка зьмяняецца. Аказваецца гаворка ідзе не пра родную мову, а пра мову, на якой з вамі гаварылі ў раньнім дзяцінстве. Гэта іншае паняцьце. Многія людзі ў нашай урбанізаванай краіне нараджаліся і расьлі ў сем’ях, якія ўжо былі рускамоўнымі, але яны адчуваюць беларускую мову як каштоўнасьць. Многія ў падлеткавым ці ў сталым узросьце сталі беларускамоўнымі, перакінуўшы масток як бы да папярэдніх пакаленьняў, хутчэй да сваіх дзядоў і бабуляў. Для іх беларуская мова, бясспрэчна, родная.

У новай фармулёўцы, якая прапануецца, на жаль, права гэтых людзей на каштоўнасны выбар мовы ігнаруецца“.

Сам перапісны ліст надрукаваны на расейскай мове. Удзельнікі круглага стала адзначылі, што важнае значэньне мае і тое, на якой мове будуць зьвяртацца да людзей лічыльнікі.

Працоўная група будзе сустракацца з чыноўнікамі і зьвяртацца ў кампэтэнтныя структуры, каб дапрацаваць перапісны ліст і ўдасканаліць саму працэдуру моўнай часткі перапісу насельніцтва.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG