Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нявечыцца драўляная царква XVII стагодзьдзя


Радыё Свабода рэгулярна расказвае пра шматлікія факты руйнаваньня і зьнішчэньня архітэктурнай спадчыны. І выглядае, што сытуацыя ў Беларусі з аховай помнікаў не паляпшаецца. Днямі стала вядома пра пагрозу, якая навісла над Спаса-Праабражэнскай царквой у мястэчку Порплішча, што ў Докшыцкім раёне.

Выгляд царквы да «рамонту». Фота Канстанціна Шастоўскага.

Мястэчка Порплішча расьсякае аўтамабільная шаша Глыбокае — Докшыцы. Нават праяжджаючы круты паварот, абавязкова кідаеш позірк на ўнікальны будынак Спаса-Праабражэнскай царквы — помнік драўлянага дойлідзтва першай паловы XVII стагодзьдзя. Гэтым разам дух захапіла не ад прыгажосьці старадаўняй архітэктуры, а да таго, што царква пачала мяняць сваё аблічча. Зьявіўся на сьценах сайдынг, на купалах — бляха, інакш выглядае ганак. Міраж?..

Празь дзень забіў трывогу глыбоцкі краязнаўца Уладзімер Скрабатун, які, пачуўшы на глыбоцкім кірмашы, што людзі зьбіраюць на рамонт храма грошы, паехаў паглядзець на той рамонт. Убачыў, зрабіў здымак і даслаў на Свабоду.

Старажытную царву аббіваюць сайдынгам. Зруйнаваны аўтэнтычны ганак.
Фота Ўладзімера Скрабатуна.

На чыю ініцыятыву так перабудоўваецца ўнікальнай каштоўнасьці помнік дойлідзтва? Чаму такія перабудовы, калі мяняецца зьнешні выгляд храмаў, паўтараюцца раз за разам? Вось жа яшчэ застаецца адкрытым пытаньне з падобным аднаўленьнем храму ў Клецку. Натуральна, найперш я патэлефанаваў у Міністэрства культуры. Для адказнага супрацоўніка Ігара Чарняўскага рэстаўрацыя Порплішчанскай царквы стала нечаканай навіной. Дамовіліся, што ён паспрабуе высьветліць, што ж там адбываецца? Праз нейкі час я набраў Ігара Чарняўскага, і вось запіс нашай размовы,

Ігар Чарняўскі: “Дазволаў ніякіх мы не давалі. Зараз мы ўжо выйшлі на Віцебскі аблвыканкам. У раёне ніхто не падняў слухаўку, можа, абед, ці што. Адначасна будзем уступаць у кантакт з Докшыцкім райвыканкамам, калі там сапраўды так. Нам пажадана, каб хтосьці пісьмова паслаў нам інфармацыю. Вось мы зробім прадпісаньне, а раптам там нешта ня так? Нам на нешта трэба абаперціся, што там сапраўды нешта такое адбываецца. Хаця мы і так цяпер будзем захады рабіць, каб разабрацца ў сытуацыі.

Так выглядае цяпер Сьвята-Васкрасенская царква ў Клецку (былы касьцёл дамініканцаў)
Карэспандэнт: “А як выглядае цяпер сытуацыя з Клецкім касьцёлам, вонкавы выгляд якога таксама зьмянілі, дабудаваўшы купал-цыбуліну?”

Чарняўскі: “Гэта былы касьцёл, які перадалі праваслаўным. Цяпер гэта царква. Мы накіравалі ў Клецкі райвыканкам ліст, каб яны забілі захады, па-першае, для распрацоўкі дакумэнтацыі, і па-другое, па прыцягненьні да адміністратыўнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства. Гэта для пачатку, а далей паглядзім, як будуць падзеі разьвівацца”.

Пра гэтак званы рамонт Спаса-Прэабражэнскай царквы ў Порплішчы ад таго ж краязнаўцы Уладзімера Скрабатуна ўжо ведаў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Антон Астаповіч: “У мяне ўжо ўсе дакумэнты на руках. Рыхтую лісты ў Міністэрства культуры, і ў пракуратуру. Зьмена зьнешняга выгляду гісторыка-культурнай каштоўнасьці — гэта грубае парушэньне заканадаўства і нават трапляе пад артыкул 344-ы Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Я магу вам сказаць на прыкладзе Клецкага касьцёла, што гэта хутчэй за ўсё самадзейнасьць, мясцовая, якая ідзе ад прыходу і ад сьвятара. І гэта робіцца пры патаканьні мясцовай адміністрацыі. Бо кампэтэнцыя мясцовай адміністрацыі ў тым, што калі яна ўсё гэта пабачыць, забараніць гэта рабіць. А ўсе ўзгадненьні адносна працаў на гісторыка-культурных каштоўнасьцяў любой катэгорыі павінны, паводле нашага заканадаўства, узгадняцца ў міністэрстве культуры. Хай сабе абабілі царкву сайдынгам, гэта можна было б лёгка выправіць, бо гэты матэрыял лёгка мацуецца і лёгка здымаецца. А вы зьвярнулі ўвагу, што яны зрабілі з ганкам? Ганкавы порцік яны паставілі на чатырохкутныя слупы з сылікатнай цэглы. Унесеныя арганічныя зьмены, якія нельга выправіць”.

Так, Міністэрства культуры не давала дазволу. Але ж міністэрства культуры нічога ня зробіць, каб гэты гвалт спыніць. Я яшчэ ня ведаю ніводнага выпадку, каб гэты дзяржаўны орган, які абавязаны адсочваць выкананьне закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, хоць адзін раз зьвярнуўся ў пракуратуру аб узбуджэньні крымінальнай ці хоць бы адміністратыўнай справы супраць парушальнікаў заканадаўства, калі гэтымі парушальнікамі зьяўляюцца дзяржаўныя органы ці блізкія да іх структуры. Ніколі”.

Сьпіс зьнявечаных апошнімі гадамі храмаў працягвае гісторык, археоляг Сяргей Тарасаў. Ён бачыць у нявечаньні гісторыка-культурных каштоўнасьцяў устойлівую тэндэнцыю. Але чаму, нягледзячы на заканадаўства, гэта адбываецца?

Сяргей Тарасаў
: “Тое, што адбываецца з храмамі, пераважна праваслаўнымі, на вялікі жаль, гэта — самаўладзтва, якое не зважае ні на архітэктурныя, ні на нацыянальныя традыцыі, якія тут існавалі спрадвеку. Адным з такіх прыкладаў можна лічыць гэтак званую рэстаўрацыю ў Полацку Спаса-Эўфрасінеўскага манастыра, калі, прыкладам, барочны купал над уязной званіцай сьвятар, які прыехаў з Расеі, на праекце, ужо зацьверджаным у міністэрстве культуры, аловачкам узяў і намаляваў сваю цыбуліну. Гэтую цыбуліну і паставілі. Яшчэ прыклад. Ня так даўно ўзялі і пазалацілі купал на Спаса-Прэабражэнскай царкве, Эўфрасінеўскай царкве, чаго ніколі не было. Дзіўныя рэчы адбываюцца ў нашай краіне, калі дамінуе не прафэсійны падыход, а валюнтарысцкія мэтады, пажаданьні і ўяўленьні асобных дзеячаў аб тым, як яно павінна быць. Вось з гэтага мы і маем сёньняшняе Траецкае прадмесьце ў Менску. З гэтай жа прычыны мы маем і абсалютна недарэчную гадзіньнікавую вежу ў Нясьвіжы. Баюся, што гэтыя наступствы будуць працягвацца”.

Карэспандэнт: “А якое выйсьце з гэтай сытуацыі ты бачыш?”

Тарасаў: “Выйсьце, як ні дзіўна, вельмі простае. Дастаткова было б прытрымлівацца той заканадаўчай базы, якая ў нас ёсьць. Напэўна, ёсьць нейкія інтарэсы, можа, у тым ліку, і фінансавыя, грашовыя. А можа, ёсьць проста інтарэсы, мякка кажучы, невукаў ад гісторыі і культуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG