Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Xачу папрасіць амэрыканскага прэзыдэнта, каб нас пасяліў да сябе"


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 5 кастрычніка, сераду.


У Злучаных Штатах Амэрыкі адбыліся выбары прэзыдэнта краіны. У выніку 44-м прэзыдэнтам ЗША стаў сэнатар-дэмакрат Барак Абама. Выказваньні слухачоў “Свабоды”:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Амэрыка — вялікая краіна ня толькі па сваёй тэрыторыі, але і па тых добрых справах, якія яна робіць для станаўленьня чалавечай цывілізацыі ва ўсім сьвеце. Абранаму прэзыдэнту ЗША на выбарах 2008 году я жадаю моцнага здароўя, актыўнай творчай дзейнасьці на ягонай пасадзе. І няхай паміж нашымі краінамі разьвіваюцца сяброўскія, эканамічныя і культурна-асьветніцкія сувязі. Мір дому твайму, Амэрыка!”

Спадарыня: “Прэзыдэнт ЗША — цемнаскуры. Сьвет зьмяняецца да лепшага. Бог, адзіны наш Бог, адзіны на ўсіх, ёсьць. І жыве Амэрыка, у якую так верылі нашы продкі, паважалі, чакалі ад яе дапамогі. І так верыў у яе мой дзед!”

Спадар:

“Іншая колькасьць людзей казала прама:
Прэзыдэнтам ЗША будзе Абама.
Ён на 23 гады маладзей, шустрэй і практычней.
Ёсьць надзея, яго адносіны да людзей
Далёкай сінявокай Беларусі стануць бліжэй і дэмакратычней”.


Уладзімер Тарасюк, Берасьце: “Вось у ЗША праходзяць выбары — гэта сапраўдныя выбары, а ня тое, што ў Беларусі ды Расеі, дзе яны праходзяць, як спэктакль, фарс пад назвай “Выбары, ці Прызначэньне на ўладу”.

Спадар: “Калі ласка, патлумачце, як вядзецца падлік галасоў у ЗША. Ці прысутнічаюць прадстаўнікі іншых кандыдатаў пры падліку галасоў з правам праверкі? Дзякуй”.

На пытаньне адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

“У ЗША падлік галасоў вядзецца электроннымі сродкамі. Таму ніякіх назіральнікаў ад кандыдатаў не патрабуецца. Магчыма, што яны там і прысутнічаюць, але гэта прынцыпова іншы падыход, і тут вельмі цяжка нейкім чынам схлусіць”.

Што б вы параілі новаму прэзыдэнту ЗША зрабіць у дачыненьні да Беларусі? На гэтае пытаньне Радыё Свабода прапанавала адказаць розным асобам, у тым ліку і слухачам нашага радыё. Тэлефанаваньні на гэтую тэму:

Спадар: “Вітаю вас, шаноўнае Радыё Свабода! Хачу праз Радыё Свабода зьвярнуцца да абранага прэзыдэнта ЗША. Паважаны спадар прэзыдэнт, для Беларусі жадаю, каб вы прыехалі да нас, у родную Беларусь, паглядзелі на свае вочы, як мы жывем, як мы працуем, і каб глядзелі на нас вачыма простага беларуса”.

Спадарыня: “Я хачу папрасіць амэрыканскага прэзыдэнта новага, каб нас пасяліў да сябе і памагаў нам з Расеяй справіцца, каб Расея да нас ня мела ніякага дачыненьня”.

Спадар: “Хачу пажадаць прэзыдэнту ЗША адмяніць візавы рэжым зь Беларусьсю. Тады, на маю думку, хутчэй пойдзе працэс дэмакратызацыі ў краіне”.

Працягваем праграму выказваньнем на іншую тэму :

Мікалай: “Пасьля Дзядоў і ўшанаваньня памяці расстраляных бальшавікамі ў Курапатах і іншых месцах Беларусі, амаль праз тыдзень, 7 лістапада, у дзяржаўным календары пазначана сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, у выніку якой бальшавікамі былі зьнішчаны мільёны людзей. І ўзьнікае пытаньне: каму патрэбна такое чырвонае крывавае сьвята?”

На пытаньне адказвае дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузьняцоў:

“Пытаньне: каму патрэбна — зразумела, нам гэта не патрэбна. І нават ва ўсіх нашых суседніх краінах — пасьлясавецкіх, як мы кажам, — у ніводнай краіне дзень 7 лістапада не адзначаецца як дзень Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі. Гэтая дата адзначаецца толькі ў нас. Але ў зьвязку з тым, што дата 29 кастрычніка, якую летась грамадзкасьць абвясьціла як дзень памяці ахвяраў рэпрэсій, дзяржава адхіліла, то ў гэтым выпадку неабходны зварот, каб 7 лістапада абвясьціць днём памяці ўсіх, хто загінуў у гады савецкай улады. І гэта будзе слушна”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG