Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Вайтовіч: “Мне шкада Сяргея Абламейку”


Сяргей Абламейка, фота bsu.by
Пры канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ім стаў прафэсар, доктар навук Сяргей Абламейка. Да гэтага ён працаваў генэральным дырэктарам Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі Нацыянальнай Акадэміі навук. Як навукоўцы ацэньваюць новае прызначэньне?

Экс-прэзыдэнт Нацыянальнай Акадэміі навук прафэсар Аляксандар Вайтовіч добра ведае новапрызначанага рэктара БДУ па навуковай працы:

“Выдатны вучоны і выдатны чалавек. Як навуковец ён займаўся апрацоўкай інфармацыі, ён займаўся распазнаваньнем вобразаў — да прыкладу, робіцца фатаграфія з космасу, а трэба па ёй вобраз распазнаць, — займаўся апрацоўкай матэматычнай. Ён вельмі добры спэцыяліст, які займаўся надзвычай сучаснымі напрамкамі. І мне вельмі шкада, што такога спэцыяліста адарвалі ад той працы, у якой ён надзвычай высокакваліфікаваны спэцыяліст. І навука губляе такога чалавека”.

Прафэсар Аляксандар Тузікаў шэсьць гадоў працаваў намесьнікам у Сяргея Абламейкі, які з 2002 году быў генэральным дырэктарам Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі:

“І як чалавек, і як навукоўца ён здолеў у нашым інстытуце захаваць традыцыі і разьвіць іх далей. Канечне, такога чалавека нам шкада страчваць. Але мы разумеем, што новая праца ў яго вельмі адказная, складаная. Мы за яго рады, але інстытуту вельмі шкада”.

Прызначаючы новага рэктара, Аляксандар Лукашэнка сказаў, што “хацелася б большай эфэктыўнасьці ў БДУ. Унівэрсытэт сам павінен зарабляць грошы, у тым ліку і вытворчасьцю канкрэтнай прадукцыі”.

Былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін першым пачаў ставіць ВНУ, так бы мовіць, на камэрцыйныя рэйкі. Ён мяркуе, што ў любым выпадку прызначэньне Сяргея Абламейкі — гэта рух наперад.

“Тое, што прызнаюць, што ўнівэрсытэт павінен умець самастойна
Але звычайна рэктар унівэрсытэту — унівэрсытэцкі чалавек.
зарабляць грошы — дык гэта тая лінія, якую мы праводзілі заўсёды. Канечне, трэба ўмець інтэлектам зарабляць грошы. Гэта той навукаёмісты складнік, які заўсёды павінен быць у цэнтры ўвагі. Але звычайна рэктар унівэрсытэту — унівэрсытэцкі чалавек. Сяргей Абламейка сапраўды карыстаецца аўтарытэтам, вялікай павагай у навуковым асяродзьдзі, але яму будзе дастаткова складана працаваць у якасьці рэктара. Але жыцьцё пакажа…”

Тое, што спадару Абламейку на новай пасадзе лёгка ня будзе, перакананы і прафэсар Аляксандар Вайтовіч:

“Я лічу, што гэтае кадравае рашэньне — зусім дрэннае. Таму што гэты чалавек не працаваў у ВНУ. Яму давядзецца 10 гадоў асвойвацца, каб самастойна, з разуменьнем справы прымаць рашэньні. Мне шкада гэтага чалавека. Бо ён не гаспадарнік і ня мэнэджэр. Ён навуковец. Гэта, дарэчы, пытаньне інавацыйнага працэсу і мэнэджмэнту, якое ў краіне вырашаецца, на мой погляд, не такім чынам, як трэба”.



Сяргей Абламейка нарадзіўся ў 1956 годзе. Скончыў матэматычны факультэт БДУ. З 1978 году працаваў у Інстытуце тэхнічнай кібэрнэтыкі, які ў 2002 г. стаў Аб’яднаным інстытутам праблем інфарматыкі. У 26 гадоў абараніў кандыдацкую, у 34 — доктарскую дысэртацыю. Апублікаваў больш за 350 навуковых працаў, у тым ліку 11 манаграфій. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, шматлікіх прэстыжных навуковых прэміяў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG