Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аказваецца, нашу прадукцыю ня хочуць купляць”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 27 кастрычніка, панядзелак.


30 кастрычніка спаўняецца 20 гадоў першай масавай акцыі да Дня памяці продкаў “Дзяды”. Сёлетняе шэсьце на “Дзяды” партыя БНФ прапаноўвае распачаць зь месца гістарычнай падзеі — Усходніх могілак Менску, а Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ — з традыцыйнага месца збору – пляцоўкі ля менскага гадзіньнікавага заводу. Камэнтары слухачоў:

Людміла, Менск: “Набліжаюцца Дзяды. Сёлета іх арганізуюць дзьве партыі. Чула, як у званках на радыё гучалі прапановы адзначыць Дзяды разам. На жаль, кіраўнікі КХП БНФ на супольных мерапрыемствах не даюць слова ні Вячорку, ні Баршчэўскаму, ні камусьці яшчэ з партыі БНФ. Як магчыма з такімі кіраўнікамі штосьці рабіць разам?”

Валянціна, Менск: “Шкада, што дзьве партыі БНФ не знайшлі паразуменьня наконт правядзеньня Дзядоў. У 1988 годзе мы працавалі ў Сыбіры. Да нас дайшлі зьвесткі, што будзе праводзіцца мерапрыемства на Дзяды. Гэтыя зьвесткі нас, беларусаў, аб’ядналі, мы зьбіраліся разам і дзяліліся сваімі навінамі. Нават радыё і тэлебачаньне Сургута і Цюмені перадавалі пра гэтую падзею. У той час мы былі разам зь Беларусьсю”.

Далей пытаньне на адрас апазыцыі:

Сяргей Ладнюк, Менск: “Чаму партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя вельмі марудна прымаюць у свае шэрагі? Я напісаў заяву і туды і туды ў сярэдзіне верасьня, але дагэтуль да мяне ніхто не зьвярнуўся і не патэлефанаваў”.

На пытаньне адказваюць намесьнік старшыні партыі БНФ Уладзімер Лабковіч і кіраўнік выканкаму Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык:

Уладзімер Лабковіч: “Мы разгледзім гэтае пытаньне бліжэйшым часам, і з чалавекам зьвяжуцца. Але ж хачу адзначыць, што паводле дзейнага заканадаўства грамадзянін Беларусі ня можа быць сябрам дзьвюх палітычных партый. Таму паважанаму спадару трэба вызначыцца, чыя пазыцыя яму бліжэйшая, і вырашыць: ці ён будзе сябрам Партыі БНФ, ці АГП”.

Ігар Шынкарык: “Напісаць заяву — гэта яшчэ нічога практычна не зрабіць. І далёка ня ўсіх людзей мы прымаем у партыю. Калі чалавек адпавядае нейкім нашым крытэрыям, то прыём у партыю адбываецца на сходзе Менскай гарадзкой арганізацыі АГП”.

У наступным тэлефанаваньні слухач задае яшчэ адно пытаньне:

Яська з-пад Вільні: “Чаму згуртаваньне “Бацькаўшчына” маўчыць пра карту суайчыньнікаў, у якой маюць неабходнасьць беларусы зь Літвы і Латвіі, якім цяжка наведаць сваіх нямоглых бацькоў?”

Адказвае старшыня рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская:

“Пачынаючы з 2002 году, “Бацькаўшчына” рэгулярна ставіць гэтае пытаньне перад выканаўчымі ўладамі. І ўсе прапановы наконт гэтага намі зробленыя і накіраваныя ў адпаведныя структуры. Мы самі не зьяўляемся выканаўчым органам краіны, і прыняць гэтае рашэньне ці прысьпешыць яго мы ня можам”.

Працягваем праграму СМС-паведамленьнем: “Жудасна становіцца ад таго, што робіць з намі антыбеларуская ўлада. Таму дзякуй вам вялікі за вандроўку у Жодзішкі. Проста бальзам на сэрца. Лявон”.

І далей — выказваньні на розныя тэмы:

Спадар: “Нядаўна, каб абгрунтаваць павышэньне цэн на прадукты і іншыя рэчы, эканаміст Лукашэнка заявіў: “Кал мы ня будзем павышаць цэны, то ўсё ў нас раскупяць”. Аказваецца, нашу прадукцыю ня хочуць купляць”.

Спадар:

“У гета зьнікла 100 тысяч габрэяў.
Фашыст іх забіў.
А што бальшавізм рабіў?
Колькі ён беларусаў у ГУЛАГах палажыў!”

Ільля Копыл: “Некаторыя слухачы павучаюць апазыцыю, што трэба размаўляць з народам, як гэта ўмее Аляксандар Рыгоравіч. Размаўляць беларуская апазыцыя ўмее, толькі няма каму слухаць. У нас пакуль што народу няма, ёсьць насельніцтва, запалоханае чыноўнікамі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG