Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода прэсы: Беларусь сярод апошніх


Беларусь заняла 154 месца сярод 173 ў рэйтынгу свабоды СМІ за 2008 год.


Гэты рэйтынг штогод вызначае ў Парыжы міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў". Справаздачы арганізацыі рыхтуюцца ў цесным супрацоўніцтве з незалежнымі журналісцкімі арганізацыямі многіх краін сьвету.

Паводле экспэртаў арганізацыі, у параўнаньні з 2007 годам сытуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі не палепшылася. Сёлетняя 154-я пазыцыя Беларусі яшчэ больш нізкая за леташнюю, калі краіна была на 151-м месцы. Разам з такімі постсавецкімі краінамі як Узбэкістан (162-е месца) і Туркмэністанам (171-е) Беларусь увайшла ў апошнюю дваццатку рэйтынгу. Самыя ж апошнія месцы ў рэйтынгу занялі Паўднёвая Карэя ды Эрытрэя.
У справаздачы адзначаецца, што беларускія улады, якія маюць выключную манаполію на электронныя СМІ, працягваюць ціснуць на незалежныя друкаваныя ды Інтэрнэт-выданьні.

Міжнародная журналісцкая праваабарончая арганізацыя выказвае шкадаваньне ў сувязі з тым, што Рада правоў чалавека ААН вырашыла сёлета не аднаўляць мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі, нават улічваючы тое, што Беларусь не была абраная ў гэты орган ААН у зьвязку зь яе “жахлівым стаўленьнем да правоў чалавека і СМІ”. Як канстатуюць “Рэпартэры бязь межаў”, беларуская дзяржава цісьне на СМІ самымі рознымі мэтадамі, уключна з фінансавымі. Экспэрты адзначаюць, што сёлета беларускія парлямэнтары адкінулі прапанову БАЖ адносна перагляду новага Закону аб СМІ, які толькі павялічыць і без таго вялікі ціск на прэсу ў Беларусі. Дарэчы, дэмакратызацыя гэтага закону ставіцца як адна з асноўных умоваў “невяртаньня” візавых санкцыяў для кіраўніцтва Беларусі.
У справаздачы арганізацыі прыводзяцца факты гэтак званых прэвэнтыўных арыштаў і затрыманьняў беларускіх і замежных журналістаў, якія асьвятляюць розныя дэмакратычныя акцыі. У якасьці прыкладаў прыводзяцца факты затрыманьняў фотакарэспандэнтаў агенцыяў Франс-Прэс, Ройтэр, Радыё Рацыя, газэты “Наша Ніва” ды іншых. Разам зь Туркмэністанам, Узбэкістанам, Кітаем, Кубай, Паўночнай Карэяй ды іншымі Беларусь, паводле “Рэпартэраў бязь межаў” уваходзіць у пералік краінаў, якія цьснуць на Інтэрнэт.
Write Your Quote Here ...
Як гаворыцца ў справаздачы, “праз фірму-манапаліста Белтэлеком, беларускі рэжым устанавіў манаполію на доступ у інтэрнэт”. У дакумэнце прыводзяцца факты закрыцьця інтэрнэт-кавярняў. Таксама цытуюцца выказваньні прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў часе яго наведаньня рэдакцыі газэты “Советская Белорусси». Беларускі кіраўнік тады адзначыў, што пакладзе канец анархіі ў Інтэрнэце і не дазволіць вялікаму тэхнічнаму дасягненьню чалавецтва стаць “калектарам навінаў.”
Як вынікае са справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”, самыя высокую пазыцыю сярод былых савецкіх рэспублік займае Латвія. Разам з шэрагам эўрапейскіх краінаў яна падзяляе 7-е месца. Украіна знаходзіцца на 87-м. У параўнаньні зь мінулагоднім рэйтынгам на прыступку ніжэй апусьцілася Расея. Цяпер яна займае 141-ю, аднак, тым ня менш, больш высокую пазыцыю за Беларусь пазыцыю.
Паводле “Рэпартэраў бязь межаў”, істотнае пагаршэньне ў галіне свабоды СМІ адзначаецца і на Каўказе. Больш нізкія пазыцыі ў параўнаньні з леташнім перыядам, аднак больш высокія ў параўнаньні з пазыцыяй Беларусі, занялі Арменія(102-е) і Грузія(120-е). Адзначаецца, што шэраг журналістаў сталі ахвярамі грузіна-асэтынскага канфлікту.
Самая лепшая сытуацыя ў галіне свабоды мэдыя назіраецца ў Ісьляндыі, Люксэмбургу і Нарвегіі, гаворыцца ў справаздачы “Рэпартэраў бязь межаў”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG