Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 11 гадоў у Беларусі расстралялі больш за 160 чалавек


10 кастрычніка ў Эўропе адзначаюць дзень супроць сьмяротнага пакараньня. Беларусь засталася адзінай у Эўропе краінай, дзе сьмяротнае пакараньне не адмененае і досыць часта ўжываецца. Ці можа Беларусь у хуткім часе адмовіцца ад гэтага віду пакараньня?


На пачатку году ў Беларусі былі выкананыя сьмяротныя прысуды тром лідэрам гэтак званай “марозаўскай групоўкі”: Сяргею Марозаву, Валеру Гарбатаму і Ігару Данчанку. Іх абвінавацілі ў крадзяжах, рэкеце і забойствах. Вядома, што асуджаныя зьвярталіся з просьбамі аб памілаваньні да Аляксандра Лукашэнкі, але ім было адмоўлена.

6 кастрычніка прыйшло паведамленьне пра яшчэ адну сьмяротную кару. Быў выкананы прысуд Гомельскага абласнога суду адносна жыхара Гомелю Паўла Ленага, якога прызналі вінаватым у згвалтаваньні і забойстве дзевяцігадовага хлопчыка.

Стаўленьне грамадзян Беларусі да сьмяротнага пакараньня супярэчлівае. Паводле афіцыйных зьвестак, на рэфэрэндуме 1996 году супроць адмены сьмяротнай кары выказаліся 80% удзельнікаў апытаньня. Звычайна за такія жорсткія захады рашуча выступаюць сваякі пацярпелых. “Ён ня варты жыцьця, мне б было цяжка жыць, калі б я ведала, што ён недзе яшчэ жывы”, — гэтыя словы Натальлі Маладзецкай, маці забітага ў Гомелі хлопчыка, цытавалі мэдыі пасьля суду над Паўлам Леным.

Між тым, у Беларусі людзі часта скардзяцца на негуманныя, надзвычай жорсткія парадкі ў турмах. Вядомы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі перакананы, што паміж гэтымі парадкамі і тым, што ў краіне захаваная сьмяротнае пакараньне, існуе выразная сувязь.

Алесь Бяляцкі
“Перакананы, калі б у нас была прыпыненая сьмяротная кара, больш гуманнымі сталі б і ўмовы ў турмах. Гэта пэўны сымбаль. Як сьцяг, як герб, сьмяротная кара таксама застаецца сымбалем савецкай сыстэмы. Беларусь на ўсёй прасторы эўрапейска-азіяцкай засталася адзінай краінай, дзе захавалася сьмяротная кара. Нават Узбэкістан з гэтага году абвясьціў мараторый”.

9 кастрычніка Эўрапарлямэнт у сваёй рэзалюцыі па Беларусі зноў заклікаў ўлады краіны прыпыніць дзеяньне сьмяротнай кары. Ці можа беларускі ўрад прыслухацца да гэтых заклікаў?

Мікола Статкевіч, адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў, такога павароту не выключае:

Мікола Статкевіч
“Могуць, бо адмена сьмяротнага пакараньня не пагражае стабільнасьці сёньняшняй улады. Асноўная матывацыя для гэтых людзей — не правы чалавека ці нацыянальныя інтарэсы, а захаваньне сябе пры ўладзе. А небясьпечных злачынцаў ці палітычных канкурэнтаў яны могуць проста ізаляваць, і гэтага дастаткова. Канечне, сьмяротная кара больш адпавядае псыхалёгіі гэтых людзей, але калі прысьпічыць... Вось палітвязьняў вызвалілі, чаму не прыпыніць сьмяротнае пакараньне?”


Паводле афіцыйных зьвестак, з 1997 году ў Беларусі было выканана болей за 160 сьмяротных прысудаў. Вядома толькі пра аднаго асуджанага на сьмяротнае пакараньне, якога сваім указам памілаваў Аляксандр Лукашэнка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG