Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альбо галасуеуце “за”, альбо жывіце, як хочаце… <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”.

Вёску Азерцы для асьвятленьня выбарчай кампаніі ў 30-й Сеньненскай акрузе я абраў, натуральна, не з-за таго, што яна ўсяго за 10 км ад чыгуначнай станцыі. Тут найбуйнейшы ды найбагацейшы на Талачыншчыне кансэрвавы завод, дзе працуе 420 чалавек. Колькасьць дастатковая, каб кандыдатам у дэпутаты Нацыянальнага сходу быў вылучаны намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Папкоў. Мясцовыя ж кажуць, што моцна пацярпелі ад захопу прадпрыемствам палеткаў былога іхняга калгасу. І, такім чынам, зьяўляюцца патэнцыйным электаратам Сяргея Вазьняка, таксама зарэгістраванага кандыдата ад ПКБ па сьпісе Аб’яднаных дэмакратычных сіл, рэдактара газэты “Товарищ”. Кажуць, што Азерцы — найбольш канфрантацыйны на Талачыншчыне пункт палітычнага процістаяньня ўлады ды апазыцыі.


Дзяўчаты: “Ходзяць два аўтобусы… Адзін пэрыядычна ня ходзіць, і ты не пасьпяваеш…”

Так яшчэ а 7-й раніцы я ўбачыў, што тут жывуць у розных вымярэньнях. Навучэнкі 11 клясы, мясцовыя дзяўчаты Іна ды Оля чарговым разам нэрваваліся, ці патрапяць своечасова на заняткі ў райцэнтар. А насустрач, на завод, як заўжды — у час, праехаў аўтобус з працаўнікамі. Дый самі Азерцы ўжо не адпавядаюць свайму старажытнаму назову. Пра гэта мне паведаміў настаўнік гісторыі тутэйшай васьмігодкі Ўладзімір Вераб’ёў.

Вераб’ёў: “Тут было шмат невялікіх азёраў. Цяпер захавалася сажалка, якая была выкапана пры пані Гадзіцкай, маёнтак якой стаяў на тэрыторыі школы. Захаваўся падвал, дзе нашы запасы харчаваньня. А азерцы невядома куды падзеліся — мэліярацыя…”

У школе — адзін з двух пунктаў у вёсцы, дзе, паводле рашэньня выканкаму сельсавету, толькі й можна гутарыць з выбарцамі ды вывешваць агітацыйныя матэрыялы. Пра гэтае адмысловае рашэньне я пачуў ад сакратаркі, Людмілы Куляшовай.

Куляшова: “У камісіі 13 чалавек. Стэнды сфармаваныя — там інфармацыя па выбарах, каб людзі прыходзілі знаёміцца. У іншых месцах нельга…”

Карэспандэнт: “Якую яўку чакаеце?”

Куляшова: “97% у нас звычайна. Нам даюць транспарт — едзем з урнамі…”

Словы Людмілы Куляшовай камэнтуе кандыдат ад Кааліцыі дэмакратычных сіл Сяргей Вазьняк.



Вазьняк: “Я лічу, што мясцовыя ўлады парушаюць дух выбарчага кодэксу. У саміх Азерцах — адзін шчыт. Каб да яго падысьці, трэба прайсьці па пояс праз бур’яны. Прачытаць нічога немагчыма. Рашэньне адразае выбарцаў ад знаёмства з праграмай кандыдатаў. Каб кампанія прайшла ціха і спакойна…”

Доказы таго, што азярчане мала арыентуюцца ў выбарчай кампаніі, я атрымаў пры вулічных сустрэчах зь вяскоўцамі.

Карэспандэнт: “Вы галасаваць пойдзеце на выбары?”

Спадарства: “А за каго галасаваць?! Усё даражэе, а заробак на месцы… У нас балятуюцца 2 чалавекі аднекуль, мы іх ня ведаем. Чаму ніводнага з нашага Талачынскага раёна?.. Прыгожа гавораць, а як выбіраем, усё сабе хапаюць у кішэню… Ніводзін кандыдат не прыехаў да нас, не прадставіў праграмы, народу нічога не тлумачаць. Прыйдзецца пальцам ткнуць — во такая ерунда”.

Ізноў камэнтар Сяргея Вазьняка.

Вазьняк: “Мы выбіраем не мясцовы савет, а нацыянальны парлямэнт. Ён павінен вырашаць пытаньні нацыянальнага маштабу. Асабіста ж мяне ведаюць у рэгіёне праз газэту “Товарищ”. Апошнія 5 год мы добра тут распаўсюджваем яе. Калі хадзілі па вёсцы, як толькі прадстаўляюся, што галоўны рэдактар, шмат людзей з задавальненьнем знаёміліся са мной…”

У Азерцах каля 400 жыхароў працаздольнага ўзросту. Яшчэ тры гады таму тут быў калгас імя 18 партзьезду. 30 год яго ўзначальваў спадар Кірык, які, як сьведчаць, на працы дняваў і начаваў. Пасьля яго сыходу вёску далучылі да СВК “Каралькі”. Альберт Пятровіч жа моцна захварэў. У часе нашай сустрэчы давялося выключыць мікрафон — у суразмоўцы ад успамінаў навярнуліся сьлёзы ды падняўся ціск. Пра тое, што сталася з гаспадаркай пасьля сыходу Кірыка — успамінаюць 48-гадовы пастух Леанід Ярцаў ды Галіна Асіповіч, загадчыца адзінай, якая тут засталася, фэрмы на 310 кароў.



Спадарства: “Кірык як толькі сышоў, у нас за 10 год былі Цьвяткоў, Смуржынскі, Голікава, Дзенісевіч, Бобышаў, цяпер Шутаў — нас сьцерлі з аблічча зямлі! Тут і сьвіньні, і каровы, і цяляты былі. А цяпер — “нерэспэктабэльна-нерэнтабэльна”. Людзі паўсталі супраць запояў старшыні Бобышава. Фэрмы чаму закінутыя? Угалёўшчына — вады не было, дарагое ўтрыманьне — трактар чысьціць пастаянна пасылалі. Дроздава — утрыманьне кароў бяз прывязі. Палеткі сталі пад вінзавод забіраць — пад бульбу, сад, зерне… Сродкі ні ў што не ўкладаліся. На сходзе калгасьнікі прагаласавалі супраць аб’яднаньня. Але Марэйка, старшыня райвыканкаму, сказаў — “альбо галасуеце “за”, альбо жывіце, як хочаце”. Скарацілі, дакладней, выгналі ўсіх спэцыялістаў. Нікому не было выплачана ні капейкі…”

Я сустрэўся з калгасным вэтэранам, 69-гадовым Леанідам Савікам. За 41 год працы ён прайшоў у гаспадарцы шлях ад конюха да галоўнага інжынэра. Тое, як паводзяць сябе кіраўнікі СВК ды раённай вэртыкалі, Леанід Васільевіч называе “ўладнай сваволяй”. І — “асабістай зьнявагай”.

Савік: “З прыходам новай улады ніякай дапамогі. А мы прасілі толькі скасіць сена — сушылі і ўбіралі самі. Я тэлефанаваў старшыні Шутаву, а ён — “ня дам тэхнікі”. Так і засталіся з носам. А калі калгас разганялі, старшыня райвыканкаму сказаў пэнсіянэрам — “не турбуйцеся, будзе дапамога”. Тэлефаную Марэйку — “а кім працавалі ў калгасе?”Я — “21 год сябар праўленьня”. Ён на мяне панёс — “алькаголік, калгас прапіў і разрабаваў”. Кажу, вы мяне ня ведаеце, але дапамогу абяцалі — “а ці мала што казаў”. Кажу, зьвернемся ў адміністрацыю прэзыдэнта — “а хто вас, дурняў, будзе слухаць?!”

Ізноў слова спадарству — Галіне Асіповіч ды Леаніду Ярцаву.

Спадарства: “Цяпер недзе пасьвіць свае каровы — вінзавод усё забраў… У нас у адным статку 100 кароў было прыватных, у другім — 40. Цяпер засталіся ў Пісарэнкі дзьве, у Манькі Рак, у Валі і Марыны — 5 галоў… Парасят трымаюць, але мала… Калі хочаш здаваць малако, бяры вёдры, нясі да сельсавету. Раней на кані 11 флягаў стаяла…”

Карэспандэнт: “А завод выкупіў ці адміністрацыйным рашэньнем зямлю забраў?”

Спадарства: “А нас ніхто ў вядомасьць ня ставіў — палюбоўна, канечне. Лепшыя і блізкія землі былі аддадзеныя. А нам — непрадуктыўныя, на “чорных камянях”…”

Пасьля пачутага я ня мог не сустрэцца з дырэктарам кансэрвавага заводу Анатолем Анюхоўскім. Да таго ж ён — давераная асоба “вэртыкальнага” кандыдата Папкова. Апошні быў віцэ-прэм’ерам, што курыраваў сельскую гаспадарку краіны. Як высьветлілася, спадару Анюхоўскаму маштабнага мысьленьня таксама не займаць — крэдытныя мільярды ў часе размовы так і лёталі.



Анюхоўскі: “Наша прадпрыемства на 30% фармуе бюджэт раёну. Кожны другі рубель падаткаў — наш! У гэтым годзе за 8 месяцаў інвэставалі на 8 млрд. 200 млн. Набылі сушылку, зерневую тэхніку…”

Карэспандэнт: “А чаму ў талачынскіх калгасах бульбу перасталі сеяць?”

Анюхоўскі: “Бо культура патрабуе вялікіх капітальных укладаньняў у тэхніку, зямлю. Па валавых зборах у вобласьці кожная пятая тона бульбы — наша. У гэтым годзе будзе 17 тысяч тон. Заслуга Аляксандра Андрэевіча Папкова. Дзякуючы каму ж сёньня ідзе закладка садоў інтэнсіўнага тыпу? Дзякуючы не інстытуту-распрацоўшчыку, а наведваньню саду АТ “Арніка” прэзыдэнтам. Калі ён убачыў сад, і нам 115 мільёнаў пазыкі было дадзена…”

Напярэдадні афіцыйна прызначанай сустрэчы з азярчанамі кандыдат ад АДС Сяргей Вазьняк шчыльна адсочвае сытуацыю. Ён лічыць, што яго канкурэнт Папкоў, карыстаючыся службовым становішчам, купляе выбарцаў зь вінзаводу.

Вазьняк: “Самае дрэннае ў гэтай сытуацыі — ніхто не спытаўся ў жыхароў. Пачуўшы боль сваіх выбаршчыкаў, прыходжу да высновы, што асноўны тэзыс маёй праграмы правільны. Улада павінна знаходзіцца пад кантролем народу. Чыноўнікі ў нас не абіраюцца, а прызначаюцца. Яны сябе так нахабна і паводзяць. Мая прапанова — зьмяніць сыстэму ўлады. Чыноўнік — слуга, а не начальнік! 28-га трэба прагаласаваць за кандыдата, які будзе слухаць выбаршчыкаў. Трэба разабрацца з кожным фактам праз суд, ведамствы. Аднавіць парушаныя правы людзей — каб ім далі кампэнсацыю за зямлю. Вінзаводу трэба будзе пацясьніцца. Я зраблю гэта альбо як дэпутат, альбо як рэдактар газэты. Кансэрвавы завод вырабляе ў год 7 млн. тон напою, які ў народзе называюць “барматухай”. І тое, што Папкоў вырашыў вылучаць сваю кандыдатуру ад гэтага прадпрыемства, а дырэктар стаў яго даверанай асобай, я думаю, будзе перашкаджаць яму заваёўваць сымпатыі выбаршчыкаў…”

У дырэктара Анюхоўскага я спытаў:

Карэспандэнт: “Вы ведаеце, якое стаўленьне ў грамадзтве да так званага “чарніла”?

Анюхоўскі: “Мяне бянтэжаць такія выразы, асабліва з вуснаў вышэйшых кіраўнікоў. “Чарніла” зь незразумелай сыравіны робіцца. А ў нас ягад нарыхтавана 500 тон з саду — журавіны, суніцы, брусьніцы, агрэст. Паводле складу вітамінаў яны перавышаюць вінаград. Нашы віны купляюць людзі сярэдняга дастатку. У нас незалежная пазаведамасная ахова. Дапушчальныя страты — 8%, у нас — 1,5%. Леваку ня можа быць!”

Зноў-такі, жыхары Азерцаў ня згодныя з Анатолем Васільевічам. Ня тоячыся, Галіна Асіповіч ды Леанід Ярцаў распавялі:

Асіповіч: “Ахова хоць і кантралюе, але ўсё роўна квітнее продаж. Я па “кропках” не хаджу, каб сказаць “вось гэты”. Але выносяць і прадаюць. Вы будзеце наймаць на гарод за сваю капейку? А за дармовае віно — чаму не? Навошта самому капаць бульбу? І дровы…”

Карэспандэнт: “Наколькі таньнейшае на “кропках” дармовае “чарніла”, чым у крамах?”

Ярцаў: “Нуль пяць — 2 тысячы, а ў краме на тысячу болей…”

Тым часам у дзяржаўнай краме, як засьведчылі на фэрме, прадавачкі аблічваюць пакупнікоў. Скардзяцца вартаўніца Раіса Быкава ды інвалід 3 групы па вытворчасьці Васіль Сяргееў.

Спадарства: “Узяла хлеб, кілбасы, макароны — падаб’юць на 1—2 тысячы больш. Узяла гарчыцу — а яна сапсаваная, як паперла!.. На вінзаводзе купіў — напішуць, колькі цана. А ў нас разам агульную суму, а колькі што каштуе, не напісана. А на вінзаводзе нам чэк даюць…”

Іду да загадчыцы крамы спадарыні Ждановіч. Людміла Іванаўна ня можа дакладна абвергнуць магчымыя абважваньні ды аблічваньні сваіх падначаленых.

Ждановіч: “Такая каса ў нас. Я ж не напішу на чэках сама. Многа праверак у нас, і нічога…”

У часе размовы на фэрме хтосьці з даярак напаўжартам кінула сваёй загадчыцы — маўляў, зьнімуць цябе пасьля таго, што нагаварыла. Спадарыня Галіна ўзарвалася…

Асіповіч: “Дый бог зь ім! Я дзякуй толькі скажу, што вызвалілася. Гэта пажыцьцёвая кабала! Лепш адседзець у турме 5 год, затое выйдзеш і будзеш вольны. А тут працуй ад цямна да цямна і ня ведай, за што…”

У цесную бытоўку, пачуўшы пра прыезд карэспандэнта “Свабоды”, набіліся ўсе, хто тут робіць. Пачала Тацяна Пастухова, што прыехала з Расеі. Доіць 50 кароў, атрымлівае 340 тысяч.



Пастухова: “Бывае і меней. Узімку мінімалку атрымліваем. Прыйшла ў 5 раніцы, усё не магу сысьці — і лядоўню памыць, і праход, кароўнік падсыпаць. Плаціцца толькі за надой, а што мы скрабем, мыем — ня лічыцца. Я і з гаспадаркай не магу ў хаце зладзіць, і ўнук маленькі, і на працы толку няма — кідаюся туды-сюды…”

Пасьля гэтага ўсе загаварылі наўзахваткі.

Спадарства: “130 тысяч — які гэта заробак?! 6 лядоўняў перамарозілі! Старшыня Шутаў джып сябе купіў, а лядоўню ня могуць! Цёплая вада ідзе, зь вечара стаіць малако — якое яно на другі дзень?!.. А як яно не закісьне? Ахаладжэньня няма ніякага. 700 літраў і болей даводзіцца, калі сьпёка, выліваць!.. Быў у нас калгас, “зялёнка” падвозілася. А цяпер каровы толькі на поле ходзяць і муку даем. Не хапае кармоў — не хапае заробку… Людзі ня хочуць за капейкі ў 4 уставаць, дзень адбыць і скончыць у 23.30… Тут сады цяпер ад вінзаводу. Цяпер не хачу на працу — пайду ў сад альбо на бульбу. Можна яблыкі абтрэсьці ў кінутых хатах, завезьці здаць — на дзень бутэлька, і не адна!.. А я за гадзіну сярод дня 300—400 кг набяру. 15 хвілін на здачу — і на руках 70 тысяч!”

Інфармацыя да ведама. За літар надоенага малака СВК плаціць 7 рублёў — у Азерцах узімку, да прыкладу, дояць ня больш за 5 літраў. За здадзены ж на кансэрвавы завод кг яблыкаў — 220. На выхадзе — у 30 разоў болей. У Менску пры канцы я спытаў кандыдата ад апазыцыі Сяргея Вазьняка:

Карэспандэнт: “Якія ў цябе шанцы супраць Папкова?”

Вазьняк: Я дакладна ведаю, што ёсьць участкі, дзе мы атрымаем перамогу. Дзе вельмі добра папрацавалі і з дапамогай газэты “Товарищ”, і маёй каманды. Меней магчымасьцяў папрацаваць па ўсёй акрузе — няма адміністрацыйнага рэсурсу ды мэрсэдэса. У Папкова будуць вялікія праблемы — трэба будзе зь бюлетэнямі хімічыць, займацца фальсыфікацыяй. Безумоўнай перамогі ў яго не атрымаецца…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG