Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Салаш: "Ідэю беларушчыны ператварылі ў ідэалягічнае шоў"


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Сяржук Салаш. Яму 34 гады, сябра Партыі БНФ. Сёлета ішоў на парлямэнцкія выбары, аднак зноў – як спачатку ў 2004-м, а затым і ў 2007-м гадах – сустрэў супраціў з боку выбарчай камісіі.


Калі чатыры гады таму праз ЦВК Сяржук здолеў дамагчыся рэгістрацыі, дык падчас мінулай кампаніі быў наагул арыштаваны зь іхняй падачы. Сёлета таксама не дазволілі удзельнічаць у выбарах: даўнія “сябры” – сакратарка выбарчай камісіі № 62 спн.Стасава і намесьніца старшыні райвыканкаму спн.Шутко абвінавацілі яго ў паклёпе. У сераду адбудзецца суд. Ну а сёньня намесьнік дырэктара інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля” Сяржук Салаш расказвае пра тое, ці спрыяў Дзень беларускага пісьменства і друку ў Барысаве таму, каб прапагандавалася менавіта беларушчына.

"Я не зусім упэўнены ў гэтым, бо падрыхтоўка адбывалася зусім ў іншым рэчышчы. Пайшлі іншым шматмесячным шляхам: фарбавалі фасады будынкаў, пад сьвята, у верасьні пачалі высаджваць кветкі – каб прыехаўшае начальства ўбачыла, што ў нас тут нешта расьце. Акрамя пажухлай травы…

Горад, у якім няма шыльдаў беларускіх, горад, у якім мясцовая намэнклятура амаль не карыстаецца беларускай мовай, і раптам у ім усё на матчынай мове. Ад плякатаў да вэртыкальнай газэты “Адзінства”.

А як людзей рыхтавалі – проста варта сьмеху. Напрыклад, начальніца аддзелу кадраў Барысаўскага аддзелу Беларускай чыгункі казала ім: ня дай Бог прыйдзеце нападпітку ці з бутэлькай, нейкім там пакетам – лепш наагул сядзіце дома! А выканкамаўскія чыноўнікі ці ня матам праганялі “надакучлівых” настаўнікаў, якія напачатку новага навучальнага году апынуліся ў сытуацыі, калі ня ведалі, што рабіць з так званым “штрыхавым” клясам – у адказ пачулі ого што з абяцаньнем разабрацца затым, затым, затым… “Вы здурэлі – пра гэтую дробязь гаварыць перад такім сьвятам!” Між іншым – сьвята пісьменства…

Адным словам – абсалютны аўрал і неразуменьне сутнасьці.

І ці не таму тое адбываецца, што сьвятам займаюцца людзі, якія ўсё жыцьцё сваё цураюцца беларускага – гэта ненармальна, я лічу.

Як і ўсе іншыя барысаўскія інтэлігенты, проста шараговыя разумныя. адукаваныя людзі.

Атрымліваецца, нам прапанавалі сьвяткаваць дзень, пабудаваны тут, у Барысаве, фактычна на хлусьні, на падмане, на прафанацыі ідэі.

Якое тут можа быць сьвята, калі горад цалкам расейскамоўны – і раптам суцэльная псэўдабеларускасьць, чыноўнікі рассыпаюцца ў любові да беларушчыны…

Нармальны чалавек проста ня можа ўдзельнічаць у такім цынічным ідэалягічным шоў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG