Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Салаш: “Лукашызм – гэта дэградацыя асобы”


Грамадзкі рэдактар наступнага тыдня - Сяржук Салаш. Cержуку Салашу 34 гады, ён нарадзіўся ў Слоніме. Скончыў Жодзінскі палітэхнікум і гістфак БДУ.

У Партыі БНФ ад 1995 году. Жанаты, гадуе дачку Дамініку. Сёлета ішоў на парлямэнцкія выбары па сьпісе АДС па Барысаўскай вясковай акрузе.

Аднак зноў – як спачатку ў 2004-м, а затым і ў 2007-м гадах – сустрэў супраціў з боку выбарчай камісіі. Гадамі ёю кіруюць практычна тыя самыя людзі. Калі чатыры гады таму праз ЦВК Сяржук здолеў дамагчыся рэгістрацыі, дык падчас мінулай кампаніі быў наагул арыштаваны зь іхняй падачы. Сёлета яму таксама не дазволілі удзельнічаць у выбарах: даўнія “сябры” – сакратарка выбарчай камісіі № 62 сп-ня Стасава і намесьніца старшыні райвыканкаму сп-ня Шутко абвінавацілі яго ў паклёпе. У бліжэйшую сераду адбудзецца суд.

Днямі прайшло паседжаньне Цэнтарвыбаркаму, на якім Сяржук Салаш спрабаваў дабіцца праўды. Аднак усё выйшла, як заўсёды.

Вось урыўкі зь ягонага інтэрвію Радыё Свабода:

…Незалежна ад таго, як я стаўлюся цяпер да Зянона Пазьняка, менавіта ён у свой час зрабіў самае моцнае ўражаньне, як палітык. Дзякуючы гэтай асобе я адкрыў для сябе Беларусь

… Нацыянальная свабода – пачуцьцё глыбіннае, унутранае. І забараніць яе адчуваньне канкрэтнаму чалавеку куды цяжэй, чымсьці, напрыклад, абмежаваць асобу ў перамяшчэньні, выказваньні думак

… Лукашызм – гэта дэградацыя асобы. А для мяне зрабіць крок назад несувымерна больш складана, чым дзесяць наперад, нават празь перашкоды

… Мне не падабаецца, што ўнутры нашай партыі перайшлі да лёзунгаманіі. Выстрэльваюць лёзунгамі, якія гаснуць у паветры, не даходзяць да грамадзтва, не ўспрымаюцца ім. Часта лёзунгі заўчасныя, як пра НАТО. Я ня супраць уваходу Беларусі ў гэты вайсковы альянс, але пра гэта рана казаць. Я не хачу быць увесь час на маргінэсе.

… Я люблю, сынтэтычную, рамантычную музыку – “Depeche Mode”, “Camouflage”: песьні пра каханьне, пра жыцьцё і сьмерць, пра чалавечую самоту на гэтай зямлі, змаганьне з сабой. Адным словам, глыбокія тэксты і касьмічная музыка

… Я не зьбіраўся кіравацца катэгорыямі: «Вось каб пажылі добра мае дзеці і ўнукі». Я сам хачу добра пажыць. Я хачу бачыць свой горад утульным для жыцьця — хачу, каб былі добрыя дарогі, каб ня білася падвеска ў машыне, хачу, каб мая жонка хадзіла па ходніках і не зьбівала абцасы, хачу, каб мая дачка магла гуляць на нармальных дзіцячых пляцоўках, хачу сам некалі выйсьці ў двор і пагуляць у футбол. І вось дабіваемся гэтага.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG