Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзеяньні Грузіі на разрыў дачыненьняў з СНД лягічныя”


12 жніўня прэзыдэнт Грузіі Міхал Саакашвілі заявіў, што ягоная краіна выходзіць з СНД. Старшыня Выканкаму СНД Сяргей Лебедзеў выказаў шкадаваньне ў сувязі з гэтай заявай.


Былы супрацоўнік МЗС Беларусі Карэн Акопаў кажа, што Расея сваімі дзеяньнямі справакавала Грузію на выхад з Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў:

“Расея сваімі агрэсіўнымі дзеяньнямі ў дачыненьні да Грузіі паставіла пад вялікае пытаньне само існаваньне СНД. Відавочна, што ніводная краіна — ня тое што з усяго сьвету, а з СНД — адкрыта не падтрымала дзеяньні Расеі ў Грузіі. Таму гэта абавязкова прывядзе да крызісу ў СНД. Скептычна стаўлюся да яе лёсу і да пэрспэктывы аднаўленьня ў якасьці структуры, якая магла б прадэманстраваць сваю жыцьцяздольнасьць.

Расея ўвайшла на тэрыторыю Грузіі — усім відавочна, што гэта акт агрэсіі. Бамбаваньню гарадоў і вёсак няма ніякага апраўданьня. Таму ўсе дзеяньні Грузіі на разрыў дачыненьняў у межах СНД выглядаюць лягічнымі”.

Заявы Міхаіла Саакашвілі ня сталі сюрпрызам для Анатоля Красуцкага. Намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД зьвяртае ўвагу на тое, што:

“Кіраўніцтва Грузіі неаднаразова заяўляла пра выхад з гэтай арганізацыі. Улічваючы тую палітыку, якую яна праводзіць, немагчыма адначасова знаходзіцца ў дзьвюх дыямэтральна супрацьлеглых структурах — СНД і НАТО. Таму гэта калісьці павінна было адбыцца. Нейкіх наступстваў выхад за сабой не пацягне. У апошнія гады СНД пачынае рэфармавацца і набіраць абароты.

Я думаю, што зараз часовае зацішша, ваеннае зацішша — вось што самае галоўнае. Што тычыцца палітычнай сытуацыі, то яна будзе набіраць абароты. Застаюцца неўрэгуляванымі самыя важныя пытаньні: статус Паўночнай Асэтыі і Абхазіі. Гэтая праблема выйдзе на першы плян. Тым больш што тут вельмі актыўна задзейнічаныя інтарэсы Расеі, калі ўлічыць, што абсалютная бальшыня жыхароў Паўночнай Асэтыі — грамадзяне РФ”.

Міхал Бацян, які некалі працаваў у МЗС Беларусі, а цяпер выкладае на катэдры дыпляматычнай і консульскай службы факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ, лічыць, што рашэньне Грузіі пакінуць СНД можа прывесьці да таго, што ў пэрспэктыве гэтая арганізацыя перастане існаваць:

“Сам факт знаходжаньня ў адной арганізацыі краінаў, якія ваююць паміж сабой, зьяўляецца нейкім нонсэнсам. Таму, мне падаецца, ня дзіўна, што Грузія выступіла з такой ініцыятывай — выйсьці з СНД.

Пакуль такіх прэцэдэнтаў не было, каб нехта бразнуў дзьвярыма. Адпаведна, гэта будзе прэцэдэнтам. Можа дайсьці да таго, што СНД у пэрспэктыве наагул перастане існаваць. І так мы бачым, што арганізацыя пераўтварылася ў клюб, дзе зьбіраюцца кіраўнікі дзяржаваў, нешта падпісваюць, але на практыцы мы мала што адчуваем”.

12 жніўня амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаў незадаволенасьць, што афіцыйны Менск стрымана рэагуе на ўзброены канфлікт вакол Паўднёвай Асэтыі.

“Нам зусім незразумела, чаму ўлады Беларусі сьціпла маўчаць адносна сытуацыі ў Паўднёвай Асэтыі”, — сказаў спадар Сурыкаў журналістам.

“На жаль, амбасадар Сурыкаў не пацікавіўся ў МЗС Беларусі, якія дзеяньні ў сувязі з канфліктам у Паўднёвай Асэтыі прадпрымае і мае намер прадпрыняць Беларусь”, — перадае Інтэрфакс словы высокапастаўленага прадстаўніка МЗС Беларусі.

“А калі б пацікавіўся, то ведаў бы, што ў Беларусі не выклікае сумневу міжнародна-прававая і маральная непрымальнасьць нападу і выкарыстаньня зброі супраць мірнага насельніцтва Паўднёвай Асэтыі. Таксама як і правамернасьць дзеяньняў Расеі па абароне сваіх грамадзянаў на тэрыторыі Паўднёвай Асэтыі, большую частку насельніцтва якой складаюць менавіта грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі”, — зазначыў неназваны чыноўнік МЗС у інтэрвію Інтэрфаксу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG