Прадстаўніца МЗС Беларусі сустракала сёньня групу дзяцей у аэрапорце. Яна заявіла, што беларускія ўлады настойваюць, каб дзяўчынка вярнулася ў Беларусь. Калі яна захоча выехаць у ЗША, то зможа зьвярнуцца ў адпаведныя структуры і аформіць неабходныя дакумэнты, пасьля таго як ёй споўніцца 18 гадоў.
Як заявіў адвакат службы іміграцыі Сан-Францыска Крыстафэр Кіроскі, які займаецца справай непаўналетняй беларускай дзяўчынкі, яго кліентка жадае падоўжыць тэрмін знаходжаньня ў ЗША яшчэ на паўгода. Цяпер яна мае паўгадавую амэрыканскую візу і адпаведна ўсе правы, каб знаходзіцца ў ЗША на легальных умовах.
Раней амэрыканскія выданьні паведамлялі, што гэтая віза сапраўдная да лістападу. Згодна з апошняй інфармацыяй, тэрмін знаходжаньня Тані ў ЗША скончыцца 25 сьнежня.
Каліфарнійская газэта Santa Rosa Press Democrat учора на сваім інтэрнэт-сайце выставіла відэаінтэрвію Тані Казыры, дзе тая на ангельскай мове тлумачыць свой учынак.
Таня: “Я люблю гэтую сям'ю. І я хачу застацца трошкі даўжэй. Гэта мая сапраўдная сям'я”.
Так кажа Таня пра мэдычную сястру Дэбры Запату, яе мужа Мануэля, чыноўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі ў Пэталуме, і іхных дзяцей. Гэтыя людзі за час амаль дзесяцігадовага знаёмства сталі для Тані вельмі блізкімі.
Дзяўчынка таксама распавядае пра Барысаў: бацьку-алькаголіка, маці, якую ніколі ня бачыла, немаладую і хворую бабулю, якой ужо цяжка ўтрымліваць унучку.
У размове з прадстаўнікамі амэрыканскіх СМІ, іміграцыйных уладаў, мясцовай паліцыі і беларускай амбасады ў ЗША дзяўчынка падкрэсьліла, што “рашэньне застацца прынята ёю з уласнай волі, безь ніякага ціску з боку сям’і Запатаў”.
Як сьведчыць адвакат дзяўчынкі, Таня праінфармавала пра сваё рашэньне бабулю-апякунку і атрымала ад яе згоду.
Тым часам сама бабуля, Надзея Новік з Барысава, заявіла ўчора ў інтэрвію беларускаму каналу ОНТ, што ў тэлефонных размовах з Амэрыкай яна прасіла ўнучку, якая “мае шмат хваробаў”, усё ж вярнуцца дадому.
Адзін з падлеткаў, зь якім амэрыканскія журналісты гутарылі ўчора напярэдадні вылету ў аэрапорце і які не пажадаў называць сваё прозьвішча, сказаў так:
“Я яе разумею. У яе толькі бабуля. Калі з бабуляй штосьці здарыцца, у яе нікога не застанецца”.
Арганізатарка адпачынку ў Пэталуме Розі Эрыксан кажа, што ўчора пры разьвітаньні ў аэрапорце ў Сан Францыска і дарослыя, і дзеці не маглі стрымаць сьлёз, бо было такое адчуваньне, што гэта ўсё ў апошні раз.
“Адзінае спадзяваньне на тое, што беларускі ўрад будзе разглядаць гэты выпадак як адзінкавы інцыдэнт”, — дадае Розі Эрыксан. Яна не выключае, што яе праграма, як і іншыя амэрыканскія чарнобыльскія праекты, можа быць зачыненыя беларускім урадам. Прадстаўнікі Chernobyl Children’s Project усё ж за тое, каб дзяўчынка вярнулася дадому.
Супрацоўнік беларускай амбасады ў ЗША, які ўчора (а 24 гадзіне паводле менскага часу) праводзіў беларускіх дзяцей у аэрапорце Сан-Францыска, адмовіўся даваць камэнтары журналістам.