Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Какабадзэ: Расея карае Грузію за заходнія памкненьні


Дырэктар грузінскай службы Радыё Свабода Давід Какабадзэ падзяліўся сваімі меркаваньнямі аб цяперашняй сытуацыі ў Паўднёвай Асэтыі, дзе чацьверты дзень працягваюцца баі паміж грузінскімі і расейскімі сіламі.


Карэспандэнт: Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі сказаў, што Расея хоча зьнішчыць дэмакратыю ў Грузіі, тым часам як Расея кажа, што яна проста адказала на напад грузінскіх сілаў. Што вы пра гэта думаеце?

Какабадзэ: Расея карае Грузію за яе заходнія памкненьні – за пляны ўступіць у НАТА і эўраатлянтычныя структуры. У 2006 годзе было ўведзенае расейскае эмбарга на грузінскія тавары, і напэўна расейскія ўлады спадзяваліся, што Грузія ня выжыве эканамічна, калі страціць расейскі рынак – найвялікшы рынак для Грузіі. Гэтага ня здарылася, і яны, напэўна, былі гэтым расчараваныя. Грузінская эканоміка, паводле ўсіх міжнародных ацэнак, разьвівалася нармальна, так што эмбарга не дало для Расеі ніякіх вынікаў. Прайшлі месяцы, і стала відавочна, што Грузія здольная выжыць як дзяржава, як краіна, яна ўсталявала і нават умацавала эканамічныя сувязі з заходнімі краінамі. У прынцыпе Грузія так ці так мусіла гэта зрабіць – і гэта былі станоўчыя наступствы расейскага эмбарга.

Карэспандэнт: Вы маеце на ўвазе, што Расея спрабуе не дапусьціць Грузію ў НАТА?

Какабадзэ: Каб зразумець сытуацыю, якую мы сёньня маем у рэгіёне, вельмі важна зразумець падзеі сёлетняга красавіка – на пачатку красавіка ў Бухарэсьце праходзіў саміт НАТА, дзе Грузія разам з Украінай спадзяваліся атрымаць гэтак званы Плян дзеяньняў у справе сяброўства – гэта апошні крок перад атрыманьнем афіцыйнага запрашэньня далучыцца да НАТА. І хоць Злучаныя Штаты моцна ціснулі, і хоць некаторыя іншыя ўдзельнікі альянсу былі за тое, каб даць Грузіі і Ўкраіне гэты плян, гэтага не адбылося. Не адбылося гэта ў асноўным з-за рашучых пратэстаў кіраўніцтва Нямеччыны й Францыі. Я не хачу цяпер нікога вінаваціць, але я думаю, што Нямеччына і Францыя нясуць пэўную адказнасьць за тое, што цяпер адбываецца ў Грузіі і вакол яе, бо Расея ўспрыняла гэта як знак таго, што яна мае вольныя рукі, каб дзейнічаць і ўмацоўваць свае ўплывы ў рэгіёне. Варта прыгадаць той факт, што ўсяго праз 12 дзён пасьля Бухарэсцкага саміту, 16 красавіка, тагачасны прэзыдэнт Расеі Пуцін выдаў дэкрэт аб усталяваньні непасрэдных сувязяў з Паўнёвай Асэтыяй і Абхазіяй, сэпаратысцкімі рэспублікамі на тэрыторыі Грузіі. Былі й іншыя крокі, напрыклад пасылка гэтак званых дадатковых міратворцаў у Абхазію, пасылка вайскоўцаў-чыгуначнікаў у Абхазію – і ўсё гэта бяз згоды грузінскага ўраду, што было парушэньнем усіх дзейных пагадненьняў.

Карэспандэнт: І Маскве асабліва не падабаецца празаходні прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі...

Какабадзэ: Адхіленьне ад улады прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі – гэта тое, пра што марыць Расея. Прынамсі расейскі прэм'ер Пуцін быў бы вельмі задаволены. Я ўпэўнены, што ён быў бы вельмі шчасьлівы, калі б Саакашвілі пакінуў Грузію і Расея магла б паставіць на ягоную пасаду паслухмянага чалавека, які ніколі б не сказаў, што галоўная мэта Грузіі – далучэньне да эўраатлянтычных структур – НАТА і Эўразьвязу. Я не магу гаварыць за расейскі ўрад і ня ведаю, што яны канкрэтна плянуюць, але гэта быў бы для іх ідэальны сцэнар.

Карэспандэнт: А як вы ацэньваеце міжнародную рэакцыю на канфлікт у Грузіі?

Какабадзэ: Мы назіраем яшчэ адзін прыклад няздольнасьці міжнароднай супольнасьці спыніць такія канфрантацыі. Людзі гінуць, і нічога не робіцца. Вядома, гэта ня першы выпадак у гісторыі – варта прыгадаць Дарфур ды іншыя прыклады – але гэта адзін з найлепшых прыкладаў таго, як нейкая краіна можа зь любой нагоды караць ваеннымі сродкамі сваіх слабейшых суседзяў, а на міжнароднай арэне нічога не адбываецца. Добра, былі заявы розных лідэраў, эўрапейскіх і асабліва амэрыканскіх. Былі заявы прэзыдэнта Буша, дзяржсакратара Райс, кандыдатаў у прэзыдэнты Абамы і Маккейна – даволі моцныя заявы. Але нічога не адбываецца, калі трэба нешта зрабіць, каб спыніць далейшае праліцьцё крыві – я ня маю на ўвазе ваеннае ўмяшаньне. Вядома, ніхто не распачне трэцюю сусьветную вайну, вядома, гэта не павінна здарыцца. Але Расея мусіць гэта зразумець. Калі сёньня Расеі сыдзе з рук яе агрэсіўная палітыка, дык заўтра падобнае здарыцца недзе ў іншым месцы на постсавецкай тэрыторыі. Ёсьць пэўныя рычагі на дыпляматычным узроўні – ёсьць Рада НАТА-Расея, ёсьць перамовы Расеі з Эўразьвязам наконт дамовы аб супрацоўніцтве, ёсьць пляны далучэньня Расеі да Арганізацыі сусьветнага гандлю – ёсьць розныя магчымасьці, але, на жаль, мы ведаем, што асабліва Эўропа занадта залежная ад расейскіх энэргарэсурсаў, і таму Расея адчувае, што можа дзейнічаць беспакарана.

ЗАЎВАГА: Меркаваньні, выказаныя ў гэтым камэнтары, належаць аўтару і не абавязкова супадаюць з пазыцыяй Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG