Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна ў Грузіі і беларуска–расейскія адносіны


Калі Расея возьме поўнамаштабны ўдзел ў грузіна–асэтынскай вайне, як гэта адаб’ецца на яе адносінах з суседзямі, у тым ліку і зь Беларусьсю?

Удзельнічаюць: рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук'янаў і палітоляг Дзяніс Мельянцоў.
Дракахруст: “Самая драматычная падзея апошніх дзён – грузіна–асэтынская вайна. Як там будуць разгортвацца падзеі, ці накіруе туды Расея свае рэгулярныя, а ня толькі міратворчыя сілы? І як гэтая вайна адаб'ецца на адносінах Расеі з суседзямі, у тым ліку і зь Беларусьсю? Фёдар Лукьянаў, як Вы мяркуеце?
Лук’янаў: "Сытуацыя вельмі непрыемная і небясьпечная. Я, на жаль, ня бачу для Расеі альтэрнатываў, акрамя як накіраваць туды рэгулярныя часткі. Па многіх прычынах – тут і агульнапалітычная пазыцыя: пасьля таго, як Расея столькі гадоў падтрымлівала ўлады Паўдзённай Асэтыі і іншых падобных рэгіёнаў, у крытычнай сытуацыі рабіць выгляд, што нас гэта ня тычыцца, проста непрыстойна.
А па–другое, там сапраўды ўсе жыхары – гэта грамадзяне Расеі. Зараз ужо няважна, як і чаму яны атрымалі гэтае грамадзянства. Гэта накладае пэўныя абавязкі на Маскву.
Нарэшце, ёсьць фактар Паўночнага Каўказу. Нават калі Масква паспрабуе быць індыфэрэнтнай, у Паўночнай Асэтыі і ў іншых рэспубліках такую пазыцыю проста не зразумеюць. Я асьцерагаюся эскаляцыі канфлікту.
Грузія на мой погляд вядзе небясьпечную, рызыкоўную, але добра прадуманую гульню. Міхаіл Саакашвілі разьлічвае ў лепшым выпадку захапіць Паўдзённую Асэтыю сілай. Калі гэта не атрымаецца, то па меншай меры ўцягнуць Расею ў поўнамаштабную вайну з Грузіяй, у якой Грузія, як маленькая краіна супраць вельмі вялікай, будзе карыстацца падтрымкай усяго заходняга сьвету, падтрымкай палітычнай, падтрымкай ваеннай. Ёсьць адчуваньне, што Грузія сьпяшаецца зьмяніць сытуацыю вакол Абхазіі і Паўдзённай Асэтыі, пакуль не зьмянілася адміністрацыя ў ЗША: Джордж Буш мае абавязкі перад Тбілісі, калі прыйдзе Барак Абама, то ён такіх абавязкаў мець ня будзе. Я баюся, што мы будзем назіраць сур’ёзныя баявыя дзеяньні".
Дракахруст: "Дзяніс Мельянцоў, які Ваш прагноз разьвіцьця канфлікту і які Ваш адказ на такое пытаньне – калі Расея будзе паўнамаштабна ўдзельнічаць у гэтай вайне, то як гэта адаб'ецца на адносінах Расеі з суседзямі , у тым ліку і з Беларусьсю?"
Мельянцоў: "Я згодны са спадаром Лук’янавыым у тым, што будзе поўнамаштабны канфлікт на Каўказе, у якім будуць удзельнічаць нават ня толькі Расея і Грузія. Я ня думаю, што Расея будзе ад пачатку ўцягнутая ў канфлікт. Я мяркую, што сытуацыя будзе падобная на прыднястроўскую – Расея будзе дапамагаць асэтынам, але наўпрост ня будзе ўводзіць свае войскі ў зону канфлікту.
Што тычыцца таго, як гэта адаб'ецца на беларуска–расейскіх адносінах, на Беларусі, то мяркую, што гэты ўплыў будзе намінальным. Магчыма, будзе толькі ўскосны ўплыў, што Беларусі давядзецца выбіраць, ці падтрымлівае яна, як саюзьнік, Расею ў такіх яе дзеяньнях, ці беларускае кіраўніцтва будзе пазьбягаць выказвацца на гэтую тэму ў сувязі з тым, што зараз афіцыйны Менск спрабуе палепшыць свае адносіны з Эўразьвязам. Мяркую, што Лукашэнка абярэ ўзважаную пазыцыю і будзе імкнуцца не выказвацца па гэтай праблематыцы".
Дракахруст: "Аляксандар Класкоўскі: і Фёдар, і Дзяніс казалі пра амаль непазьбежны ўдзел у канфлікце Расеі. Фёдар казаў пра магчымую падтрымку Грузіі з боку Захаду. А наколькі імаверным Вам падаецца сцэнар, што ў канфлікце возьмуць поўнамаштабны ўдзел і Расея, і ЗША?
І другое пытаньне, якое я ўжо задаваў Дзянісу: як гэта паўплывае на беларуска–расейскія адносіны? Тут варта адзначыць, што беларуска–грузінскія адносіны зараз якраз неблагія – прынамсі, за апошні год яны істотна палепшыліся. І ці не магчыма, што канфлікт Расеі з Грузіяй дасьць Лукашэнку дадатковыя магчымасьці гульні з Захадам?"
Класкоўскі: "Што тычыцца першага пытаньня, то хаця тут магчымыя радыкальныя варыянты разьвіцьця падзеяў, бо ў іх моцна ангажаваныя і Масква, і Вашынгтон, але хацелася б спадзявацца, што гэтыя дзьве вялікія ядзерныя дзяржавы паспрабуюць знайсьці варыянт, як улагодзіць канфлікт.
Я хачу адзначыць, што незалежна ад таго, як будзе разгортвацца канфлікт – а за пару дзён ён у любым выпадку ня скончыцца – беларускае кіраўніцтва атрымлівае псыхалягічны выйгрыш. Глядзіце, які выбудоўваецца ланцужок: ЗША зьбіраюцца ставіць сваю СРА ў Чэхіі і Польшчы, Украіна імкнецца ў НАТА, Грузія, з пункту гледжаньня Масквы, распачынае агрэсію супраць Асэтыі. І вось чыньнік апошняга стратэгічнага саюзьніка, які па–майстэрску выкарыстоўвае беларускае кіраўніцтва, актуалізуецца, і чыста псыхалягічна зноў жа на гэтым тле можна весьці палітычны і эканамічны гандаль, скажам, у пытаньні цаны на газ. Ужо неаднойчы такія вялікія катаклізмы ўскосна дапамагалі кіраўніцтву Беларусі, бо ягоныя стратэгічныя козыры робяцца больш моцнымі."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG