Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – Вэнэсуэла: як становяцца “братамі”


Беларуска-вэнэсуэльскія стасункі актывізаваліся ў 2006 годзе, пасьля першай сустрэчы прэзыдэнтаў Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі. Харызматычныя лідэры знайшлі шмат агульнага, лёгка перайшлі на “ты” і з ініцыятывы Чавэса сталі нават “братамі”. З таго часу ў іх шмат супольных інтарэсаў — ад сумеснай здабычы нафты да паставак зброі. Сёньня адбыўся трэці візыт Чавэса ў Беларусь. З гэтай нагоды ў Менску нават зьявіўся сквэр у гонар героя вызваленчага руху Паўднёвай Амэрыкі Сымона Балівара. Перадае Ігар Карней.

Аляксандар Лукашэнка ў Вэнэсуэле быў толькі аднойчы — пры канцы мінулага году. У Каракасе адбылося адкрыцьцё сумеснага прадпрыемства для здабычы нафты ў правінцыі Ансаатэгі, а таксама былі выбраныя пляцоўкі для будаўніцтва аграгарадкоў на ўзор беларускіх і абмеркаваныя пытаньні газыфікацыі паселішчаў. Таксама дамовіліся пра адкрыцьцё зборачных канвэераў беларускіх прадпрыемстваў — Менскага аўтазаводу і МТЗ.

У Вэнэсуэле дастаткова пісьменныя людзі. Прынамсі, мы больш кантактавалі на ўзроўні інтэлігенцыі, на ўзроўні тэхнічных спэцыялістаў
Прадстаўнік аднаго з праектных інстытутаў Анатоль Грэк за апошні год некалькі разоў камандзіраваўся ў Вэнэсуэлу. Ён абвяргае меркаваньне, што гэта краіна стала для Беларусі рэгіёнам, дзе можна збыць не адпаведныя міжнародным стандартам тавары і паслугі:

“У Вэнэсуэле дастаткова пісьменныя людзі. Прынамсі, мы больш кантактавалі на ўзроўні інтэлігенцыі, на ўзроўні тэхнічных спэцыялістаў, адмыслоўцаў шырокага профілю ўрбаністыкі — людзі ведаюць, чаго яны хочуць. Таму проста ім, прабачце, “уцюхваць” якіясьці нашы распрацоўкі абсалютна бессэнсоўна. Да таго ж, гэта было б проста некарэктна зь беларускага боку. Паверце, прафэсіяналы змогуць знайсьці агульную мову. Дый яны ўжо практычна яе знайшлі”.

Да нядаўняга часу функцыі сувязнога паміж Менскам і Каракасам выконваў ужо былы дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман. Ён адказваў, у прыватнасьці, за матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне сыстэмы супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы, пра што Лукашэнка і Чавэс дамовіліся яшчэ ў 2006 годзе.

Нягледзячы на адхіленьне ад пасады, Шэймана сёньня бачылі сярод чыноўнікаў, якія сустракалі ў аэрапорце вэнэсуэльскую дэлегацыю. На пасаду амбасадара Беларусі ў Вэнэсуэле абедзьве палаты Нацыянальнага сходу рэкамэндавалі намесьніка міністра прамысловасьці Валянціна Гурыновіча, але прэзыдэнцкага ўказу наконт гэтага яшчэ няма.

Як лічыць экс-міністар абароны Павал Казлоўскі, беларускі ўдзел у стварэньні сыстэмы супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы абмяжуецца камандзіраваньнем туды вайсковых адмыслоўцаў — забясьпечыць пастаўкі тэхнікі зь Беларусі наўрад ці рэальна. Праўда, сёньня Чавэс назваў плёткамі нібыта падпісаны ў Маскве ваенны кантракт на 30 мільярдаў даляраў:

“Узровень кваліфікацыі беларусаў дастатковы, безумоўна, для таго, каб арганізаваць сыстэму супрацьпаветранай абароны Вэнэсуэлы, падрыхтаваць тэхніку, якая будзе дзесьці закупленая. Адпрацоўка гэтага пытаньня ідзе даўно. Але што тычыцца ўласна комплексаў, то тыя, якія былі зьнятыя з узбраеньня, даўно ўжо прададзеныя. А іншыя проста непрыдатныя для працы. Таму схема можа быць такая: Расея прадасьць комплексы, а беларусы іх наладзяць. Нармальная схема, бо тое, што ў нас ёсьць адпаведныя спэцыялісты, дык гэта бясспрэчна”.

Ці стасуецца зь міжнароднай практыкай жаданьне беларускага боку адказваць за бясьпеку Вэнэсуэлы? Генэрал-палкоўнік у адстаўцы Павал Казлоўскі лічыць, што ўсясьветнаму досьведу гэта прынамсі не супярэчыць:

“Сыстэма супрацьпаветранай абароны — гэта сыстэма абарончая. Ува ўсім сьвеце лічыцца, што яна не нясе пагрозы для суседніх краінаў. Мы таксама кажам, што наша сыстэма супрацьпаветраная — абарончая. Мы яе будуем, рыхтуем дзеля таго, што калі варожы самалёт заляціць, то мы яго будзем зьбіваць. Я ня бачу ў тым, што будуць дапамагаць нашы спэцыялісты, нейкай нядобрай справы. Наша сыстэма не без дапамогі расейцаў працуе. Сёньня такіх сыстэмаў шмат — сыстэма супрацьпаветранай абароны ЗША і Канады, эўрапейская сыстэма адна для ўсіх краінаў. Гэта нармальны падыход”.

схема можа быць такая: Расея прадасьць комплексы, а беларусы іх наладзяць
Сёлета ў красавіку ўсталяваны бязьвізавы рэжым з Вэнэсуэлай. Аднак да масавых паездак гэта не прывяло. Паколькі наўпроставых стасункаў зь Менску ў Каракас і наадварот няма, найбольш рэальна трапіць у вэнэсуэльскую сталіцу паветрам з Масквы. Кошт самага таннага квітка рэйсам “Аэрафлоту” — ад 587 эўра ў адзін бок без уліку збору аэрапорту. Пакуль такую раскошу ня могуць дазволіць сабе ні беларусы, ні вэнэсуэльцы.

У абодва бакі пакуль езьдзяць дзеля вытворчых патрэбаў. У менскіх ВНУ навучаецца каля паўсотні вэнэсуэльскіх студэнтаў. Беларуская ж прысутнасьць у Вэнэсуэле абмяжоўваецца спэцыялістамі, задзейнічанымі ў праектах па здабычы нафты, будаўніцтве жыльля і адкрыцьці зборачных вытворчасьцяў.

Не спрыяе турыстычнай актыўнасьці і надзвычай высокая злачыннасьць у Вэнэсуэле, што характэрна амаль для ўсёй Паўднёвай Амэрыкі. Журналісты здымачных групаў Беларускага тэлебачаньня ў кулюарах распавядаюць, што лепш за ўсё там бавіць час у гатэлі — экскурсія па сталіцы можа скончыцца налётам мясцовых бандытаў. Не ўратоўвае і высокі статус чыноўніка — некаторыя з прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі вярталіся з прамэнаду абабранымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG