Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пацярпелых шукаюць сляды выбухоўкі пад пазногцямі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Машу са Смаленску ў лякарні наведалі сябры. Яна ў двары на калясцы
Машу са Смаленску ў лякарні наведалі сябры. Яна ў двары на калясцы

У менскіх шпіталях застаюцца 39 пацярпелых ад выбуху на канцэрце 4 ліпеня. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Трое знаходзяцца ў цяжкім стане. Наш карэспандэнт наведаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар траўматалёгіі і артапэдыі.

У цэнтры траўматалёгіі і артапэдыі застаюцца 6 пацярпелых. 17-гадовая навучэнка прафэсійнай вучэльні №2 лёгкай прамысловасьці Кацярына Тачылкіна зь Менску атрымала адкрыты пералом пляча. Яна выступала на парадзе да Дня незалежнасьці, а потым з роднымі пайшла на канцэрт. Парадная майка таксама прабіта ў выніку выбуху. У яе сям'і пацярпелі многія.

«Апроч мяне пацярпелі яшчэ тры чалавекі. У малодшага брата асколкавы парэз. Яму наклалі тры швы. У мяне 15 швоў. У хроснай на назе, калі б не абутак, раздрабніла б цалкам палец. У яе чатыры швы. А ў айчыма маёй сястры на жываце вельмі вялікі сіняк. Усе жывыя. Гэта самае галоўнае».

Кацярына паказала руку, на якой сьледчыя абрэзалі ёй усе пазногці. Таксама сьледчыя бралі адбіткі пальцаў у яе й іншых пацярпелых.

«Першыя два дні яны ў нас па паўдня знаходзіліся. Пыталіся, хто што бачыў. Прыехалі з такім вялікім агрэгатам. Атрымоўваецца адбітак здымаюць і адразу на кампутары ён адбіваецца. Пазногці паабразалі. Відаць, у таго, хто выбухоўку рабіў, пад пазногцямі ж застаецца гэта ўсё. Яно не вымываецца. Можа ў каго знойдуць серу ад узрыўчаткі».

Натальля Ільіна грамадзянка Беларусі, але замужам за расейскім афіцэрам, жыве ў Расеі. Прыехала ў Менск да бацькоў. У выніку выбуху ў яе пералом нагі:

«Адзін з гэтых элемэнтаў болт ці гайка прабіла вялікую бярцовую костку. Як мне цяпер жыць з гэтым далей? У мяне пакуль не ідзе вырашэньне праблем з пераломам. Цяпер працягваецца толькі прамыванне раны. Адпачынак сапсаваны. Два летнія месяцы я вымушана правесьці тут».

Натльля сказала, што зь першых матэрыяльных стратаў – гэта разрэзаныя джынсы. Яна разьлічвае на кампэнсацыю ад беларускіх уладаў і згадвае, як дзейнічаюць у такіх выпадках расейскія:

«Па тэлебачаньні, па ўсіх мэдыях ідзе інфармацыя прэзыдэнта, што ў залежнасьці ад ступені страты, вызначаецца канкрэтная сума, выкладзеная ў канкрэтных лічбах. Бо гэта зьмененыя пляны, парушэньне майго працоўнага графіку, матэрыяльныя страты. Муж павінен прыехаць, а дарога гэта ня танна -- туды-сюды матацца. І, канечне, чапляе вызначэньне гэтага ўчынку як хуліганства. У расейскіх мэдыях звычайна выдаюцца ўсе вэрсіі, якія ёсьць у МУС.Жывучы ў Расеі, я хутчэй чакала, што падобнае можа здарыцца там».

І яшчэ адна з пацярпелых грамадзянка Расеі, навучэнка ліцэю са Смаленску Маша. Зь яе бядра і голені дасталі болт і гайку, цяпер яна пакуль можа рухацца толькі на калясцы. Яна згадвае:

«Выбух, боль у нагах, звалілася, паспрабавала ўстаць. Потым зноў звалілася, зразумела -- нешта ня тое. Штаны ўсе ў крыві мы аддалі ў міліцыю. Колькі я жыву ў Расеі, са мной такія рэчы не здараліся: у лякарнях я не валялася. Адзіная мая выснова, што на такія масоўкі я больш хадзіць ня буду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG