Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка выказаў меркаваньне, што ўлады ўжо пачынаюць кампанію дыскрэдытацыі апазыцыі:
“На жаль, афіцыйныя СМІ (дзякуй Богу, пакуль што ўскосна) ужо абвінавачваюць дэмакратычныя сілы ў тым, што адбылося. Я не сумняюся, што як на роўні цэнтральным, так і на роўні мясцовым рукамі некаторых добраахвотаў будзе адбывацца абвастрэньне. Па-першае, абвастрэньне прапагандысцкай мовы. А па-другое, абвастрэньне магчымых рэпрэсіяў. Гэта ўжо сёньня становіцца фактам. І тое, пра што сёньня казалі, як дэмакратычных актывістаў дапытвалі: а дзе вы былі ў ноч з 3 на 4 ліпеня? – таму пацьверджаньне”.
З вуснаў Аляксандра Лукашэнкі на “лініі Сталіна” прагучалі папрокі на адрас Партыі камуністаў Беларускай. Яны, быццам бы, не выказалі спачуваньня з нагоды трагедыі, а казалі пра магчымае дачыненьне да выбуху ўладаў.
Сяргей Калякін назваў гэтыя папрокі “подлым ходам, які выкарыстоўвае ўлада”:
“Ён на адну дошку паставіў апазыцыю і фашысцкую ідэалёгію. Прычым зрабіў гэта неяк дзіўна. Ён казаў, што фашысцкая ідэалёгія – гэта тое, што быў спалены Рэйхстаг, а потым пачаліся рэпрэсіі супраць камуністаў. І гэта ўладная ідэалёгія ў Нямеччыне. А потым сказаў, што гэту ідэалёгію выкарыстоўваюць ПКБ ды іншыя дэмакратычныя сілы. Таму гэта – спроба карычневай фарбай запэцкаць усю апазыцыю. Чаму? Ды таму, што на Беларусі вельмі адмоўнае стаўленьне да фашызму яшчэ з часоў Вялікай Айчыннай вайны”.
Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч назваў журналістам некалькі прычынаў, чаму, на ягоную думку, абвінавачваньні з боку кіраўніка дзяржава скіраваныя найперш на ПКБ:
“Перш за ўсё гэта жаданьне раз’яднаць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Па-другое, гэта сьведчаньне таго, што ПКБ займае дастаткова саліднае месца ў рамках АДС. Яна прыстойна працуе падчас гэтай выбарчай кампаніі. І гэта жаданьне “пнуць” неафіцыйных камуністаў”.