Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цэны паўзуць”


Ад сёньняшняга дня ў Беларусі зноў падаражэла паліва: бэнзін на 5%, а дызпаліва — на 15%. Адмыслоўцы прагназуюць, што гэта не апошняе падвышэньне цэнаў.


Цэньнікі на аўтазаправачных станцыях памяняліся. Да прыкладу, бэнзін “Нармаль-80” цяпер каштуе 1760 рублёў, АІ-92 — 2230, бэнзін АІ-95 каштуе 2540 рублёў. Дызэльнае паліва падаражэла на 250 і цяпер каштуе 1940 рублёў за літар. Апошні раз цэны на паліва павялічваліся ў сьнежні мінулага году. У канцэрне “Белнафтахім” патлумачылі гэта ростам коштаў на нафту:

“Вы навіны глядзіце. Цана нафты ў нас расьце. Мы яе купляем, перапрацоўваем. Вы ж ня хочаце, каб нашы заводы памерлі. Плаўна будзем, паціху”.

Начальнік аднаго з аддзелаў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу сказаў, што, нягледзячы на падвышэньне коштаў, унутраны рынак для прадпрыемства быў і застаецца стратным.

У нас больш за 50% цаны складаюць падаткі. Таму простым падвышэньнем цэнаў тут не абыдзесься
“Гэта часткова кампэнсуе страты, якія мы маем. Трэба структуру цаны мяняць. У нас больш за 50% цаны складаюць падаткі. Таму простым падвышэньнем цэнаў тут не абыдзесься. Інакш трэба падвышэньне цэнаў рабіць вельмі вялікае”.

Цяперашняе падвышэньне цэнаў, як мяркуюць адмыслоўцы, наўрад ці стане прычынай пратэстаў, якія здараюцца ў іншых краінах сьвету. Аўтааматар Віталь кажа:

“Падаражэў дык падаражэў. Што рабіць? Ва ўсім сьвеце даражэе. Многа езьдзіць ня трэба”.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, у Беларусі наагул рост цэнаў мае паўзучы характар:

“Гэта азначае, што ўрад нібы баіцца, каб насельніцтва не ўспрыняла гэта з абурэньнем, і таму ён падвышае цэны ці на паліва, ці на хлеб і малако паступова. Зыходзячы з гэтага, можна прагназаваць, што гэта не апошняе падвышэньне цэнаў. У сьвеце складаюцца такія ўмовы, што ідзе такое абвальнае падаражэньне сыравінных тавараў, амаль усіх тавараў. І гэта таксама будзе вымушаць беларускі ўрад падвышаць кошт жыцьця”.

Падвышэньне цэнаў на паліва пацягне за сабой падаражэньне іншых тавараў і паслугаў. Паводле спадара Злотнікава, беларуская эканоміка вельмі стратная. На адзінку ўнутранага валавога прадукту энэргіі й іншых рэсурсаў спажываецца значна больш, чым у разьвітых краінах. І таму падвышэньне цэнаў на рэсурсы ў сьвеце будзе весьці да падвышэньня цэнаў у Беларусі. Спадар Злотнікаў сказаў:

“Для Беларусі лепш ня будзе. Пакуль такая нерэфармаваная эканоміка, яна будзе ў горшым стане ў гэтым сьвеце, чым эканомікі іншых краінаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG