На гэтыя пытаньні “Свабоды” адказвае адзін зь цяперашніх лідэраў моладзевай апазыцыі на Берасьцейшчыне Юрка Бакур.
Юрка Бакур лічыць, што колькі гадоў таму яго прызвалі ў войска менавіта на так званае перавыхаваньне:
“Сытуацыя выглядала наступным чынам. У прызыўной камісіі мяне запэўнілі, што ў летні пэрыяд мяне не забяруць у войска, а выклічуць — увосень. Але неўзабаве я патрапіў у міліцыю літаральна на 20 хвілінаў. Гэта зацікавіла КДБ. Празь некалькі дзён атрымаў позву. У войска адправілі ў апошні дзень прызыву”.
Адправілі Юрку Бакура ў ахову вайсковага палігону Абуз-Лясноўскі ля Баранавічаў. Але нават у гэтым, як юнак кажа, мядзьведзевым кутку яго даставалі спэцслужбы:
“Мяне стала выклікалі ў 8 аддзел КДБ. Прыяжджалі, наведвалі, размаўлялі. Высьвятлялі, як я стаўлюся да службы, ці прыжыўся ў калектыве”.
Прамы ціск, аднак, не перашкодзіў салдату размаўляць у войску толькі па-беларуску. Адмовіўся Юрка Бакур і ад удзелу ў галасаваньні на выбарах.
“Спачатку многім было нязвыкла, што я размаўляю па-беларуску. Пасьля ўсё было як мае быць. Камусьці нават падабалася. А ўвогуле такіх вайскоўцаў, каму наша мова не падабалася, было вельмі мала.
Аднойчы, калі адбываліся мясцовыя выбары, я адмовіўся ўдзельнічаць увогуле. Гэта нарабіла вялікага шуму, што ледзьве не паляцелі пагоны з плячэй камандзіра брыгады і яго намесьніка”.
Служыў у беларускім войску і сябра “Грамадзянскага форуму” ў Магілёве Сяргей Лапуцін. Яго меркаваньне:
“Усе мэтадычныя матэрыялы, якімі мы атрымлівалі ў войску, былі выдадзеныя ў савецкія часы. Іх у Беларусі толькі перадрукавалі. Практычна ўсё ўзбраеньне мы таксама вывучалі толькі савецкае. Гэта значыць, што ніякіх новых тэхналёгіяў, ніякай новай тэхнікі нам ніхто не даваў вывучаць. Усё застаецца на ўзроўні былога СССР”.
Далей гаворыць старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Анатоль Гнеўка:
“Я быў камандзірам стралковай роты ў Заслонаве пад Лепелем. Хачу сказаць, што беларускай арміі, такой, якая патрэбная, цяпер няма. То няма патронаў для баявой вучобы, то няма часу. Салдаты — рабочая сіла. То яны нешта падмятаюць, то яшчэ што-небудзь робяць. І гэта — дзень пры дні”.