Лінкі ўнівэрсальнага доступу

C.Алексіевіч: “Нас чакае не рэвалюцыя – будзе паўзучая эвалюцыя”


Гэтымі днямі чарговы грамадзкі рэдактар тыдня піьсменьніца Сьвятлана Алексіевіч сьвяткуе свой юбілей. У Нямеччыне, Францыі, Японіі яна лічыцца адным з найбольш выдаваемых замежных аўтараў. Тры гады таму Сьвятлана Алексіевіч атрымала галоўную літаратурную прэмію ЗША. Усяго яе кнігі выдадзеныя больш як у 20 краінах сьвету, а ў Беларусі не друкуюць ужо 13 гадоў.


Сёньня Сьвятлана Алексіевіч разважае, як беларуская мэнтальнасьць уплывае на цяперашні стан соцыюму й краіны.

Уліцёнак: “Сёньняшняя Беларусь – гэта трывіяльны працяг Атлянтыды савецкай, або ёй дадаліся нейкія новыя, а магчыма нават і знакавыя рысы ў псыхалёгіі?”

Алексіевіч: “У нейкім сэнсе час тут цяпер прыпынены палітычна. Але хто такі беларус? Гэта ўсё ж чалавек зь сялянскай мэнтальнасьцю: ён хоча пераменаў, але ня хоча ўзрушэньняў. Многае ў сёньняшняй уладзе яму знаёмае, звыклае, з гэтым людзі мірацца.

А зь іншага боку яны езьдзяць, глядзяць, слухаюць, бачаць сьвет, будуюцца, купляюць нязвыклыя рэчы, частуюцца новай ежай – зрушэньне адбываецца. І яго не спыніць ніякай аўтарытарнай уладзе – хутчэй яна сама будзе мяняцца. Бо грамадзтва разумнее, становіцца больш плястычным, больш дынамічным. Уладзе ад гэтага нікуды не падзецца. Тым больш і Расея ўжо ня стане ўтрымліваць беларускі сацыялізм: усе заклапочаныя ўласнымі інтарэсамі.

Мы ўступілі ў сьвет, дзе няма ілюзій. І да гэтага неабходна быць гатовымі.

Іншая рэч, я не падзяляю ідэі пра тое, што нас чакае рэвалюцыя. Не дачакацца яе тут. Будзе павольная, паўзучая эвалюцыя, так мне падаецца”.

Уліцёнак: “Што ў беларусах неадэкватна ўспрымаюць тыя ж швэды ці немцы, зь якімі вам даводзіцца часта мець справу?”

Алексіевіч: “Са свайго досьведу замежных вандровак магу сказаць: людзі паўсюль аднолькавыя. Добрыя і злыя, мэлянхолікі і сангвінікі – хутчэй вось так сьвет дзеліцца. Тое, што адбываецца зь Беларусьсю, залежыць не ад характару беларусаў – тут хутчэй справа ў масе гістарычных прычынаў. Не, зусім не ў мэнтальнасьці рэч, калі кажуць, што беларусы вось такія нібыта марудныя, сядзяць там у сваіх балотах, а потым ужо – выбух: партызанскі рух…

Я так ня думаю. Проста Эўропа падзяліла постсавецкі сьвет на зоны сваіх інтарэсаў. А беларусы выпалі з-пад гэтай увагі. Прыбалтыка, напрыклад, была цікавая швэдам, немцам, гэтаксама як й іншыя. А мы апынуліся недзе пасярэдзіне, і па негалоснай дамове трапілі сфэру інтарэсаў Расеі.

Зноў кажу: ня думаю, што тое зьвязанае з нашай мэнтальнасьцю. Тут справа ў гістарычных заканамернасьцях. Урэшце – у гісторыі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG