Лінкі ўнівэрсальнага доступу

C.Алексіевіч: “На статысячныя мітынгі мы зьбіраліся ня дзеля эпохі мамоны”


Тры гады таму Сьвятлана Алексіевіч атрымала галоўную літаратурную прэмію ЗША. Яе кнігі выдадзеныя больш як у 20 краінах сьвету, хоць у Беларусі ляўрэата шматлікіх міжнародных літаратурных прэміяў не друкуюць ужо 13 гадоў.

Цягам тыдня спадарыня Алексіевіч будзе дзяліцца думкамі і назіраньнямі пра тое, што адбываецца з намі зараз, а на пятніцу яна даручыла журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Чым жыве чалавек у сёньняшнім сьвеце”.

Сёньня Сьвятлана Алексіевіч разважае, чаму “чырвоны чалавек”, выхаваны за саветамі, застаецца і ў сёньняшнім дні, чаму савецкае мінулае вабіць нават маладое пакаленьне, ці ўсё ў тым часе было выключна чорнага ці шэрага колераў?

– У мінулым стагодзьдзі былі дзьве страшныя й энэргэтычныя ідэі: фашызм і інтэрнацыянальны сацыялізм у бальшавіцкім варыянце. Абедзьве пацярпелі паразу. Хоць бальшавіцкі сацыялізм пратрымаўся крыху больш.

Дзякуючы чаму? Атрымліваецца, нешта ёсьць у гэтай ідэі такое, што заварожвае людзей. Улічыце: яна захапіла лепшых, прыгожых. Уяўленьне пра гісторыю, што ўладу захапіла купка авантурыстаў, садыстаў і прымусіла мільёны жыць па-іншаму, – неразумнае, нікчэмнае.

Я дастаткова шмат займалася мэмуарамі пачатку стагодзьдьзя, гісторыяй рэвалюцыі і зразумела: усё да гэтага ішло, тут і трагічнае супадзеньне мэнтальнасьці, і нэндзы, і разрухі – працэс вельмі складаны… А ў выніку маем “чырвонага чалавека”.

Ён мне вельмі цікавы. Асабліва сёньня, у наш час, калі ў паветры выразны дух гаманца, нажывы, дух мамоны, калі ўсё падпарадкоўваецца страўніку, “двенадцатиперстной кишке”… На гэтым тле магу сказаць, напрыклад, што мне даспадобы жанчыны ваеннага пакаленьня – такіх прыгожых душ больш ніколі ня будзе. Гэта былі самыя цудоўныя людзі!

У тым нашым жыцьці, якое аддаляецца, было ўсё ж шмат моцнага і цікавага, высокага гістарычнага досьведу. Вось многія і сумуюць па тым часе. Прычым ня толькі старэйшыя, але й маладыя.

Бо гэты новы сьвет, той варыянт, які ў нас атрымліваецца (у нас жа не народна-дэмакратычная рэвалюцыя – гэта нейкі намэнклятурны капіталізм, або намэнклятурна-постіндустрыяльнае грамадзтва, ня ведаю, як лепш назваць) – гэта зусім ня тое, што мы хацелі. У імя чаго зьбіраліся некалі статысячнымі мітынгамі.

Атрымалася нешта іншае. Хацелі ў будучыню, а трапілі ў мінулае.

У мяне новая кніга так і называецца “Час second-hand: канец “чырвонага чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG