Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б. Жаліба: "Продаж заводаў будзе карысны Беларусі"


Госьць Начной Свабоды -- Барыс Жаліба, доктар эканамічных навук, прафэсар. 25 гадоў выкладаў эканоміку ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным ўнівэрсытэце. Абараніў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысэртацыі па эканоміцы лесапрамысловага комплексу. Пасьля 4 гады працаваў у банку. Цяпер выкладае эканоміку ў недзяржаўным ВНУ і шмат піша ў беларускія эканамічныя выданьні.


Соўсь: "Канцэрн “Белнафтахім” плянуе да канца году падаць ураду прапановы па прыватызацыі прадпрыемстваў “Палімір” і “Нафтан”. Вынікам перамоваў старшыні Рады дырэктараў АТ “Русские машины” Алега Дзерыпаскі з А.Лукашэнкам стала магчымае акцыянаваньне МАЗу . Беларусь спадзяецца атрымаць ня меней за 500 мільёнаў даляраў ЗША ад продажу апэратара мабільнай сувязі БэСТ праўдападобна турэцкай кампаніі Turkcell. Кантрольны пакет “Белінвэстбанку”, аднаго зь пяці найбуйнейшых дзяржаўных банкаў краіны, праз тры-чатыры месяцы прададуць нямецкаму Commerzbank. Як Вы лічыце, Беларусь больш згубіць ці атрымае пры гэтых зьдзелках? Што згубіць? І што атрымае?

Жаліба: "Я думаю, больш атрымае. На жаль, калі мы ня маем сучасных тэхналёгій, інвэстыцый, нам трэба, як кажуць, прадавацца. Наколькі я ведаю, расейцы даўно хочуць набыць наш Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Але не маглі дамовіцца з расейцамі ў цане, былі справядлівыя патрабаваньні забясьпечыць сацыяльныя ўмовы і гэтак далей.

Мы чакаем ад прыватызацыі грошы на абнаўленьне асноўных фондаў і больш эфэктыўнае кіраваньне
Час ідзе, і я думаю, што гэты працэс да нечага прывядзе. Мы чакаем ад прыватызацыі грошы на абнаўленьне асноўных фондаў і больш эфэктыўнае кіраваньне. Як паказвае практыка, прыватнік працуе больш эфэктыўна, ёсьць стымулы для працы людзей на прыватных прадпрыемствах. Іншая рэч, якая мяне непакоіць -- усё ж такі нам быў бы больш прывабны заходні капітал, бо ён прыносіць больш сучасныя тэхналёгіі, чым расейскі. Але трэба ўлічыць, што нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы забясьпечваюцца расейскай нафтай, і таму лягічна, каб расейскія інвэстары прыйшлі на нашыя НПЗ, паскорылі рэканструкцыю і зрабілі гэтыя прадпрыемствы больш сучаснымі.

Я ня супраць і турэцкага капіталу, бо гэта дасьць штуршок для разьвіцьця нашай эканомікі. Ёсьць таксама прапановы, каб стратэгічныя інвэстары акцыянавалі такія прадпрыемствы, як Бабруйскшына ды іншыя. Нічога дрэннага я ў гэтым працэсе ня бачу. Я думаю, што гэта будзе на карысьць эканоміцы Беларусі, нашаму народу, бо павысіўся б яго жыцьцёвы ўзровень.

Соўсь: Вы лічыце што Беларусь нічога ня згубіць ад гэтых продажаў?

Жаліба: Я думаю што не, бо калі б мы мелі свае беларускія капіталы, якія прынесьлі б сучасныя тэхналёгіі, гэты было б добра. Але калі мы гэтага ня маем, трэба рабіць такую перадпродажную падрыхтоўку. Ёсьць, вядома, стратэгічныя прадпрыемствы, якія прадаваць замежнаму капіталу ня варта".

"Прыватызацыю варта было пачынаць раней"

Соўсь: Як Вы мяркуеце, чаму менавіта апошні год найбольш актыўна пачаўся продаж буйных беларускіх прадпрыемстваў?

Відавочна ўрад упэўніўся ў тым, што трэба прыцягваць замежныя капіталы. Іншая справа адкуль -- з Расеі ці з Захаду
Жаліба:
"Калі б быў унутраны патэнцыял разьвіцьця прадпрыемстваў, было б бачна, што нашыя прадпрыемствы робяць нейкі прагрэс. Відавочна ўрад упэўніўся ў тым, што трэба прыцягваць замежныя капіталы. Іншая справа адкуль -- з Расеі ці з Захаду. Я ўсё ж паўтаруся, што больш сучасны капітал -- заходні. Наколькі я ведаю, ёсьць прапановы і з Захаду. Тут трэба праводзіць такую шматвэктарную палітыку прыцягненьня замежных капіталаў. Я думаю, што гэта робіцца, але са спазьненьнем. Гэта трэба было рабіць ўсё ж раней на пяць, а можа і болей гадоў".

Соўсь: "А куды ідуць ці куды пойдуць грошы, атрыманыя ад
прыватызацыі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў? Наколькі празрыстыя гэтыя зьдзелкі?"

Жаліба: Найперш гэтыя грошы павінны пайсьці на рэканструкцыю тых самых прадпрыемстваў. Таму мы і гаворым, што павінен быць стратэгічны інвэстар. Часткова гэтыя грошы могуць патрапіць і ў бюджэт дзяржавы. Гэта таксама добра, але галоўная мэта ўсё ж першая, каб павысіць канкурэнтаздольнасьць нашых прадпрыемстваў на ўсясьветным рынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG