Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У наступным годзе будзе ўдвая больш абітурыентаў


Падрыхтаваны праект дэкрэту прэзыдэнта аб пераходзе на 11-гадовае навучаньне ў сярэдняй школе. На гэтым тыдні дакумэнт будзе накіраваны на разгляд кіраўніку дзяржавы, заявіў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Анатоль Рубінаў.


Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва навін БЕЛТА, праект дэкрэту адлюстроўвае асноўныя прапановы міжведамаснай камісіі па аналізе сыстэмы агульнай і сярэдняй адукацыі, якую ўзначальвае Анатоль Рубінаў. Камісія лічыць мэтазгодным устанавіць 11-гадовы тэрмін атрыманьня агульнай сярэдняй адукацыі. Паводле камісіі, гэта найбольш адпавядае патрэбам беларускай эканомікі, забясьпечвае рацыянальнае выкарыстаньне бюджэтных сродкаў і адказвае пажаданьням большасьці грамадзянаў. Навучаньне будзе праводзіцца паводле агульнай для ўсіх праграмы.

У большасьці краінаў Эўропы, у тым ліку і ў краінах-суседзях Беларусі, сярэднюю адукацыю вучні атрымоўваюць за 12 гадоў.

Структура сярэдняй адукацыі прадугледжвае тры ступені.

Першая — 1-4 клясы, другая — 5-9 клясы (базавая школа), трэцяя — 10-11 клясы (закончаная сярэдняя адукацыя). У першую клясу дзеці пойдуць у шэсьць гадоў. Базавая адукацыя, якая складзе дзевяць гадоў, будзе абавязковай для ўсіх вучняў.

Плянуецца ўвесьці пяцідзённы навучальны тыдзень ва ўсіх установах сярэдняй адукацыі без вынятку на тры ступені навучаньня. Школьны тыдзень будзе шасьцідзённы, у шосты дзень будуць працаваць гурткі, спартовыя сэкцыі, праводзіцца грамадзкія мерапрыемствы. Заняткаў у гэты дзень ня будзе.

Навучальны год прадоўжыцца да 1 чэрвеня
. Застаецца дзесяцібальная сыстэма. Захоўваецца цэнтралізаванае тэставаньне.

Як адзначыў Анатоль Рубінаў, паглыблены і павышаны ўзроўні вывучэньня прадметаў пераносяцца на факультатывы.

Камісія таксама рэкамэндуе павялічыць настаўнікам надбаўкі за катэгорыі, устанавіць асобную катэгорыю для маладых спэцыялістаў. Мяркуецца зьнізіць настаўнікам тыднёвую нагрузку з 18 да 16 гадзін.

На думку Анатоля Рубінава, “знойдзены аптымальны варыянт з улікам рэальнай сытуацыі... Калі будуць прынятыя канкрэтныя рэкамэндацыі камісіі, не пацерпіць ніхто: ні настаўнікі, ні вучні, ні іх бацькі. Наадварот, настаўнікам будуць павялічаны выплаты, зьменшыцца навучальная нагрузка ў школе”.

У наступным годзе будзе ўдвая больш абітурыентаў

У наступным годзе будзе два выпускі: тых, хто яшчэ падпадаў пад 11-годку, і тых, хто так і не пасьпее давучыцца па 12-гадовай праграме. Удвая больш абітурыентаў будзе штурмаваць ВНУ. Але наўрад ці ВНУ павялічаць колькасьць месцаў. Кваліфікацыі ў падлеткаў няма, таму можа павялічыцца беспрацоўе сярод моладзі.

Год — за два

Найбольш цяжка давядзецца навучэнцам 9—10 клясаў. З аднаго боку, тэрмін вучобы ў школе для іх скароціцца на год, яны раней уступяць у самастойнае жыцьцё. Але ж тое, што яны павінны былі засвойваць два гады, давядзецца вывучыць за год. Натуральна, істотна ўзрасьце нагрузка на вучняў. За пару месяцаў новыя падручнікі падрыхтаваць немагчыма. Таму настаўнікам давядзецца вырашаць, якія тэмы вывучаць глыбока, якія — павярхоўна альбо зусім выключыць з праграмы, кажа старшыня камісіі па адукацыі, навуцы, культуры, навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч:

“Нельга — я лічу як настаўнік, як чалавек, ужо дасьведчаны ў гэтай сфэры, — нельга за 2—3 месяцы падрыхтавацца да зусім новага стану выкладаньня. Якія тэмы патрэбна выключыць з праграмы, якія пакінуць — прычым патрэбна абмеркаваньне правесьці, удумлівае абмеркаваньне са спэцыялістамі. Усё гэта патрабуе часу. Хто і за які час падрыхтуе настаўнікаў па новых, зьмененых праграмах?”

Да меркаваньня Міністэрства адукацыі не прыслухаліся

Міністэрства адукацыі дагэтуль не атрымала дакумэнтаў і не дае ніякіх камэнтароў. Але некалькі дзён таму начальнік Упраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ігар Гладкоў паведаміў, што нават ён ня ўключаны ў склад міжведамаснай камісіі:

“Трэба думаць, перш чым прымаць рашэньне. А грамадзтва наша, мне здаецца, да канца не дадумала...”

Карэспандэнтка: “А вашыя меркаваньні, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, неяк улічваліся? Да вашых аргумэнтаў прыслухоўваліся?”

Гладкоў: “Ну вы ж ведаеце, прэсу чытаеце: аргумэнты нашыя ня ўлічаныя былі. Нашы аргумэнты, паўтаруся, не былі ўлічаныя ў поўнай меры. Давайце мы пачакаем да 26 траўня”.

Некаторыя прадметы зьнікнуць са школьнай праграмы

Навукова-мэтадычная ўстанова “Нацыянальны інстытут адукацыі” распрацоўвае вучэбныя пляны, зацьвярджае школьныя праграмы, выпускае падручнікі. На пытаньне, якія зьмены чакаюцца ў новым навучальным годзе, загадчык мэтадычнага цэнтру інстытута Рыгор Чамаданаў адказаў так:

“Усё ў працы. І толькі ў канцы гэтага месяца рабочыя групы, якія працуюць над праграмамі, прынясуць нейкі вынік, тады можна будзе казаць”.

Карэспандэнтка: “Быццам бы некаторыя прадметы наагул выключаць з праграмы, фізыку аб’яднаюць з астраноміяй. Вы можаце паведаміць пра зьмены?”

“Вучэбныя пляны, якія вызначаюць праграмы, колькасьць гадзінаў, структуру — яны таксама ў працы. Вось калі будзе дакумэнт, тады мы зможам казаць пра якое-небудзь скарачэньне. А пакуль невядома. Калі будзе падрыхтаваная дакумэнтальна-прававая аснова — тады і будзем пра гэта казаць. А пакуль заўчасна”.

Як стала вядома, “Усясьветную гісторыю” аб’яднаюць з “Гісторыяй Беларусі”. Але пакуль невядома, па колькі гадзін будзе адведзена на гісторыю Беларусі і на агульную гісторыю. Фізыку, хутчэй за ўсё, аб’яднаюць з астраноміяй. Школьнікі ня будуць больш вывучаць прадмет “Усясьветная мастацкая культура”.

У. Колас: “Чым меней будуць знаходзіцца маладыя людзі ў школе, тым лепш”

Тое, што ў сярэднюю школу вяртаецца 11-гадовае навучаньне, сьведчыць, што экспэрымэнт з укараненьнем 12-гадовай навучальнай праграмы прызнаны праваленым і згорнуты, лічыць дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас. Ён кажа, што ў чымсьці такое рашэньне пойдзе на карысьць самім вучням, якія ўрэшце атрымаюць меншую порцыю “ідэалягічнага замбаваньня”:

“Тут толькі рукамі застаецца разьвесьці... Гэта яшчэ раз сьведчыць аб прафэсійным узроўні тых, каму лёсам выпала займацца гэтай справай. Я маю на ўвазе — адукацыяй. Безумоўна, адукацыя ня церпіць вось такіх кідкоў, імпульсіўных і неабгрунтаваных. І толькі страты ад гэтага будуць агульнай справе. Але сапсаваць гэтую справу ўжо цяжка, бо яна і так ужо сапсаваная. І ў прынцыпе 10 гадоў, 11—12 — ня гэта галоўнае. А галоўнае тое, што робяць сёньня ў школах з маладым пакаленьнем беларусаў. Іх пазбаўляюць гістарычнай памяці, іх пазбаўляюць нацыянальнай сьвядомасьці, у прынцыпе здольнасьці самастойна мысьліць і ацэньваць факты. Па вялікім рахунку, чым меней будуць знаходзіцца маладыя людзі ў школе, тым лепш. Але для агульнай справы гэта толькі шкода”.

Карэспандэнт: “На ліцэйскае жыцьцё паўплывае гэтая рэформа ці не?”

“Безумоўна, тыя, хто займаецца па ліцэйскай праграме, будуць мець праблему пры здачы іспытаў экстэрнам. Ну, але гэтыя пытаньні можна адрэгуляваць. Увогуле адзінае выйсьце ў такой сытуацыі для нармальнай, таленавітай, здольнай моладзі, а такой у нас шмат, — больш увагі і больш часу аддаваць самастойнаму навучаньню з тым, каб атрымаць адукацыю на ўзроўні цяперашніх патрабаваньняў, сучаснага ўзроўню грамадзтва”.

А. Лозка: “Зноў трэба ўкладаць грошы ў новыя праграмы”

Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка лічыць рашэньне аб рэформе, бо малапрафэсійная каманда чыноўнікаў, якая фактычна заваліла экспэрымэнт з 12-гадовым навучаньнем, наўрад ці здольная чымсьці вызначыцца ў чарговай рэформе:

“Няхай было б пакуль 12, бо ўсё роўна зробяць ня тое і зноў ня так. Праблемаў шмат іншых у школе. Не гавораць увогуле пра свой досьвед, пра нацыянальную асьвету. Давядзецца ж некалі вырашаць гэтыя праблемы. З аднаго боку, тут добра тым, хто працуе ў вышэйшай школе, у Нацыянальным інстытуце адукацыі. Ім, можа, і добра будзе. Усё ж будуць укладацца грошы зноў у гэтыя новыя праграмы, зноў новыя падручнікі будуць патрэбныя. Але на самой справе я не рабіў бы гэтую рэформу. Няхай бы ўжо некалі зрабілі прафэсіяналы.

А наагул мне гэта ўсё нагадвае нейкага вазака, які едзе на конях, паганяе. Чалавек, магчыма, першы раз за лейцы ўзяўся, ня ведае, куды ехаць. То туды, то назад, коні таксама то направа, то налева тузаюцца, топчуцца на месцы... Непрафэсіяналізм нашых уладных “вазакоў” відавочны. Бо на кіраўнічыя пасады бяруць, зразумела, не людзей здольных, не дэмакратычным шляхам выбраных, якія павінны валодаць іншымі якасьцямі, а перадусім адданых і ляяльных. Таму так і атрымліваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG