Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Мураўёў: рак – гэта не прысуд


Госьць "Начной Свабоды" – прафэсар, анкамарфоляг Генадзь Мураўёў.


Соўсь: "Генадзь Мікалаевіч, вы пішаце ўсе заключэньні па-беларуску. Ці многія вашы калегі ў інстытуце ідуць за вашым прыкладам? Як на гэта рэагуе начальства, хворыя?"

Мураўёў: "Сапраўды, я пішу ўсе свае заключэньні, рэцэнзіі, пэўныя навуковыя працы і канфэрэнцыі праводжу заўсёды на беларускай мове. Цяпер у нашым інстытуце таксама размаўляе на беларускай мове яшчэ толькі адзін супрацоўнік. Яго прозьвішча вельмі знакамітае для расейскага вуха і расейскай навукі – Юдзін. Быў такі знакаміты расейскі хірург".

Соусь: “А наогул, ці выдаецца мэдычная літаратура па-беларуску?”

Мураўёў: "На бягучы момант, наколькі я ведаю, ніякай мэдычнай літаратуры ў Беларусі па-беларуску не выдаецца. За выключэньнем, пэўных навуковых артыкулаў, якія пішуць навукоўцы ў даволі высокіх навуковых званьнях – дактары навук, прафэсары. Гэта спарадычныя выпадкі, але мяне гэта радуе”.

Соусь: "Я б хацела папрасіць вас, Генадзь Мікалаевіч, патлумачыць для нашых слухачоў сутнасьць працы анколяга-патамарфоляга".

Апошняя слова ў дыягностыцы і вызначэньні мэтададў лячэньня мае патамарфоляг. Права на памылку мы ня маем
Мураўёў:
"Справа ў тым, што любая пухліна перад тым, як яна пачынае лячыцца... А ў нас ёсьць толькі тры-чатыры асноўныя мэтады лячэньня: гэта хірургічны мэтад, прамянёвы мэтад, хіміятэрапія, імунатэрапія. Плюс нейкія дапаможныя мэтады лячэньня. Дык вось паводле закону, перад тым, як пачынаць лячыць любую пухліну, яна павінна быць падвергнута марфалягічнай вэрыфікацыі. І вось калі зьбіраецца кансыліюм па тактыцы і стратэгіі лячэньня пухлінаў, то, звычайна, апошняе слова застаецца за патамарфолягам. Марфоляг перш-наперш робіць дыягностыку пухліны, дакладна вызначае сутнасьць гэтай пухліны – зь якой тканкі яна сыходзіць, дыфэрэнцыроўка, ступень агрэсіўнасьці – і тым самым вызначае стратэгію лячэньня: што рабіць спачатку – хірургія, ці прамянёвая тэрапія, ці хіміятэрапія. Так што апошняя слова ў дыягностыцы і вызначэньні мэтададў лячэньня мае патамарфоляг. Вельмі адказная функцыя. Права на памылку мы ня маем.

Соусь: "Скажэце, калі ласка, з чым вы зьвязваеце павелічэньне колькасьці хворых на рак у Беларусі – гэта наступствы Чарнобылю, нездаровы лад жыцьця ці нешта іншае? Што ўплывае?”

Гэта ўжо даказана – што спускавым мэханізмам, які правакуе гэты ген для разьвіцьця раку лёгкага, зьяўляецца паленьне, нікатын
Мураўёў:
“Вельмі, на мой погляд, слушнае пытаньне. Справа ў тым, што рост колькасьці анкалягічных захворваньняў назіраецца ня толькі ў Беларусі – гэта па ўсім сьвеце назіраецца. На мой погляд, гэта зьвязана з шэрагам прычын, пра якія ў такой кароткай размове не раскажаш. Але перш-наперш, гэта зьмена сутнасьці жыцьця, людзі сталі менш рухацца. Па-другое, ня надта добра кантралююцца прадукты харчаваньня і вада. Вялікую ролю грае стрэс. Усё разам гэта вельмі кепска дзейнічае на арганізм чалавека. Але што я б падкрэсьліў як самае галоўнае – гэта паленьне, нікатын. Каб зараз чалавецтва раптам адмовілася ад тытуню, нам бы работы паменшала. Хачу сказаць, што зусім нядаўна шэраг аколягаў – прычым, ня толькі зь вядучых краінаў, такіх як ЗША, Ангельшчына, Нямеччына, Францыя, але і з Расеі – вынайшлі ген, які адказвае за ўзьнікненьне рака лёгкага. Самае галоўнае і самае дзіўнае – і гэта ўжо даказана – што спускавым мэханізмам, які правакуе гэты ген для разьвіцьця раку лёгкага, зьяўляецца паленьне, нікатын. Прычым паленьне выклікае ня толькі рак лёгкіх і інфаркты ў маладым узросьце, але і рак гартані, рак нырак, рак страўніка, стрававода і многія іншыя. Так што кожны, перш чым узяцца за цыгарэту, павінен памятаць пра гэта".

Соўсь:
"Генадзь Мікалаевіч, некалькі гадоў таму Сусьветная Арганізацыя аховы здароўя зрабіла справаздачу, згодна зь якой ад наступстваў чарнобыльскай радыяцыі ў Беларусі, Украіне і Расеі, нібыта, памерлі толькі каля чатырох тысяч чалавек. Ці згодныя вы з такімі высновамі і наколькі ўсё ж чарнобыльская катастрофа паспрыяла росту колькасьці анкалягічных хваробаў?"

Мураўёў: "Тут справа ў тым, што занесьлі ў той сьпіс тых чатырох тысяч, якія памерлі ад чарнобыльскай аварыі. Калі гэта гаворка ідзе толькі пра выратавальнікаў, якія працавалі непасрэдна ў першыя дні на Чарнобыльсай станцыі і памерлі менавіта ад прамянёвай хваробы, што было зарэгістравана ў адпаведным цэнтры ў Маскве, дзе яны лячыліся, то гэтыя лічбы сапраўды маюць пад сабой падмурак. А вось тое, што пачалося потым – дык гэта ўжо зусім іншая рэч. На сто адсоткаў даказана шкоднае ўзьдзеяньне радыяцыі на шчытападобную залозу і зразумела, што тыя людзі, якія памёрлі ад раку шчытападобнай залозы, сапраўды памерлі менавіта ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Самае сумнае тое, што наступствы для шчытападобнай залозы можна было паменшыць і вельмі простым спосабам – гэта кропля ёду на шклянку малака, каб блякаваць шчытападобную залозу. Бо той ёд, які быў у складзе радыяактыўных выпадзеньняў, мае вельмі кароткі пэрыяд паўраспаду. Але ўсё было засакрэчана, нават тыя, хто павінен быў у першыя хвіліны даведацца аб аварыі, аб ёй ня ведалі. Напрыклад, у той сьпякотны красавіцкі дзень я знаходзіўся побач з генэралам-лейтэнантам Грышагіным. Якраз у той момант прыбег салдат і сказаў, што генэрала тэрмінова выклікаюць у Менск. Я яго пытаюся, што здарылася? Ён нічога не сказаў, бо сам пра тое, што нешта здарылася, даведаўся толькі у 17 гадзін”.

Соўсь: "Генадзь Мікалаевіч, што вы, як лекар, кажаце хвораму на рак?"

Цяпер лечым 60 працэнтаў, а ў некаторых выпадках і 80 працэнтаў ракавых хваробаў. Мы іх вылечваем.
Мураўёў:
"Трэба, каб усе ведалі, што дыягназ рак – гэта не прыгавор. Мы цяпер лечым 60 працэнтаў, а ў некаторых выпадках і 80 працэнтаў ракавых хваробаў. Мы іх вылечваем. Толькі самыя запушчаныя выпадкі, калі ўжо пачалося мэтастазаваньне ў іншыя органы і тканкі, косную сыстэму, тады чалавек сапраўды памірае. Але і ў гэтых выпадках мы пазбаўляем яго ад болю, даем адпаведныя лекі і падтрымліваем яго маральна".

Соўсь: "Генадзь Мікалаевіч, калі памірае чалавек ад раку, у нэкралёгах часта пішуць "памёр ад цяжкай і працяглай хваробы". Вы лічыце, гэта нармальным?”

Мураўёў: "Так, такая формула здаецца мне нармальнай – яна далікатная і ня вельмі траўміруе родных і блізкіх".

Соўсь: “Скажэце, калі ласка, ці можна прадухіліць ракавую хваробу. Якія парады ад Генадзя Мураўёва?”

Мураўёў: "Здаровы лад жыцьця, ня піць, не курыць. Гэта першае. Па-другое, трэба добра ведаць свой радавод. Калі напрыклад, у маці ці бабулі быў рак малочнай залозы, то і дачцэ і ўнучцы трэба добра пра гэта падумаць. Ёсьць добрыя спосабы пазьбегнуць гэтай хваробы. Больш за тое, пэўную генэтычную пераемнасьць маюць такія хваробы, як рак страўніка, рак печані, рак нырак, дарэчы, рак капшука. Так што трэба добра ведаць свой радавод. Па-трэцяе, трэба пазьбягаць тых траўматычных хімічных і фізычных узьдзеяньняў, якія могуць справакаваць разьвіцьцё раку. Пра лёгкія я ўжо сказаў. Трэба быць вельмі да сябе ўважлівым. Напрыклад, узьнікла на скуры нейкая пляма, якой раней не было, трэба зьвярнуцца да анколяга (не да касмэтоляга). І выключыць самую злаякасную хваробу ў арганізьме чалавека – мэляному".

Калі, напрыклад, у маці ці бабулі быў рак малочнай залозы, то і дачцэ і ўнучцы трэба добра пра гэта падумаць
Соўсь:
"Генадзь Мікалаевіч, у інтэрвію газэце "Народная воля", вы назвалі расейскага палкаводца Аляксандра Суворава, які, дарэчы, памёр ад рака, катам беларускага народу. А каго вы лічыце героямі беларускага народу?"

Мураўёў: "У храналягічным парадку магу назваць некаторых (вядома, ня ўсіх). Гэта Тадэвуш Касьцюшка, Кастусь Каліноўскі, нашы прарокі Купала і Колас, ну і Васіль Быкаў. Васіль Быкаў – гэта такая магутная постаць ня толькі геніяльнага пісьменьніка, але і вялікага грамадзяніна Беларусі. Я шчасьлівы, што такія волаты, як ён, у Беларусі былі".

Соўсь: "У складзенай Генадзем Бураўкіным кнізе ўспамінаў "Наш Быкаў" ёсьць і ўспаміны Генадзя Мураўёва. Вы былі даволі доўга знаёмыя. Ці памятаеце вы апошнія дні Быкава ў Беларусі?"

Мураўёў: "Так, зразумела. Апошнія дні я быў побач зь ім. Добра памятаю гэтыя дні. Мы шмат размаўлялі, спадзяюся, калі-небудзь я апублікую размовы з Васілём Уладзімеравічам. Трэба, каб прайшоў нейкі тэрмін, каб гэта добра адклалася ў душы і сэрцы. Гэта ўсё трэба добра перажыць".

Генадзь Мураўёў – адзіны ў Беларусі прафэсар анколяг-патамарфоляг. Ён нарадзіўся 15 красавіка 1938 году ў Менску. Месяц таму адзначыў сваё 70-годзьдзе. Мае беларускія, расейскія, польскія і літоўскія карані. Але сам сябе заўсёды адчуваў беларусам і лічыць беларускую мову роднай. Аз 1961 года працуе ў НДІ анкалёгіі і радыялёгіі — зь першага дня існаваньня гэтай установы. Кандыдацкую і доктарскую дысэртацыю абараніў у Маскве. Зь дзяцінства займаецца спортам: захапляўся плаваньнем, гімнастыкай, боксам, футболам. У футбол гуляе і дагэтуль: у камандзе аматараў самы старэйшы. Лічыць, што спорт — самая лепшая прафіляктыка захворваньняў. На байдарках прайшоў усе рэкі Беларусі: Днепр, Прыпяць, Нёман, Заходнюю Дзьвіну. Генадзь Мураўёў у маладосьці пакарыў Карпаты, горы Каўказа, у 27 гадоў ажыцьцявіў узыходжаньне на Цянь-Шань.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG