Лідэр прадпрымальніцкага руху за ўдзел у мітынгу пратэсту 10 студзеня быў асуджаны на 2,5 года зьняволеньня, паводле суду – за зьбіцьцё міліцыянта.
У ізалятары С.Парсюкевіча папярэдзілі, што могуць у ягонай асабістай справе зрабіць запіс: “Схільны да ўцёкаў”. Пра тое, што здарылася, жонка прадпрымальніка Натальля даведалася зь ягонага ліста:
“Калі была Радуніца, ён вельмі перажываў, што ня быў у бацькі на могілках. У яго ёсьць такая ікона, і ён паставіў яе ў вакно, бо больш паставіць не было куды. Ахоўнікі зайшлі, накрычалі, сказалі прыбраць, іначай напішуць заўвагу, што схільны да ўцёкаў. Таму што дакрануўся да вакна, да кратаў”.
У Жодзінскім сьледчым ізалятары таксама служаць міліцыянты, якія таксама ахоўваюць і прыгавораных да пажыцьцёвага зьняволеньня ў Жодзінскай калёніі. Менавіта гэтым тлумачаць надзвычайную жорсткасьць ахоўнікаў у абыходжаньні з арыштантамі ў Жодзіна.
Якія наступствы можа мець для вязьня залічэньне ў “схільныя да ўцёкаў”? Былы палітвязень Валер Леванеўскі кажа, што гэта своеасаблбівая пляма на ўвесь час адбыцьця пакараньня:
“Уначы могуць прыходзіць, правяраць, ліхтарыкам сьвяціць. Некалькі раз на дзень павінен прыходзіць і адзначацца”.
В.Леванеўскі лічыць пагрозу ў адрас С.Парсюкевіча незаконнай, таму што патрэбныя сапраўды істотныя прычыны, каб вязьня занесьлі ў сьпіс “схільных да ўцёкаў”. Праблема яшчэ ў тым, што калі такое рашэньне прымуць, яго немагчыма аспрэчыць. “Нашы суды нават не прымаюць скаргаў на ўмовы ўтрыманьня”, дадае былы палітвязень Валер Леванеўскі.
У Менскім сьледчым ізалятары працягвае чакаць разгляду касацыйнай скаргі Андрэй Кім, якога асудзілі на паўтара года зьняволеньня. Нядаўна Андрэй лячыўся ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі ад запаленьня вачэй. Паводле зьвестак маці вязьня Тацяны Кім, курс лячэньня пайшоў яму на карысьць.
Днямі Т.Кім спрабавала перадаць сыну ў турму летнюю вопратку, але ёй адмовілі, сказаўшы, што сын спачатку павінен перадаць ёй зімовую вопратку: мець і зімовую і летнюю адначасова нельга.