“Віцебскі пролетарый”, год 1938. Газэта пераказвае выступ пракурора СССР А.Вышынскага на Ўсебеларускай нарадзе работнікаў пракуратуры: “Адной з галоўных прычын недахопаў у рабоце органаў пракуратуры і следства тав. Вышынскі лічыць глыбока ўкараніўшуюся ў сазнанне раду работнікаў недаацэнку ролі і значэння соцыялістычнай законнасці, як сродку нашага пераможнага руху ўперад на шляху будаўніцтва соцыялізма, як сродку ў барацьбе за ўмацаванне соцыялістычнай дзяржавы”.
На старонках “ЛіМу” ў 1958 годзе група навуковых супрацоўнікаў АН БССР выступае з прапановамі адносна таго, як варта было б сьвяткаваць Купальле: “Купалле ў наш час можна зрабіць куды больш змястоўным і вясёлым святам, чым раней. Удзельнікі гэтага свята не толькі раскладвалі б вогнішчы, пускалі на ваду вянкі, вадзілі карагоды, але наладзілі б спартыўныя гульні, атракцыёны, факельнае шэсце, карнавалы... Купалле пры спалучэнні старых і новых форм яго правядзення набыло б у Савецкай Беларусі новы змест радаснага свята сацыялістычнай працы і барацьбы за мір”.
* “Имя” ў 1998 годзе пад рубрыкай “Чуткі” піша: “Кажуць, што спроба масавага перасяленьня паслоў замежных дзяржаў з урадавага дачнага паселішча “Дразды” зьвязана зусім не з заменай каналізацыйных труб і іншых камунікацый. Проста рэзыдэнцыі паслоў ЗША і Францыі знаходзяцца надта блізка да рэзыдэнцыі галоўнага рэзыдэнта краіны... Аляксандра Рыгоравіча вельмі турбуе здаровы непалітычны шум... Вось і давялося неадкладна заняцца рамонтам труб згодна з прынцыпам: ні сабе, ні апазыцыі”.