Праваабаронцы, журналісты, былыя палітвязьні, тыя, каго днямі пакаралі так званай “хатняй хіміяй”, а таксама прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў і рэлігійных суполак гаварылі пра тое, як сумеснымі намаганьнямі абараніць 13 пакараных судамі актывістаў дэмакратычнага руху.
На паседжаньне прыйшлі пакараныя абмежаваньнем волі моладзевыя актывісты, які праходзілі ў “справе 14-ці”, а таксама нядаўнія палітвязьні Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец і Кацярына Садоўская.
Асуджаныя ў “справе 14-ці” актывісты распавялі, што дакладна пакуль ня ведаюць, у якіх умовах будуць адбываць пакараньне. Упершыню ўлады ўжылі такі захад, як абмежаваньне волі з адбыцьцём пакараньня па месцы жыхарства. Вядома толькі, што, згодна з крымінальна-выканаўчым кодэксам, пакараныя павінны ў пэўны час пасьля працы быць дома і без дазволу міліцыі не выходзіць з кватэры.
“Мы атрымалі “хатнюю хімію”. якая па месцах насамрэч бывае значна горшая. Ёсьць час ад часу спакуса яе пакінуць. Гэта кручок. Два парушэньні – цябе пераводзяць у спэцкамэндатуру. Трэцяе – у турму паводле артыкулу 415-га”, гаворыць Арцём Дубскі
Грамадзянка Расеі Валянціна Чубарава паведаміла, што расейскія праваабаронцы далучаюцца да кампаніі вызваленьня беларускіх палітвязьняў:
“Мы называемся “Расейская грамадзкая ініцыятыва салідарнасьці з Беларусьсю і даўно сасьпела неабходнасьць стварэньня такой структуры, таму што сапраўды шмат народу спачувае беларускім праблемам. Трэба больш каардынавацца паміж сабой і выпрацоўваць нейкую сур’ёзную стратэгію”.
На паседжаньні абмяркоўваліся ўсе захады, якія можна выкарыстоўваць дзеля інфармаваньня грамадзтва пра новых палітвязьняў, а таксама — як канкрэтна задзейнічаць міжнародныя структуры, каб паскорыць выхад на волю пакараных Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча, Зьмітра Лісяенкі і Аляксандра Казуліна.
“Гэта самая эфэктыўная форма абароны палітвязьняў, якую я ведаю. Калі сабраць людзей, якія ў гэтым зацікаўленыя, пачынаючы ад журналістаў і завяршаючы сваякамі,і абмеркаваць, што мы можам для іх зрабіць. У нас такія камітэты працавалі ў вызваленьні маладафронтаўцаў. Дзякуй Богу яны цяпер усе на волі. Удаецца ўзьняць розгалас і з дапамогай дыпляматычных рычагоў дамагчыся вызваленьня людзей. Таму і той штодзённы маратон, які цяпер рыхтуецца па палітвязьнях, і міжнародныя захады – усё гэта разам, мы спадзяемся, уздыме гэтую праблему зноў”, - заявіў Павал Севярынец
Актывісты будуць зьбіраць сродкі для сем’яў палітвязьняў і на перадачы ў турмы. На волі Андрэй Кім ладзіў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. Ягоныя сябры цяпер, калі Андрэй знаходзіцца ў турэмным шпіталі, заклікаюць грамадзянаў дасылаць лісты Андрэю на Кальварыйскую, 36.
Пакараныя актывісты, якія праходзілі ў “справе 14-ці”, падалі папярэднія скаргі на прысуд. Яны вырашылі, што будуць зьбірацца разам не радзей як раз на месяц. У такім рэжыме будуць працаваць і групы дзеля вызваленьня Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Зьмітра Лісяенкі.
Моладзевыя актывісты з усіх арганізацый будуць ладзіць флэш-мобы ды іншыя вулічныя акцыі салідарнасьці. Адну зь іх правядуць для збору сродкаў на выплату кампэнсацыі міліцыянту Дулубу, якога прызналі пацярпелым у крымінальнай справе супраць Сяргея Парсюкевіча.