Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Удзел гомасэксуалістаў пажаданы толькі для апэратараў БТ"


Госьці “Начной Свабоды” – адзін зь лідэраў моладзевай арганізацыі "Малады Фронт" Зьміцер Дашкевіч і адміністратар беларускага парталу геяў, лесьбіянак, транссэксуалаў і бісэксуалаў gay.by Аляксандар Палуян.


Аляксей Знаткевіч: “Маё першае пытаньне да спадара Палуяна. На вашым сайце абвешчана, што ад 17 красавіка да 17 траўня ў Менску і Гомелі адбываецца месячнік супраць гамафобіі ў Беларусі. Ці не маглі б Вы коратка расказаць, якія мэты ў гэтага месячніку і што вы зьбіраецеся рабіць?”

Удзельнік дыскусіі не пажадаў публікаваць сваё фота
Аляксандар Палуян:
“Асноўнай мэтай ёсьць прыцягненьне ўвагі да праблемаў гомасэксуалістаў у Беларусі, гэта барацьба супраць маральнага, фізычнага і сымбалічнага гвалту людзей з іншай арыентацыяй, альбо людзей, якія гендэрна ідэнтыфікуюць сябе ня так, як астатнія людзі”.

Знаткевіч: “А што канкрэтна Вы спрабуеце зрабіць? Якія будуць мерапрыемствы?”

Палуян: “Гэта інфармацыйныя мерапрыемствы, якія будуць накіраваныя на прыцягненьне ўвагі ўвогуле да такой катэгорыі людзей, як гомасэксуалісты ў Беларусі. У рамках месячніка мы паспрабуем арганізаваць некалькі публічных акцый у Менску і Гомелі. Таксама пройдуць мерапрыемствы для лідэраў гэтага руху. Мы плянуем вялікую кампанію ў сродках масавай інфармацыі. Мы пачалі думаць аб гэтай праблеме, аб такіх людзях, і што сьвет ня толькі аднолькавы, што ёсьць розныя людзі, з рознымі жаданьнямі, з рознымі сьветаўяўленьнямі і рознымі поглядамі на жыцьцё.

Знаткевіч: “Сярод іншага, вашыя актывісты плянуюць далучыцца да Чарнобыльскага шляху, прычым выкарыстоўваючы гей-сымболіку, я так разумею вясёлкавыя сьцягі. У чым сэнс удзелу сэксуальных меншасьцяў у Чарнобыльскім шляху?”

Сэнс удзелу ў "Чарнобыльскім шляху" -- у гэтым няма палітычнага складніку
Палуян
: “Сэнс удзелу ў "Чарнобыльскім шляху" -- у гэтым няма палітычнага складніку, гэта проста некаторыя актывісты і некаторыя арганізацыі ў Беларусі такім чынам хочуць засьведчыць, што ім таксама не абыякавая чарнобыльская праблема, і проста хочуць зазначыць, што яны салідарныя з ахвярамі, якія былі ў Беларусі падчас Чарнобыльскай трагедыі і пасьля”.

Знаткевіч: “Пытаньне да Зьмітра Дашкевіча – наколькі для прадстаўнікоў апазыцыі, у прыватнасьці для прадстаўнікоў“Маладога фронту” пажаданы ўдзел актывістаў руху сэксуальных меншасьцяў са сваёй сымболікай у дэманстрацыях апазыцыі?”

Дашкевіч
: «Я думаю, што гэты ўдзел пажаданы толькі для апэратараў БТ, якія, як мы памятаем, на першым Кангрэсе дэмсілаў ужо ладзілі кампанію інфармацыйнага апавяшчэньня насельніцтва аб нетрадыцыйнай арыентацыі некаторых прыхільнікаў дэмакратычных сілаў. І, канечне, перакананы, што прапагандай беларускай дадзеныя людзі будуць выкарыстаныя па поўнай праграме. І разам з гэтым месячнікам па барацьбе з гамафобіяй, што датычна мяне і паплечнікаў маіх з "Маладога фронту", дык паўстае пытаньне – найперш, што такое ўвогуле гамафобія, і што ёсьць барацьба зь ёй... Барацьба з тымі, хто баіцца гомасэксуалістаў, я такіх за сваё жыцьцё ніколі не сустракаў…»

Знаткевіч: «Спадар Палуян гаварыў пра праявы гвалту супраць гомасэксуалістаў ў прыватнасьці, гвалту фізычнага найперш. Як Вы ставіцеся да гэтага?»

Дашкевіч: «Я магу ставіцца так, што самі гомасэксуалісты -- гэта ўжо ёсьць гвалт, гвалт над маральлю, над чалавечай сутнасьцю, ўвогуле над усім здаровым, што можа толькі быць у грамадзтве».

Знаткевіч: «То бок, Вы ўхваляеце гвалт супраць гомасэксуалістаў?»

Дашкевіч: “Я лічу гомасэксуалістаў гвалтам”.

Знаткевіч: “Прадстаўнікі ўлады кажуць, што апазыцыя спрабуе палітызаваць Чарнобыль. Чаму, да прыкладу прадстаўнікі "Маладога Фронту" ці Аб'яднанай грамадзянскай партыі, могуць прыйсьці на Чарнобыльскі шлях са сваімі сьцягамі, а актывісты руху сэксуальных меншасьцяў – не?”

Дашкевіч: “Яны няхай ходзяць, дзе хочуць, дарагія сябры, і не “Малады фронт”, і не Аб'яднаная грамадзянская партыя далі ім такое права выбару. Але Госпад Бог даў ім права выбару праслаўляць альбо мараль і Божыя законы альбо праслаўляць сатану. Таму што ў пасланьні Паўла напісана, што людзі не імкнуліся ўславіць Госпада, і таму Госпад аддаў іх ганебным жарсьцям, каб паганілі целы адзін аднаго. І мы маем, што маем. Калі чалавек, не праслаўляе Божыя законы і не адпавядае ім сваімі думкамі і ўчынкамі, ён праслаўляе сатану. І гэта выбар гэтых людзей. Ні я, ні хто-небудзь іншы гвалтам забараніць ім рабіць гэта ня можам, але я напрыклад выказваю сваё стаўленьне да гэтага”.

Знаткевіч: “Пытаньне да спадара Палуяна. Як бы Вы пракамэнтавалі меркаваньне, што Вы сваім гомасэксуальным выбарам праслаўляеце сатану, становіцеся на бок сатанізму?”

Перад сьмерцю Хрыстос сказаў, што я паміраю за грахі ўсіх людзей, і ён не дзяліў людзей на колеры, на сэксуальныя меншасьці
Палуян:
“Я не магу сказаць, што гэта сатанізм, таму што калі зьвяртацца да Бібліі, то перад сьмерцю Хрыстос сказаў, што я паміраю за грахі ўсіх людзей, і ён не дзяліў людзей на колеры, на сэксуальныя меншасьці, на іншых. Ён памёр за ўсіх, за грахі ўсіх людзей. І таму гаварыць пра тое, што гомасэксуалізм гэта грэх, і што гомасэксуалісты гэта хворыя людзі -- гэта не зусім будзе праўдай. Сувязь Бібліі з арыентацыяй – гэта не зусім тое пытаньне, якое можа быць”.

Знаткевіч: “Нашая карэспандэнтка запыталася ў людзей на менскіх вуліцах, ці чулі яны пра месячнік супраць гамафобіі і як яны ставяцца да такой зьявы



Палуян: “Як мы бачым, ёсьць розныя меркаваньні наконт меншасьцяў, нехта падтрымлівае, нехта зьяўляецца гамафобам, нехта ўвогуле нічога ня ведае. І ў гэтым самая вялікая праблема, таму што, хто бачыў такіх людзей, бачыць, як яны жывуць, што яны такія ж самыя, як і ўсе іншыя, той не бачыць ніякіх праблемы ў гэтых людзях. Яны такія, як і ўсе іншыя. Той, хто нічога ня чуў пра гэтых людзей, не ведае, як яны жывуць, той ніяк не ставіцца да гэтых людзей, альбо зьяўляецца гамафобам, хаця я мяркую, што людзі, якія кажуць, што яны гамафобы, не заўсёды разумеюць гэтыя словы, што яны значаць”.

Дашкевіч: “Апытаньне “Радыё Свабода” яшчэ раз дэманструе тое, што гэтую праблему нельга разглядаць у адрыве ад агульнай духовай дэградацыі народу. Гэтая праблема зьяўляецца адной з прычынаў духовай дэградацыі. Там некаторыя дзяўчыначкі гавораць пра тое, што хлопцы любяць адзін аднаго, і гэта нармальна, але я паглядзеў бы на гэтую дзяўчынку, калі б яе сын, даросшы да 18 гадоў, лёг бы ў ложак з такім жа 18-цігадовым. Я думаю, што яна б ужо зусім па-іншаму гаварыла. Таму агульна я ўспрымаю гэтую праблему, як праблему духоўнай дэградацыі, і менавіта ў закладаньні маральных падмуркаў у грамадзтва з самага дзяцінства ёсьць адзін з самых асноўных момантаў яе вырашэньня. Словы пра тое, што Госпад аддаў жыцьцё за усіх, ёсьць ісьцінай, Госпад аддаў жыцьцё і за забойцаў таксама, і за пэдафілаў, і за заафілаў. Але тут зноў жа, кожны чалавек, усьвядомеўшы свой грэх, мусіць пакаяцца, і толькі тады кроў Хрыста пачынае дзейнічаць і яго ачышчаць, а калі ён кожны дзень займаецца гомасэксуалізмам і яшчэ чым заўгодна, мне нават проста шкада, што людзі знаходзяць у сабе сілы і ўжо да такой сілы даходзіць маральная пачварнасьць у іхніх душах, што яны яшчэ знаходзяць словы і думкі, каб прыкрывацца крывёй Ісуса Хрыста. Будзьце перакананыя, што за гэта Вы панясеце страшнейшую кару”.

Знаткевіч: “Вы чулі, што Зьміцер вельмі крытычна выказваўся пра прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. Тым ня меней, у якой ступені актывісты гей-руху гатовыя змагацца разам з прадстаўнікамі апазыцыі за агульныя палітычныя правы ў сёньняшніх умовах, і ці вы маглі б знайсьці сфэры, дзе вы маглі б супрацоўнічаць з такой арганізацыяй, як “Малады фронт”, напрыклад?”

Я не зьвязваю cваё жыцьцё з палітычнымі падзеямі ў краіне
Палуян:
“Па-першае, магу сказаць не ад імя ўсіх прадстаўнікоў, а сваё меркаваньне. Я не зьвязваю cваё жыцьцё з палітычнымі падзеямі ў краіне, я сачу за тым, што адбываецца ў краіне. Але не магу прыняць тую ці іншую пазыцыю, якія склаліся цяпер у Беларусі. Наконт улады ёсьць свае мінусы і свае плюсы. Наконт апазыцыі ёсьць такая ж сытуацыя, ёсьць таксама плюсы, і ёсьць мінусы. І чуючы тыя словы, якія кажа Зьміцер, напрыклад, то цяжка казаць аб супрацоўніцтве. Ёсьць у "Маладым фронце" сябра Наста Палажанка, якая добра ставіцца да гомасэксуалістаў, нават слушней сказаць, да гомасэксуалаў. Яна зьяўляецца сябрам Ініцыятывы беларускіх геяў. Але ж “Малады фронт” пра гэта ніколі ня кажа. Ёсьць іншыя моладзевыя апазыцыйныя арганізацыі, якія маюць нейкія напрамкі дзейнасьці з намі, і мы спрабуем супрацоўнічаць з гэтымі арганізацыямі, наладзіць нейкі кантакт з гэтымі людзьмі, якія разумеюць, што людзі, нягледзячы на іх сэксуальныя жаданьні і сэксуальнае жыцьцё, зьяўляюцца грамадзянамі той жа самай краіны. І ім таксама вельмі цяжка глядзець на тое, што адбываецца ў краіне, на тое, што адбываецца з апазыцыяй. Сказаць, што працаваць разам мы будзем, я не магу так сказаць. Сказаць, што мы будзем працаваць супраць адзін аднаго, таксама не магу сказаць. Знайсьці нейкі кансэнсус у гэтых пытаньнях, ці нейкіх пытаньнях, напрыклад, у барацьбе за свабоду, пра якую кажуць апазыцыйныя арганізацыі, якія маюць напрамак на Эўропу, якая зьяўляецца свабодным месцам у сьвеце, якая абараняе правы чалавека, якая абараняе дэмакратыю. Але ў Беларусі, у апазыцыі, гэта маё меркаваньне, падкрэсьліваю, у пытаньні гомасэксуалаў мы ня маем адказаў у бок свабоды і дэмакратыі”.

Знаткевіч: Зьміцер, Вы крытычна выказваліся пра прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў, тым ня менш, калі нехта з прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў прыйдзе да прадстаўнікоў “Маладога фронту” і скажа, што мы гатовыя супрацоўнічаць у нейкай сфэры, не зьвязанай наўпрост, не далучыцца да арганізацыі, а ў вырашэньні нейкіх праблемаў сучаснай Беларусі? Вы гатовыя да такога супрацоўніцтва? Ці Вы з такімі людзьмі працаваць ня будзеце?”

Мы хутчэй аб'яднаемся з БРСМам.

Дашкевіч:
“Адразу я хацеў бы зазначыць, што мой суразмоўца займаецца яскраваю брахнёй. Наста Палажанка -- мая добрая сяброўка, паплечніца, і сёньня, калі мяне запрашалі на гэтую перадачу, яны была побач са мной, і яе так жа як і мяне ванітуе ад гэтага вырадзтва. І я бы папрасіў Радыё Свабода ўзяць камэнтар непасрэдна ў Насты. Што датычна Вашага пытаньня, то магу сказаць, што для нас ня ёсьць галоўнай праблемай праблема Лукашэнкі, але існуе галоўная праблема -- гэта дэградацыя беларускага народу. І таму мы ў сваёй дзейнасьці хутчэй аб'яднаемся з БРСМам, чым з нейкімі адзінкавымі прадстаўнікамі руху гомасэксуалістаў.”

Радыё Свабода зьвярнулася таксама па камэнтар да Насты Палажанкі.

Наста Палажанка:
“Я проста ў шоку ад інформацыі, якую мне перадаў Зьміцер. Магу сказаць, што ў мяне няма ніводнага знаёмага, так скажам, нетрадыцыйнай арыентацыі, каб сказаць мякка. Ніводнага, таму мне цікава, якім чынам я трапіла ў нейкі рух. Я проста шакаваная.

Я ніколі ня думала наконт гэтага пытаньня. Я зьяўляюся намесьніцай старшыні “Маладога фронту”. Гэта рух, які заснаваны на хрысьціянскіх каштоўнасьцях . Гэта ня толькі нейкая мараль, для мяне гэта ёсьць сутнасьцю майго жыцьця Таму магу сказаць, што такіх людзей мне шкада. І я сыходзячы са сваіх хрысьціянскіх прынцыпаў не магу казаць пра нейкае насільле да іх, ня дай Божа, ці нейкую агрэсію. Але гэтых людзей мне шкада. Я не магу сказаць пра тое, што гэта хвароба ці мода. Я спадзяюся, што кожны з іх пройдзе нейкі шлях, шлях выпрабаваньняў. І веру, што большасьць з тых людзей дойдуць да таго, дзеля чаго яны нарадзіліся на гэтым сьвеце. Паводле біблейскай маралі гэты вялікі грэх. Я спадзяюся, што да большасьць зь іх гэта з часам дойдзе”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG