“Гэта было рашэньне працягнуць на год існуючыя санкцыі супраць А.Лукашэнкі і беларускіх чыноўнікаў. Яно было аднагалосна ўхвалена па абедзе Радай Эўрапейскага зьвязу. Такім чынам, цяпер гэтыя санкцыі будуць дзейнічаць да 10 красавіка 2009 году, калі спатрэбіцца новае рашэньне. Сьпіс чыноўнікаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі, не зьмяніўся. Ён застаецца ранейшым, але варта сказаць, што гэты сьпіс будзе ўвесь час пераглядацца і можа быць зьменены ў сьвятле разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, гэта залежыць ад поўнага вызваленьня палітычных вязьняў, умоваў правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у верасьні. Усё гэта можа стаць падставай для зьменаў у гэтым сьпісе”.
Спадар Керлеру зазначыў, што Рада Эўразьвязу, калі разглядалася пытаньне аб санкцыях, вітала вызваленьне некаторых беларускіх палітвязьняў, але яе пазыцыя застаецца ранейшай: толькі поўнае вызваленьне палітвязьняў можа эфэктыўна паўплываць на пазыцыю Эўразьвязу.
Візавыя санкцыі: “Гэтага трэба было чакаць"
Рашэньне Эўразьвязу падоўжыць санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў камэнтуюць палітыкі і палітолягі.
Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што для яго сёньняшняе рашэньне ня стала нечым надзвычайным:
“Гэтага трэба было чакаць пасьля падзеяў, якія адбыліся 25—27 сакавіка. Раней беларускі бок зрабіў нейкія крокі насустрач Эўропе, калі выпусьціў з-за кратаў амаль усіх палітвязьняў. І чакаў крокаў насустрач. Але чакаў, мабыць, зашмат, бо спадзяваўся, што адменяць усе візавыя санкцыі.
Далей шмат што будзе залежаць ад таго, як складуцца нашыя дачыненьні з Расеяй. Калі будзе нейкае пацяпленьне, хоць і адноснае, дык чакаць паляпшэньня дачыненьняў з Захадам нам не выпадае. А калі ўзьнікнуць пэўныя праблемы — найперш эканамічныя — тады можна чакаць новай хвалі пацяпленьня. Хоць чым гэта скончыцца — невядома, бо, на жаль, Эўразьвяз — таксама занадта бюракратызаваная структура. І яна ня можа апэратыўна і хутка рэагаваць на зрухі ў двухбаковых дачыненьнях”.
Сябра міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч у інтэрвію “Свабодзе” так камэнтуе рашэньне Эўразьвязу падоўжыць санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў:
“Ну што тут сказаць? Я ж раней казаў: “Знаходзімся ў працэсе”. Што рабіць? Нічога ня зробіш. Гэта як у прыгожай песьні “Сілаю ня быць мілаю...”
Я думаю, што нейкіх кардынальных дзеяньняў у адказ з боку беларускіх уладаў на гэта ня будзе. Чаму? Калі б гэта здарылася, як кажуць, на роўным месцы, гэта было б адно. А тут нечага экстраардынарнага не адбылося. Паўтару: усё ў працэсе. Бакі адзін аднаго ведаюць.
Рашэньне Брусэлем прынятае. І мы зноў знаходзімся ў стадыі дыялёгу. Зараз нам будзе прапанова зьвярнуць усю ўвагу на парлямэнцкія выбары. Мы на гэта зьвернем увагу. І гэты працэс — ён бясконцы”.
Лукашэнка неўязны яшчэ на год
Як паведамілі ў прэсавай службе Рады Эўразьвязу, падоўжаныя яшчэ на адзін год візавыя санкцыі адносна шэрагу чыноўнікаў Беларусі. У сьпісе знаходзяцца Аляксандар Лукашэнка і іншыя чыноўнікі, якія патрапілі ў сьпіс яшчэ з 2004 году. Ім зноў будзе абмежаваны ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу.
Гэтае рашэньне было прынята прадстаўнікамі ўсіх эўрапейскіх краінаў, якія ўваходзяць у Раду ЭЗ.
Першапачатковы сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія, на думку ЭЗ, маюць дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі палітыкаў у 1999—2000 гадах, складаўся з шасьці чалавек — гэта міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, сакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман, былы міністар унутраных спраў Юры Сівакоў і камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка. У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, у сьпіс былі ўключаны кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабед.
У красавіку 2006 году сьпіс быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, адказны, як сьцьвярджае ЭЗ, за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Пазьней да рашэньня Эўразьвязу далучыліся яшчэ каля 10 краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ.
23 кастрычніка 2006 году сьпіс пашырыўся яшчэ на чатыры чалавекі за кошт судзьдзі Маскоўскага суду Менску Аляксея Рыбакова і дзяржаўнага абвінаваўцы Сяргея Бортніка — за прысуд Аляксандру Казуліну, а таксама судзьдзі Цэнтральнага суду Менску Леаніда Ясіновіча і дзяржаўнага абвінаваўцы Андрэя Мігуна — за прысуд актывістам незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства".