НАТО прапанавала Беларусі накіраваць на гэты саміт свайго амбасадара, ад чаго ў Менску адмовіліся. Тым часам Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў справе баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл Беларусі і загадаў ім быць у сталай боегатовасьці.
На нарадзе Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што ніхто ў сьвеце “не зьвяртае ўвагі на пазыцыю Расеі і Беларусі” ў справе пашырэньня НАТО і што, на ягоную думку, уваходжаньне Ўкраіны і Грузіі ў гэты блёк — “пытаньне часу”. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, сытуацыя вакол Беларусі неспакойная:
“Нам трэба думаць аб умацаваньні нашых межаў, нашых Узброеных сіл. Узброеныя сілы павінны быць у сталай баявой гатовасьці, адчуваць пульс краіны, і ня толькі краіны. Нашая армія — гэта адзінае, што сёньня ёсьць на захадзе ў Саюза Беларусі і Расеі. Дамова з Расеяй — сьвятая справа. Мы павінны яе выконваць, як выконвае Расея, забясьпечваючы нам надзейны шчыт, у тым ліку ядзерны”.
Аляксандар Лукашэнка загадаў бліжэйшым часам правесьці буйныя комплексныя вайсковыя вучэньні.
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі не пагаджаецца з тэзісам А. Лукашэнкі, што вакол Беларусі складаецца неспакойная сытуацыя. Пагрозы ня будзе, калі Беларусь будзе супрацоўнічаць у вайсковай сфэры як з Расеяй, гэтак і з краінамі НАТО, мяркуе ён. На думку спадара Казлоўскага, беларускае войска шмат страчвае, абмяжоўваючы свае кантакты з НАТО:
“Вельмі добра, калі вайскоўцы бачаць, што робіцца ў суседняй арміі, бяруць сабе што лепшае на ўзбраеньне, розныя мэтодыкі, культурны, спартыўны абмен, удзел у міратворчых апэрацыях, не баявымі часткамі, а, напрыклад, мэдычнымі, рамонтнымі брыгадамі. Гэта было б вельмі добра”.
Беларусь далучылася да праграмы НАТО "Партнэрства дзеля міру" у 1994 годзе. Паводле зьвестак зь беларускага вайсковага ведамства, у рамках гэтай праграмы Беларусь і НАТО штогод праводзяць каля 100 сумесных мерапрыемстваў. Зараз у рамках індывідуальнай праграмы партнэрства Беларусі з НАТО на 2008—2009 гады ажыцьцяўляюцца кантакты па 9 асноўных кірунках тэхнічнага і вайсковага характару.