Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле – імша па Ірыне Казулінай <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Ірына Казуліна памерла 23 лютага. 30 дзён прыйшліся на 23 сакавіка, акурат на каталіцкі Вялікдзень. Таму было вырашана перанесьці імшу на сёньня.


У імшы ўзялі ўдзел бацькі Ірыны, а таксама сябры і сваякі Аляксандра Казуліна.

Сярод прысутных на жалобнай імшы - часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.

“Гэта ў памяць Ірыны Казулінай, якая дапамагала беларускаму грамадзтву. І, я думаю, і цяпер дапамагае беларускаму грамадзтву. І сёньня яна жыве як вельмі пасьпяховы прыклад чалавечнасьці”.




Спадар Мур выказаў шкадаваньне, што ў гэтай імшы ня змог удзельнічаць зьняволены Аляксандар Казулін. Аднак ён адзначыў, што ўжо ясна, што ён будзе вызвалены, як і іншыя палітвязьні.

Сама Ірына Казуліна так і не дачакалася вызваленьня свайго мужа Аляксандра Казуліна. Яго адпусьцілі толькі на тры дні на пахаваньне жонкі.

Прысутная на імшы Ганна Шапуцька сказала:

“Ірына Казуліна – гэта такая жанчына, так яе шкада, гэта такі анёл, такі чысты чалавек! Прыгожы душой чалавек. Яна для ўсіх стала прыкладам – для ўсіх жанчын, для ўсіх людзей Беларусі. У такі цяжкі час яна стала такой яскравай зорачкай у нашым жыцьці, што нельга было не прыйсьці. І будзем памятаць яна з намі, у нашых сэрцах, у нашых душах застанецца назаўсёды. Будзем за яе маліцца”.







На сёньняшняй імшы не было дачок Юліі і Вольгі, якія цяпер знаходзяцца за мяжой на кароткім адпачынку. Вольга апошнім часам брала ўдзел у галадоўцы за вызваленьне свайго бацькі Аляксандра Казуліна.

Былы адвакат спадара Казуліна Ігар Рынкевіч патлумачыў:

“Перад ад’ездам яны езьдзілі да матулі на могілкі. Юля і Вольга зьяўляюцца праваслаўнымі. У нас 40 дзён. Гэтым разам не атрымалася дочкам быць тут, але тут былі паплечнікі, аднапартыйцы, блізкія. Блізкія тут былі, і мы выказалі ім свае спачуваньні”.


Ірына Казуліна змагалася за вызваленьне свайго мужа – палітвязьня Аляксандра Казуліна і іншых палітзьняволеных.

Яна была намесьніцай старшыні Міжнароднай грамадзкай арганізацыі “У промнях надзеі”, якая займаецца праблемамі жанчын, хворых на рак малочнай залозы. Беларускія праваабаронцы выступілі з ініцыятывай намінаваць Ірыну Казуліну на прэмію Робэрта Кэнэдзі.

Аляксандар Казулін адбывае пакараньне пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі “Віцьба-3”. Палітыка зьвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яго затрымалі пасьля сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка 2006 году.

Вызваленьня Аляксандра Казуліна дамагаюцца ЗША, краіны Эўразьвязу і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG