Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск чакае новай цаны на расейскі газ


Сёньня ў Менску знаходзіўся расейскі прэм'ер Віктар Зубкоў. Ён узяў удзел у паседжаньні ўраду т.зв. саюзнай дзяржавы і сустрэўся з А.Лукашэнкам.


Аляксандар Лукашэнка, прымаючы Віктара Зубкова, заявіў, што “эканамічныя дачыненьні Беларусі і Расеі разьвіваюцца з унікальнай інтэнсіўнасьцю”, у адрозьненьне ад часоў прэм’ерства Міхаіла Фрадкова, калі паводле Лукашэнкі, пытаньні ўзьнікалі на роўным месцы.
Гаворыць А. Лукашэнка:

”Я раскажу Вам пра тыя праблемы, якія ў нас сёньня існуюць і ў зьнешнім гандлі. Асабліва ў сувязі з пазыцыяй амэрыканскіх, нават не партнэраў, а амэрыканскага прэзыдэнта і ўраду — дурной і надуманай, у парушэньне ўсіх міжнародных пагадненьняў”.

Адной з праблемаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях застаецца цана на расейскі газ для спажыўцоў Беларусі.

Паводле першага віцэ-прэм'ера беларускага ўраду Ўладзімера Сямашкі, у часе сустрэчы Віктара Зубкова зь ягоным беларускім калегам Сяргеем Сідорскім закраналася газавае пытаньне.

Роўна праз 10 дзён скончыцца дзеяньне той часткі пагадненьня з “Газпромам”, якая ўсталёўвае кошты расейскага газ. Цяпер Беларусь купляе газ за 119 даляраў за тысячу кубоў. З 1 красавіка кошт, згодна з дамовай, трэба перагледзець.

Па выніках перамоваў Віктар Зубкоў заявіў, што газавыя пытаньні Беларусі трэба вырашаць у адпаведнасьці з раней заключанымі кантрактамі, і што для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гэтай галіне створаныя ўсе ўмовы.

Разам зь Віктарам Зубковым сёньня ў Менску знаходзіўся намесьнік кіраўніка расейскага газавага манапаліста Андрэй Круглоў, які вёў перамовы ў “Белтрансгазе”.

На пытаньне журналістаў, ці пагодзіцца “Газпром” на тое, што кошты газу для Беларусі ня зьменяцца, намесьнік кіраўніка расейскага канцэрну Андрэй Круглоў даў наступны адказ:

“Пры вызначэньні коштаў газу для Беларусі “Газпром” зацікаўлены ў пераходзе на прынцып роўнапрыбытковасьці бізнэсу. Але мы пагодзімся з рашэньнем, якога дасягнуць урады дзьвюх краінаў”.

Афіцыйнай інфармацыі пра новыя кошты газу для Беларусі, пачынаючы з другога кварталу сёлетняга году, дагэтуль няма. Аглядальніца газэты “Белорусы і рынок” Тацяна Манёнак упэўненая: радыкальных падвышэньняў коштаў пакуль ня будзе:

“Трэба мець на ўвазе, што Зубкоў апошні раз ачольвае расейскую дэлегацыю на такіх перамовах. Там будзе хутка новы ўрад. І таму, я мяркую, рэвалюцыйных зьменаў у сытуацыі не павінна адбыцца. Ужо новы ўрад будзе ажыцьцяўляць новую эканамічную палітыку, у тым ліку і ў газавай сфэры”.

Паводле афіцыйнай статысткі, дэфіцыт зьнешняга гандлю Беларусі ў дачыненьнях з Расеяй толькі за студзень 2008 году склаў 1 мільярд 268 мільёнаў даляраў. Калі гэтая тэндэнцыя ня зьменіцца, напрыканцы году дэфіцыт дасягне 15—16 мільярдаў даляраў супраць 8 мільярдаў летась.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG