Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Ц.Бэл стварыць станоўчы імідж Беларусі?


Цімаці Бэл
Цімаці Бэл

У многіх краінах сьвету займаюцца мэтанакіраваным стварэньнем, разьвіцьцём і прасоўваньнем станоўчага іміджу дзяржавы. Вось і Аляксандар Лукашэнка, як мяркуецца, зьвяртаецца па дапамогу да брытанскага лорда Цімаці Бэла. Той быў дарадцам Маргарэт Тэтчэр, Барыса Беразоўскага, ураду Саудаўскай Арабіі і экс-прэм’ера Тайлянду. Ці лёгка будзе працаваць спадару Бэлу, што думаюць вядомыя беларускія і замежныя паліттэхнолягі?


Старшыня Рады дырэктараў вядомага расейскага Цэнтру палітычнага кансалтынгу «Никколо М» Ігар Мінтусаў, якія правёў дзесяткі PR-кампаній у Расеі, Манголіі, Літве, Нікарагуа, Польшчы, ЗША, лічыць:

«Натуральна, лорду Бэлу будзе ня проста вельмі цяжка, а надзвычай цяжка. PR – гэта не панацэя ад усіх бедаў і магія ў палітыцы, за PR павінны стаяць нейкія палітычныя дзеяньні. Сытуацыйнае рашэньне гэтага пытаньня будзе заключацца ў тым, наколькі ў Цімаці Бэла будзе магчымасьць падмацоўваць ягоныя PR-ідэі рэальнымі палітычнымі дзеяньнямі кіраўніцтва Беларусі”.

Беларускі палітоляг Ірына Бугрова выказала такое меркаваньне:

Створаны імідж Беларусі даволі нэгатыўны, імідж такой закрытай прасторы
“Створаны імідж Беларусі даволі нэгатыўны, імідж такой закрытай прасторы. Трэба пераадолець вельмі шмат стэрэатыпаў і ўнутранай, і зьнешняй палітыкі. І ў першую чаргу, трэба пераадолець тое, што я б назвала “крызысам самаідэнтыфікацыі”. Ня можа быць такая супярэчлівая самаідэнтыфікацыя знутры і такі добры, прыгожы, мілы, белы і пушысты вобраз звонку”.

Кіраўнік літоўскай PR-агенцыі “No Recpect/Y&R” Паўлюс Сэнута, які зараз распрацоўвае імідж “Літвы як сьмелай краіны” і правёў шмат даволі пасьпяховых PR-кампаній, прызнаецца:

“У Беларусі будзе цяжка. Я б ня ўзяўся за такую працу. У сёньняшнім сьвеце нікога не падманеш. Напэўна, дзесьці ў Балівіі таксама падвышалі пэнсіі... Вы чулі пра гэта? Я – не. Гэта такі “insight – outlook” – “тое, што мне важна, чамусьці павінна быць для усіх важна”... Я думаю, спадар Бэл і зможа пагаварыць са спадаром Лукашэнкам, што такія трукі ня вельмі цікавыя для кагосьці. Але ўсё ж такі самая вялікая праблема – што Беларусь усясьветнай супольнасьці бачыцца як недэмакратычная краіна”.
Напэўна, дзесьці ў Балівіі таксама падвышалі пэнсіі... Вы чулі пра гэта? Я – не

Аляксандар Лукашэнка пры сустрэчы з лордам Бэлам падказваў, даваў парады, на што зьвярнуць увагу. Да прыкладу, што ў краіне падвышаныя пэнсіі. Ці спрацуюць такія аргумэнты? Меркаваньне старшыні расейскай кампаніі “Никколо М” Ігара Мінтусава:

“За мяжой грамадзкасьць прарэагуе на іншыя пытаньні, на іншыя тэмы, такія як апазыцыя, палітзьняволеныя – вось на што яна рэагуе. А сказаць пра тое, што падвышэньне пэнсіяў зьменіць імідж Беларусі за мяжой – гэта дакладна няправільна так лічыць”.

Паводле буйной расейскай газэты “The Moscow Times”, міжнароднай арганізацыі “Amnеsty International”, брытанскіх экспэртаў, Лукашэнка, бадай, стане самай складанай задачай за ўсю кар’еру 66-гадовага майстра PR лорда Бэла. Меркаваньне палітоляга Ірыны Бугровай:
За мяжой грамадзкасьць прарэагуе на іншыя пытаньні, на іншыя тэмы, такія як апазыцыя, палітзьняволеныя

“Я думаю, нейкія маніпулятыўныя практыкі магчымыя, але я ня думаю, што гэта вельмі спадабаецца Цімаці Бэлу. Якія б грошы ні плацілі, але рэнамэ чалавека, якія стварае вобраз, гэта таксама вельмі важна”.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты на стварэньне прывабнага выгляду краіны за мяжой трацяць 5% дзяржаўнага бюджэту ў год. У ЗША на гэта выдаткоўваецца адзін мільярд даляраў. Расійскія ўлады наймаюць заходнія PR-агенцыі, каб тыя працавалі над іміджам краіны. Напрыклад, напярэдадні саміту G8 (“вялікай васьмёркі” у Пецярбурзе) амэрыканская кампанія Ketchum даволі пасьпяхова папрацавала на карысьць расійскага іміджу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG