Мяркуецца, што Бэл атрымаў ад беларускага кіраўніка прапанову працаваць для паляпшэньня іміджу сучаснай Беларусі.
Лорд Тымаці Бэл лічыцца адным з найбольш прафэсійных піар-спэцыялістаў Вялікай Брытаніі. Доўгі час Бэл працаваў дарадцам брытанскай прэм’еркі Маргарэт Тэтчэр. Сярод ягоных нядаўніх кліентаў – расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, урад Саудаўскай Арабіі і колішні прэм’ер Тайлянду Таксін Шынаватра.
Наступным можа быць Аляксандар Лукашэнка. Сустракаючыся ў чацьвер з Бэлам у Менску, Лукашэнка заявіў, што ніводная краіна ў сучасным сьвеце ня можа абысьціся без прафэсійнай PR-падтрымкі.
“Вам будзе прыемна працаваць у Беларусі... Вы пераканаецеся, што Беларусь – эўрапейская дзяржава, і наш народ у гісторыі зрабіў вельмі шмат для Эўропы”, – сказаў Лукашэнка і запэўніў Бэла, што гатовы падаць яму любую інфармацыю аб Беларусі.
Яшчэ невядома, ці пагадзіўся брытанскі лорд працаваць на афіцыйны Менск. У офісе Бэла ў Брытаніі пакуль што ўстрымліваюцца ад камэнтароў.
Тымаці Бэл ачольвае цяпер кампанію “Chime Communications”. Яе асноўная сфэра дзейнасьці – піар-паслугі, маркетынг і рэкляма. “Я займаюся камунікацыяй, і мой бізнэс – прадстаўляць інфармацыю ў пераканаўчай манеры”, – гаворыць Бэл.