Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч распавядае пра чарговую ахвяру “бульдозэрнай рэстаўрацыі”:
“Гэта дом ХІХ стагодзьдзя, цудоўны прыклад гарадзкой квартальнай забудовы. Фасад не багата, але ж дэкараваны менавіта ў традыцыях сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Сьціплы дэкор фасаду: профілі, вызначаныя аконныя праёмы і г.д. Адным словам, яскравы прыклад гарадзкой забудовы ХІХ стагодзьдзя, статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі згодна зь Дзяржаўным сьпісам. Гэта па-першае. А па-другое, ён знаходзіўся пад абаронай некалькіх нарматыўных дакумэнтаў. 29 сакавіка 2005 году адбылося паседжаньне навукова-мэтадычнай рады Міністэрства культуры. Згодна з пратаколам, практычна ўсе пабудовы гістарычнага цэнтру адрасна ўнесеныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў з прысваеньнем першай катэгорыі”.
Дом па Рэвалюцыйнай, 17 трапіў і ў асобны ахоўны сьпіс па гораду Менску. Паказальна, працягвае спадар Астаповіч, што яшчэ да прыняцьця такога рашэньня на аб’екце ўжо вяліся рэстаўрацыйныя работы:
“Ад 2004 году там ішлі рэстаўрацыйныя работы. Там і новы дах зрабілі, і новую сталярку паклалі. Яшчэ ў пазамінулую пятніцу я абыходзіў зону гістарычнага цэнтру, дом стаяў, не было нават намёку, што яго руйнаваць зьбіраюцца. Яго літаральна апошнімі днямі імгненна зьнесьлі, а ў мінулую пятніцу адтуль ужо толькі рэшткі будаўнічага сьмецьця звозілі”.
Спробы Антона Астаповіча высьветліць, хто ж даў загад на руйнаваньне помніка архітэктуры, вялікага плёну ня мелі. Намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, які курыруе аднаўленчыя працы ў Верхнім горадзе, адказаў так: маўляў, ня ведаю, што адбываецца з помнікамі першай катэгорыі.
Аднак у працэсе далейшага дасьледаваньня стала вядома: ад 2005 году аб’ект курыравалі два інвэстары — расейскае таварыства “Іксора” і беларускае прадпрыемства “Сепал”. Сёлета ж заказчыкам стала таварыства “Тапас”, а падрадчыкам на знос будынка — будаўнічае ўпраўленьне № 2 будтрэста № 7. Там спадару Астаповічу паказалі праектна-каштарысную дакумэнтацыю пад назвай “Праект разборкі будынку па вуліцы Рэвалюцыйная, 17”. Там жа пазначана: маюцца ўсе ўзгадненьні на знос будынка, уключна з санкцыяй Міністэрства культуры.
Пытаюся ў свайго суразмоўцы: ці паведамілі ў будаўнічым трэсьце, што заказчыкі зьбіраюцца ўзводзіць замест зруйнаванага помніка архітэктуры?
“Там заплянаваны адміністрацыйны будынак. Гэта значыць, чарговыя інвэстыцыі ў офісны будынак, чарговыя выгадныя ўкладаньні грошай. І зноў жа чарговым разам, каб збудаваць офісныя будынкі, у цэнтры гораду нішчыцца гісторыка-культурная спадчына”.
Былы галоўны дзяржаўны інспэктар Менгарвыканкаму па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ўладзімер Папруга канстатуе, што ў працэсе нібыта аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску ўжо даўно ня ўлічваюцца нормы заканадаўства, а адказных за працэс “засваеньня” гістарычнай тэрыторыі цікавіць толькі камэрцыйны бок справы. Такую сытуацыю экспэрт параўноўвае з татальнай “зачысткай” Менску ў часе “маскоўскіх войнаў”:
“Сытуацыя такая, што Менск практычна толькі страчвае, а не набывае. Што такое гісторыка-культурная каштоўнасьць гораду Менску? Гэта абсалютна канкрэтныя чатыры катэгорыі, як гэта і запісана ў Законе “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Будынкі і збудаваньні, гістарычная пляніровачная структура, ляндшафт і культурны пласт. Дык вось, будынкі і збудаваньні Менск страчваў цягам усёй сваёй гісторыі. Літаральна за пэрыяд так званых маскоўскіх войнаў ХVII — пачатку XIX стагодзьдзя Менск выпальваўся ледзь ня кожнае пакаленьне: 30—50 гадоў, прыходзілі казачкі з шабелькамі, горад выпальваўся разам зь людзьмі, якія тут заставаліся. Пасьля вярталіся менчукі і на сваіх жа пляцах пачыналі адбудоўваць так званыя будынкі і збудаваньні”.
Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ўжо накіравала ў Генэральную пракуратуру хадайніцтва на завядзеньне крымінальнай справы па факце руйнаваньня гістарычнага помніка. Пра гэта таксама праінфармаваныя Камітэт дзяржаўнага кантролю і адміністрацыя прэзыдэнта.
На здымках: Пра колішні помнік нагадваюць толькі руіны.