Аднак выпадкаў прыцягненьня да адказнасьці вінаватых за разбурэньне аб’ектаў, што ўваходзяць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, няма – нягледзячы на шматлікія звароты гісторыкаў, архітэктараў, археолягаў у кантрольныя і наглядныя органы. Адным з апошніх прыкладаў стала рэканструкцыя бэрнардынскай камяніцы XVII стагодзьдзя у Менску.
Тэмпам будаўнічых працаў у гістарычным цэнтры сталіцы можна было б пазайздросьціць. На месцы гістарычных будынкаў як на дражджах расьце комплекс Менскай духоўнай акадэміі, які больш нагадвае катэджавы пасёлак. Пад каўшамі экскаватараў зьнікае ня толькі так і ня вывучаны археалягічны пласт, але і рэальныя архітэктурныя помнікі. У дадзеным выпадку гаворка пра бэрнардынскую камяніцу на рагу вуліц Кірыла і Мятода ды Гандлёвай. Гэта адно са старэйшых збудаваньняў у Верхнім горадзе.
Аўтэнтычнасьць – нішто. Сучаснасьць – усё?
Гісторык архітэктуры Ўладзімер Дзянісаў канстатуе: практычна на ўсёй тэрыторыі Старога горада аднаўленчыя працы вядуцца з грубейшым парушэньнем як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародных нарматыўна-мэтадычных дакумэнтаў. Згодна з сучасным падыходам да захаваньня гісторыка-культурнай каштоўнасьці, кажа экспэрт, у першую чаргу павінна захоўвацца аўтэнтычнасьць самога аб’екту, арыгінальнасьць матэрыялу. То бок, сапраўднасьць усіх элемэнтаў, якія дайшлі да нашага часу. Але, паводле суразмоўцы, калі, як у выпадку з камяніцай, разьбіраюцца два паверхі, каб драўляныя перакрыцьці замяніць на жалезабэтонныя, і цалкам зьнішчаюцца ўнутраныя канструкцыі дзеля новай пляніровачнай структуры – рэстаўрацыйнымі працамі такое “засваеньне” назваць нельга:
Камяніца, якая зьмешчана на рагу сучасных вуліц Гандлёвай і Кірылы і Мятоды, зьяўляецца выдатным помнікам архітэктуры Менску.
У выпадку з камяніцай, як удакладняе Ўладзімер Дзянісаў, спачатку былі падмуркі XVII стагодзьдзя і скляпеньні, якія захаваліся да сёньня, на якія потым надбудоўваліся верхнія паверхі. Між тым, паводле гісторыка, калі сучасныя “рэстаўратары” давядуць справу да канца, то гэта будзе ўжо ня помнік XVII-XVIII стагодзьдзяў, а “невядома што, пабудаванае ў ХХІ-м”.
У якасьці апраўданьня тактыкі “разбурэньня дзеля аднаўленьня” ужо чуліся выказваньні: муроўка, маўляў, у вельмі кепскім стане, таму іншага выйсьця і не застаецца. Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што заявы не адпавядаюць рэчаіснасьці: па-першае, да пачатку працаў камяніца стаяла пад дахам і ў яе захаваліся ўсе канструктыўныя элемэнты. Па-другое, некалькі гадоў таму былі зроблены працы на яе ўзмацненьне.
Уратаваць можна, але ня хочацца “пэцкацца”?
Сакрэт у тым, як лічыць адзін з самых кампэтэнтных беларускіх спэцыялістаў у муроўцы Алег Трусаў, што няма павагі да старых муроў: ці гэта звычайная камяніца, ці аб’ект, уключаны ў сьпіс усясьветнай культурнай спадчыны. Тым больш, у сьвеце дакладна адпрацаваная мэтодыка не столькі на рэстаўрацыю, а на кансэрвацыю цагляных муроў:
А тут хуценька разламаў, збудаваў нешта падобнае і яшчэ шыльдачку павесіў.
Археоляг Сяргей Тарасаў колісь праводзіў дасьледчыя працы на тэрыторыі, на якой цяпер цяжкая тэхніка месіць культурны пласт з брудам. Ён таксама зьдзіўлены сучасным падыходам да дэкляраванага “захаваньня спадчыны”:
“Тут шмат што ёсьць, што захавалася. Мы, калі праводзілі раскопкі крыху далей, у бок Сьвіслачы, то там траплялі на гэтыя рэшткі ХVII стагодзьдзя. Тут увогуле паўсюдна так званы гэты археалягічны культурны пласт”.
Карэспандэнт: “То бок, фактычна трэба было б агароджваць тэрыторыю, запрашаць археолягаў...”
Безумоўна, і трэба праводзіць буйнамаштабныя дасьледаваньні на гэтым месцы.
Зруйнаваную камяніцу абяцаюць “адрэстаўраваць”.
На месцы гістарычных аб’ектаў узьнікаюць “катэджы” духоўнай акадэміі.
Ідзе зачыстка тэрыторыі пад навабуды.