Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: удалося ўратаваць архітэктурны помнік


Пад ціскам грамадзкасьці гарадзкія ўлады былі вымушаны адмовіцца ад рашэньня зьнесьці гістарычныя пабудовы ХVIII-ХІХ ст.ст – дамы №17 і №19 па вуліцы Мінскай.


Група мясцовых актывістаў заявіла, што гатовая зьвярнуцца да землякоў з заклікам байкатаваць "Дажынкі-2008", да якіх меркавалася зьнішчыць архітэктурныя помнікі. У розныя інстанцыі былі накіраваныя дзясяткі лістоў пратэсту, і гарвыканкам мусіў суступіць – арганізаваць аукцыён і выставіць будынкі на продаж.

Дом №17 па вуліцы Мінскай быў прададзены зь першай жа спробы. Спасылаючыся на камэрцыйную таямніцу, у гарвыканкаме не называюць новага ўласьніка, аднак вядома, што будынак быў набыты за 130 мільёнаў беларускіх рублёў. Цяпер чакаецца выстаўленьне на продаж другога будынку – дому №19.

Паводле мясцовага гісторыка і краязнаўцы Юрыя Копціка, пасьля шматлікіх скаргаў абураных гараджан станам з аховы архітэктурна-гістарычных помнікаў зацікавілася Міністэрства культуры: у студзені ў Воршу збіраецца прыехаць камісія Дзяржкамітэту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Бо, апрача сытуацыі з дамамі па вуліцы Мінскай, занепакоенасьць гісторыкаў выклікала яшчэ адно здарэньне: на тэрыторыі Куцеінскага манастыра ў чэрвені гэтага году з парушэньнем заканадаўства была знесена частка кляштарнага корпусу ХVII-XVIII стагодзьдзяў, якая была ўключаная ў афіцыйны пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў і павінна была ахоўвацца дзяржавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG