Ганна Соўсь: “Спадарыня Івонка, па-першае, віншую з кнігай. Ведаеце, калі чытала, увесь час адчувалася нейкая ўнутраная сувязь з кнігай успамінаў Ларысы Геніюш “Споведзь”. Нягледзячы на рознасьць лёсаў, адчувалася нешта агульнае ў стылі, сьветапоглядзе, жыцьцёвай пазыцыі...”
Івонка Сурвіла: “Вельмі цешуся, што Вы так адчулі...”
Соўсь: “У Вас не было такога адчуваньня, калі пісалі гэтыя ўспаміны?”
Сурвіла: “Не, я пісала тое, што было на сэрцы. Я пісала на розныя тэмы. Калі пачынала пісаць, дык пісала папросту пра тое, што адчувала, амаль не папраўляючы. Так што я ня ведаю, з чым можна параўнаць гэта. Я ж не пісьменьніца, так што не адважваюся параўноўвацца з Ларысай Геніюш”.
Соўсь: “Спадарыня Івонка, а чым адрозьніваюцца ўспаміны, падрыхтаваныя для Радыё Свабода, ад кніжнага варыянту? Што было дададзена ці істотна зьменена?”
Сурвіла: “З таго, што я давала на Радыё Свабода, фактычна мала што зьмяніла, а дадала ўсё тое, на што не было месца ў эфіры. Напрыклад, пра маю сям'ю, пра наш род, пра мастацтва, мае розныя разважаньні на тэму Беларусі: гэта разьдзел "Каменьні на нашым шляху". Я гэта дадала, бо моцна хацела на гэтую тэму сказаць".
Соўсь: “А мне вось хацелася, каб у кнізе было болей Вашых карцінаў...”
Сурвіла: “Гэта ня я выбірала карціны, і ня я выбірала здымкі. Гэта выбіралі рэдактары. Але я думаю, што яны вельмі добра выбралі”.
Соўсь: “Вы пішаце ў “Дарозе”, што ня любіце затрымлівацца на дрэнных успамінах, у выніку чаго можа стварыцца памылковае ўражаньне пра бясклопатнасьць і лёгкасьць перажытага. А ўвогуле Вы трымаеце ў памяці дрэннае, злое? Здольныя на помсту?”
Я абсалютна не гатовая пісаць ліст да Лукашэнкі і прасіць, каб ён мяне пусьціў у Беларусь
Соўсь: ”Вы ўжо маеце першыя асобнікі кнігі, яе ўжо многія людзі прачыталі. Які водгук на Вашу кнігу быў для Вас нечаканым?”
Сурвіла: “Па-першае, прадмова: вельмі прыгожая прадмова Аляксандра Лукашука мне вельмі спадабалася. Выбар здымкаў быў вельмі цікавы. Бо я фактычна адчыніла ўсе мае альбомы. Сяргей Навумчык, які шукаў і выбіраў здымкі, паехаў у хату маіх бацькоў, дзе жыве мой брат, і таксама, я думаю, што пераглядзеў усе здымкі, што там былі. Так што было вельмі цікава пабачыць, што ён выбярэ. Мне вельмі спадабаўся выгляд кнігі. Яна адначасна сьціплая і вельмі прыгожая. Мне здаецца, гэта ня я рабіла. Гэта ёсьць заслуга мастакоў і рэдактараў”.
Соўсь: “А што да водгукаў...”
Сурвіла: “Мяне зьдзівіла, што Алегу Дашкевічу падалося, што там мала эмоцый. Мне падавалася, што я гэта пісала сапраўды ад сэрца. Дык ня ведаю – магчыма, я і ёсьць мала эмацыйная. З другога боку пісала, безумоўна, з эмоцыямі некаторыя моманты, якія застаюцца заўсёды ў жыцьці. Тое, што перажыта ў дзяцінстве падчас вайны, стаіць перад вачыма. І гэта, між іншым, было найцяжэй пісаць. Гэта пісалася вельмі кароткімі кавалачкамі, і кожны кавалачак папросту пакідаў мяне абсалютна змучанаю. Гэта вельмі цяжка было, і магчыма таму я не люблю гэта прыпамінаць. Але ў выпадку ўспамінаў, я лічу, што бяз гэтага не было б зразумелае маё жыцьцё"
Соўсь: “Я, як чытачка, адчула гэтыя эмоцыі... Спадарыня Івонка, а чаму Вы не прыяжджаеце ў Беларусь? Вось, напрыклад, цяпер – на 90-ыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі?”
Я б у Беларусі хадзіла ад вёсачкі да вёсачкі, як той Дзед Мароз і дапамагала б тым, хто мае ў гэтым патрэбу...
Соўсь: “А Вы маглі б настала вярнуцца ў Беларусь?”
Сурвіла: “Абсалютна. Калі можна было б, то абсалютна. Ці Вы заўважылі, зь якім шчасьцем я пісала пра маё падарожжа ў Беларусь у 1992 годзе? Гэта было нешта надзвычайнае. Толькі 12 дзён там прабыла і маю ўражаньне, што ўсё пабачыла, што ўсё перажыла, спаткала столькі цудоўных людзей. Я б у Беларусі хадзіла ад вёсачкі да вёсачкі, як той Дзед Мароз і дапамагала б тым, хто мае ў гэтым патрэбу...”
Соўсь: “Я памятаю 2002 год, калі ішло змаганьне за Курапаты, і Вы перадавалі абаронцам Курапатаў грошы на харчаваньне, памятаю, як яны былі Вам удзячныя. Хацела б правесьці невялічкую паралель. Адна з кнігаў зь "Бібліятэкі Свабоды" называецца "Дарога праз Курапаты", артыкул Зянона Пазьняка пра Курапаты называўся "Курапаты. Дарога сьмерці" . І цяпер у Вас "Дарога". Нейкая повязь была, калі Вы думалі пра назву?”
Сурвіла: “Мне падабалася, што гэта Дарога, таксама доўгая дарога дадому, як у Быкава, спачатку я называла доўгая дарога на Захад. Гэта ўсё зьвязана з маім жыцьцём з усіх пунктаў гледжаньня. І шмат падарожжаў па сьвеце было, і гэтая дарога дахаты такая важная была. Так хочацца яе прайсьці...”
Соўсь: “Сёньня ўвечары адбудзецца прэзэнтацыя Вашай кнігі ў Менску, і тым людзям, якія слухаюць нашу размову, якія ўвечары прыйдуць на прэзэнтацыю, можа, Вы хацелі б нешта сказаць”.
Будзе прэзэнтацыя гэтай кніжкі, а мяне ня будзе. Фізычна мяне там ня будзе, але думкамі я буду з усімі
А гэтым разам будзе прэзэнтацыя гэтай кніжкі, а мяне ня будзе. Фізычна мяне там ня будзе, але думкамі я буду з усімі”.