Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы акт вандалізму ў Курапатах <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Курапацкім лесе — чарговы акт вандалізму. Невядомыя зламалі 36 крыжоў. Пра акцыю вандалізму паведамілі актывісты ў міліцыю 12 сакавіка.


Ва ўрочышчы Курапаты, пачынаючы ад вялікага крыжа “Пакутнікам Беларусі”, зламаныя пры аснове ці выцягнутыя зь зямлі дзесяткі крыжоў, некаторыя нахіленыя. Зламаная нават частка крыжоў, умацаваных жалезнымі скобамі. Яны ляжаць на зямлі на ўскрайку лесу, пачынаючы ад уваходу ў лес і да шашы з боку поля.

Сябра КХП-БНФ Валеры Буйвал апавёў:

Гэта даволі вялікая група вандалаў, якія зрабілі такую маштабную акцыю вандалізму, паламалі вялікую колькасьць сьвятых крыжоў
Учора заўважылі нашы людзі, праяжджаючы па дарозе праз Курапаты, што там знаходзіцца міліцыя, міліцэйская машына, і ўбачылі паламаныя крыжы. І паведамілі нам, кіраўніцтву партыі. Я хадзіў туды ўвечары 12 сакавіка і ўбачыў усю гэтую змрочную сцэну. Як заўсёды, на жаль, невядома, хто гэтыя злачынцы, колькі гэтых вандалаў. Я мяркую, што гэта даволі вялікая група вандалаў, якія зрабілі такую маштабную акцыю вандалізму, паламалі вялікую колькасьць сьвятых крыжоў”.

Супрацоўнік міліцыі Менскага раёну Алег Аляшко сказаў, што па факце вандалізму, які адбыўся 12 сакавіка, у лес выяжджала група, праводзіцца праверка.

“Праводзіцца праверка, мы будзем імкнуцца ўстанавіць вінаватых. Міліцыя не ахоўвае на пастаяннай аснове Курапаты”.

Паводле спадара Аляшко, адносна ранейшых фактаў вандалізму ў Курапацкім лесе таксама праводзілася праверка.

“Там было пару выпадкаў, калі непаўналетнія бралі гэтыя крыжы і выходзілі зь імі на плошчу ноччу. Ня тое што непаўналетнія, а людзі, якія стаяць на ўліку ў нэўра-псыхіятрычным дыспансэры. Яны выламалі пару крыжоў і былі затрыманыя ў Менску АМАПам. Гэта было ў мінулым годзе”.

Акты вандалізму ў Курапатах здараюцца штогод. У мінулым годзе ўвосень быў павалены вялікі крыж “Пакутнікам Беларусі”. Аднак новая акцыя ўражвае сваімі маштабамі, кажа Валеры Буйвал:

“Па маштабах зьнішчэньня такое было толькі ўвосень 2001 году, калі рэжым зрабіў спробу канчатковага і поўнага зьнішчэньня Курапатаў, калі АМАП, КДБ, бульдозэры нішчылі крыжы ў Курапатах. Тады, як вядома, людзі, беларусы абаранілі нашу сьвятыню. Не ўдалося зьнішчыць Курапаты. З тае пары рэгулярна працягваліся акты вандалізму, ламалі крыжы, блюзьнерылі ў Курапатах. І нам рэгулярна даводзілася аднаўляць крыжы, наводзіць парадак на тэрыторыі народнага мэмарыялу. Такой маштабнай вандальскай акцыі даўно не было”.

Спадар Буйвал сказаў, што актывісты зьвярталіся з прычыны актаў вандалізму ў дзяржаўныя органы.

“Зразумела, што гэтая ўлада не зацікаўленая ў высьвятленьні праўды, абставінаў гэтых злачынных дзеяньняў. Так яно і будзе, пакуль будзе гэты рэжым. Не знайшлі, і, я мяркую, ня знойдуць, бо гэта, мы мяркуем, злачынцы, якія падтрымліваюць гэты рэжым”.

Старшыня мэмарыяльнай камісіі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык пракамэнтаваў убачанае ў Курапацкім лесе:

“На вялікі жаль, вандалізм у Курапатах працягваецца. Гэта зьвязана з тым найперш, што міліцыя пасьлядоўна і цынічна ня робіць ніякіх захадаў супраць вандалаў. Ніякіх надпісаў нідзе я тут не знайшоў, але ж па колькасьці крыжоў, па тым, як яны ламалася, бачна, што гэтым займалася група людзей цягам доўгага часу. Шкада, што гэта адбываецца ў Курапатах, якія зьяўляюцца сымбалем сталінскіх рэпрэсій і пакутаў нашага народа”.

Актывісты КХП-БНФ абвясьцілі, што ў суботу, 15 сакавіка, а 12 гадзіне ў Курапацкім лесе пачнецца талака. Яны заклікалі грамадзянаў прынесьці з сабой інструмэнты, каб аднавіць паваленыя крыжы.








Курапа́ты — лясны масіў на ўскрайку Менску.

У 1937-1941 годзе бальшавікі расстралялі там ад 30 000 да 100 000 (па ацэнках некаторых дасьледчыкаў, да 250 000) чалавек.

Першым адкрыў праўду пра гэты лес Зянон Пазьняк.

У 1988 годзе ў Курапатах адбылася масавая антысавецкая дэманстрацыя, якая была жорстка разагнаная міліцыянтамі, з ужываньнем сьлезацечнага газу.

У 1994 годзе Курапацкі лес наведаў Біл Клінтан і падараваў манумэнт — гранітную лаўку, якая стала, напэўна, першым помнікам-падарункам ЗША на тэрыторыі пасьля савецкай Беларусі. Амэрыканскі помнік тройчы быў разламаны невядомымі вандаламі, але кожнага разу аднаўляўся зноў.

Узімку 2002 году моладзь і сябры Беларускага народнага фронту абаранялі Курапаты цягам некалькіх месяцаў ад будаўнікоў, якія пашыралі Менскую кальцавую дарогу.

29 кастрычніка 2004 году ў Курапатах адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнага знака ад беларускіх габрэяў ахвярам сталінізму. Мэмарыяльны знак выраблены з каменя, які калісьці быў часткай помніка Сталіну ў Менску.

Штогод на Дзяды сотні людзей прыходзяць у Курапаты, каб памянуць тых, хто загінуў ад рукі бальшавікоў.

Прадстаўнікі ўладаў ігнаруюць праблемы Курапатаў, зазначае
Вікіпэдыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG