Фільм прысьвечаны гомельскім Курапатам. На 9 кілямэтры Чарнігаўскай шашы, каля ўрочышчаў Бутылёўшчына і Горкі ў 2007 знайшлі новыя масавыя пахаваньні ахвяраў рэпрэсій. На прэзэнтацыі фільму прысутнічаў наш карэспандэнт.
У Прыбыткоўскім лесе знайшлі парэшткі 70 чалавек, якія былі расстраляныя ў канцы 30-х гадоў. Стваральнікі фільму аб’езьдзілі ўсе навакольныя вёскі ля лесу і запісалі расповеды сьведак.
“Чаго стралялі? Ворагаў народу. Прывезьлі, зрабілі, расстралялі. Давай людзі хадзіць там. Знаходзяць, тарчыць рука чалавечая адтуль. Гэта да вайны, калектывізацыя ў асноўным”. “І вось на правым баку такія бугры. Усё расказвалі калісьці нашы бацькі, што гэта пахаваныя людзі”. У стужцы “Лес сьмерці” скарыстаныя кадры альтэрнатыўных раскопак: чарапы падобныя на курапацкія, гільзы ад савецкага нагану, груды костак. Як гаворыцца ў фільме, улады не сьпяшаюцца апавесьці праўду пра ахвяраў гэтага лесу. На думку аўтараў стужкі, трэба далучыць гісторыкаў, правесьці незалежную экспэртызу, а не плянаваць будаўніцтва новага мікрараёну на костках. .
Пра вынікі створанай уладамі камісіі, у якую не былі ўключаны прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці, старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сказаў:
“Толькі, калі ўжо было прынятае рашэньне камісіяй, калі парэшткі былі перазахаваныя, яны нам проста прыслалі ліст-справаздачу, што чатыры чырвонаармейцы, астатнія ахвяры вайны, пахаваныя там і там. Вось іх пазыцыя”.
Спадар Астаповіч ня стаў называць імёны гомельцаў, якія прадаставілі яму відэаматэрыялы. Ён апавёў пра гісторыю паказанай стужкі: “Патрапілі мне гэтыя відэаматэрыялы яшчэ ў жніўні. Мы зрабілі алічбоўку для гомельскіх калег, перадалі ім. Яны зрабілі фільм амаль на 50 хвілінаў. Зьняты фільм на аматарскім абсталяваньні. І мы як змаглі апрацавалі гэтыя матэрыялы і зрабілі гэты 10-хвілінны ролік, каб даць уяўленьне пра гэтую праблему”.
На паказе фільму выступіў таксама грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык: “Адназначна, размова ішла пра сталінскія злачынствы. І ў прыватных размовах прадстаўнікі ўладаў гэта не адмаўлялі. Яны афіцыйна зноў сьпісалі злачынства аднаго таталітарнага рэжыму сталінскага на нацыстаў. І так ня можа быць. Бо будучыня Беларусі можа быць нармальная, калі будзе ўсё справядліва ў тым ліку і з нашай гісторыяй. Гэтая гомельская эпапея ня скончылася”.