Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар інтэрнату Ваўчкоў на суд у Геную не паедзе


Дырэктар Вілейскага інтэрнату для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы Мікалай Ваўчкоў адмовіўся ад удзелу ў судовых слуханьнях па справе незаконнага ўтойваньня беларускай сіраты Вікі Мароз.


Як кіраўніка дзіцячай установы, што да восені 2006 была афіцыйным апекуном гэтай беларускай дзяўчынкі, Ваўчкова разам зь Вікай Мароз Генуэскі суд афіцыйна запрасіў на слуханьні 2 красавіка. Вілейскі інтэрнат да таго ж выступае на судзе пазоўнікам.

У размове са “Свабодай” Мікалай Ваўчкоў сказаў:

Ваўчкоў: “Чаму я не паеду туды? Таму што не павінен растрачваць дзяржаўныя сродкі. Не паеду я на гэты суд! Пісьмова я сказаў пра гэта. Не хачу ні дзяўчынку турбаваць, ні іншых людзей. Лічу, што справа ўжо скончаная і няма чаго далей уздымаць гэта пытаньне”.

Карэспандэнт: “Ці сочыце вы за жыцьцём сваёй былой выхаванкі ў яе новай сям’і?”

Ваўчкоў: “Сам я там ня быў. Што я пра яе ведаю? Ну, ведаю, што жыве яна там, што брат яе там. Пра гэта мне вусна паведамлялі дзяўчаты з сацыяльнай службы і з жодзінскай школы”.

Мікалай Ваўчкоў лічыць, што ўвосень 2006 году ў гісторыі зь Вікай Мароз ён несправядліва апынуўся, так бы мовіць, “крайнім”. Тады італьянскія сужэнцы Джуста-Барначын не хацелі вяртаць Віку Мароз назад у Вілейку і сьцьвярджалі, што ў інтэрнаце ў дачыненьні да дзяўчынкі ўжываўся гвалт.

Паводле Ваўчкова, гэты час застаўся ў мінулым. Цяпер дырэктар інтэрнату адчувае сталую падтрымку з боку супрацоўнікаў Менскага ўпраўленьня адукацыі.

Тым часам адмова пазоўніка ад удзелу ў працэсе можа ўнесьці свае карэктывы ў ход справы. Паводле італьянскіх мэдыяў, абвінавачаньне апынецца ў даволі складанай сытуацыі. На судовай лаве будуць адразу сем абвінавачаных (пяцёра прадстаўнікоў сямейнага кляну Джуста-Барначын, двое сьвятароў), а ў залі — аніводнага прадстаўніка з боку пацярпелых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG