Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чый уплыў большы на Беларусь: ЗША ці Эўропы?


Палітоляг Юры Чавусаў
Палітоляг Юры Чавусаў

Чым можа скончыцца дыпляматычны канфлікт паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам?

Гутарка нашага карэспандэнта Віталя Цыганкова з палітолягам Юрыем Чавусавым.

Цыганкоў: “Ці дасягнулі ужо адносіны Беларусі і ЗША так званай “кропкі замярзаньня”, на якой ужо немагчымае далейшае пагаршэньне? Як можна спрагназаваць далейшыя крокі абодвух бакоў?”

Чавусаў: “На мой погляд, працэсы цяпер пераходзяць у стадыю дыпляматычнага ўрэгуляваньня. Санкцыі ўведзеныя. Стала нарэшце зразумела, якім чынам яны будуць дзейнічаць, і стала зразумела, што яны будуць даволі балючымі.

І зараз наступае стадыя выпрабаваньня для беларускай дыпляматыі – наколькі яна здольная дамагчыся адмены гэтых санкцыяў. У прынцыпе, адкліканьне пасла для кансультацыяў – гэта найлепшае, што беларускі бок мог зрабіць”.

Цыганкоў: “Прабачце, як можа беларуская дыпляматыя паўплываць на вызваленьне Казуліна?”

Чавусаў: “Але ж справа ня толькі ў вызваленьні Казуліна. Мы бачым, што апошнім часам адбываецца карэктыроўка беларускай палітыкі ў накірунку зьмены іміджу рэжыму. Задача для дыпляматыі – давесьці да заходніх партнэраў, што працэсы паляпшэньня сапраўды ідуць, і гэтыя працэсы ідуць у слушным накірунку – паступова, пасьлядоўна.

На дадзены момант беларускія дыпляматы з гэтай задачай не спраўляюцца. Мы бачым, што ўсё вырашаецца ў кулюарных размовах – у тым ліку ў размовах падчас прыезду эмісараў Захаду ў Менск. Дыпляматы тут як бы не пры чым, але ж гэта іхняя функцыя”.

Цыганкоў: “Назіральнікі адзначылі, што дыпляматычны беларускі дэмарш супраць ЗША быў учынены у той самы дзень, калі у Брусэлі было падпісана пагадненьне аб адкрыцьці офісу Эўракамісіі ў Менску. Адразу зьявіліся меркаваньні, што афіцыйны Менск імкнецца супрацьпаставіць ЗША і Эўропу па беларускім пытаньні. Ці вы згодны з такім меркаваньнем, і ці можа прынесьці нейкія дывідэнды такое супрацьпастаўленьне?”

Чавусаў: “Тое, што беларускі бок імкнецца проціпаставіць амэрыканскі і эўрапейскі падыходы да беларускай праблемы – гэта відавочна.

Парадаксальна, аднак, што ЗША як сусьветны фінансавы цэнтар і як краіна, для якой гандлёвыя стасункі зь Беларусьсю вялікага значэньня ня маюць, валодае большымі рычагамі ўплыву на Беларусь у эканамічным сэнсе, чым Эўразьвяз, зьвязаны зь Беларусьсю непасрэднымі эканамічнымі сувязямі. Бо амэрыканцы могуць даволі лёгка ўжываць гэтыя эканамічныя санкцыі, а Эўразьвяз бяз шкоды для сябе ня можа. Гэтым і тлумачыцца адрозьненьне падыходаў – больш жорсткі амэрыканскі і больш лагодны эўрапейскі.

Але ў беларускай сытуацыі варта яшчэ дадаваць і расейскі чыньнік. Нездарма гэты гучны дэмарш адбыўся пасьля тэлефоннай размовы Лукашэнкі і Пуціна”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG