Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Клімаў: “Я ніколі не прасіў і не папрашу аб памілаваньні”


Першае інтэрвію пасьля вызваленьня Андрэй Клімаў даў карэспандэнту Радыё Свабода.


Сёньня а 6-й раніцы цягніком Калінкавічы-Менск дахаты ў Менск прыехаў былы палітвязень Андрэй Клімаў. На вакзале яго сустракалі маці, жонка, актывісты апазыцыі, сябры і журналісты. Першае інтэрвію ён даў Радыё Свабода.

1 жніўня мінулага году спадар Клімаў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менску. Яго пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі за артыкул ў інтэрнэце і трымалі ў Мазырскай калёніі строгага рэжыму.

Андрэй Клімаў вызвалены 15 лютага адпаведна з прэзыдэнцкім указам аб памілаваньні ад 11 лютага. Былы палітвязень вызвалены ад далейшага адбыцьця пакараньня. Спадар Клімаў сказаў, што для яго гэта застаецца загадкай. Магчыма, тут “нейкі працэс перамоваў з Захадам”:

“Асабіста мяне з указам не азнаёмілі. Я, натуральна, ніколі не прасіў і не папрашу аб памілаваньні, паколькі не адчуваю сябе вінаватым і не прызнаю сваю віну. Тым болей такіх мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі”.
Наступным крокам павінна быць выкананьне тых умоваў ЭЗ, якія б нам дазволілі ўступіць у Эўразьвяз.


Спадар Клімаў выказаў надзею, што працэс вызваленьня палітвязьняў працягнецца і хутка на волі будуць Аляксандар Казулін і Аляксандар Зьдзьвіжкоў.

“Наступным крокам пасьля вызваленьня палітзьняволеных павінна быць ня проста выкананьне ўмоваў Эўразьвязу, якія б дазволілі і далей існаваць цяперашняму рэжыму. Наступным крокам павінна быць выкананьне тых умоваў ЭЗ, якія б нам дазволілі ўступіць у Эўразьвяз”.

Як сябе адчувае Андрэй Клімаў, як ягонае здароўе?

“Цяпер гэта адна з задачаў. І сэрца хварэе, і нешта доўга прастуда не праходзіць, ангіны замучылі. Таму адна зь першых задач – аднаўленьне здароўя. Я думаю, што найперш харчаваньне, спакой, хатняя ўтульнасьць павінны зрабіць сваю справу”.
Адна зь першых задач – аднаўленьне здароўя.


Згадваючы зону, Андрэй Клімаў кажа, што яна вельмі цяжкая ў маральным пляне. Бо ў Мазырскай калёніі сядзяць у асноўным за забойствы, за асабліва цяжкія злачынствы, прычым неаднаразова судзімыя.

“Людзі дэградаваныя, абмежаваныя, сьпітыя. Адпаведна і стаўленьне адміністрацыі: у вялікім нэрвовым стрэсе пастаянна знаходзіцца, і я апынуўся, нібыта, на вайне. Мне спачатку цяжка было зразумець, дзе я? І далучыцца ні да аднаго, ні да другога лягеру мне нельга, бо я ня той, і тым больш я не з адміністрацыі. Я – палітычны”.

Паводле спадара Клімава, у атрадзе было 200 чалавек.

“Ёсьць агульная тэндэнцыя, што турмы і зоны перапоўненыя. Звыш усялякай нормы. І садзяць без разбору. Людзі заяжджалі абсалютна няясна за што. Ну, я стараўся падтрымліваць фізычную форму, бо калі яшчэ не рабіць зарадку, не займацца фізкультурай, то можна наагул загнуцца”.

Якім быў самы цяжкі дзень, перажыты за час зьняволеньня?

“Гэта дзень калі мяне этапавалі з гомельскай турмы на Мазыр. Калі я прыехаў, і нас адразу зьмясьцілі ў крыты карантын. Гэта быў самы цяжкі дзень і страшны. Я патрапіў у такія жорсткія ўмовы, адразу прыгадаліся фільмы пра вайну. І зачынены карантын, усе паляць, паветра не хапае. Я думаў, што я памру. Але нічога, выжыў”.

Вінавачаньне, якое яму было прад’яўлена, А.Клімаў называе абсурдам.
З 1996 году я паклаў амаль усё свае жыцьцё, каб у краіне захоўвалася канстытуцыя.


“Вінаваціць мяне ў тым, што я заклікаю канстытуцыйным шляхам памяняць уладу ў краіне. І прад’яўляць мне вінавачаньні ў закліках да гвалтоўнага шляху, пасьля таго як я пачынаючы з 1996 году паклаў амаль усё свае жыцьцё, каб у краіне захоўвалася канстытуцыя – гэта проста перавярнуць усё з ног на галаву. Выкарыстоўваюць любыя мэтады, каб заткнуць рот палітычным апанэнтам”.

Пра свае пляны Андрэй Клімаў сказаў:

“Я яшчэ не адчуваю сябе свабодным чалавекам. Першае, мне трэба адчуць сябе свабодным. Потым, мне трэба па нармальнаму абняць сваю жонку, дзяцей. Пагутарыць з мамай, сустрэцца з сябрамі, прайсьці па родным горадзе. Перадаць прывітаньне ўсім, каго ведаю. І калі я адчую сябе свабодным, можна казаць пра пляны на будучыню”.

Андрэй Клімаў кажа, што ў зьняволеньні меў магчымасьць пісаць свае кнігі – мастацкі раман, а таксама кнігу пра тое, куды ідзе краіна пасьля разгону Вярхоўнага савету і пра месца Беларусі ў Эўропе. З зоны забраў з сабой шахматы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG