Намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхін ня мае сумневаў, што кошты газу для Беларусі цягам 2008 году будуць падвышацца:
“Тэндэнцыі падвышэньня коштаў энэрганосьбітаў маюць месца ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, ва ўсім сьвеце. А электрычнасьць — гэта, па вялікім рахунку, матэрыялізаваны газ, альбо вугаль, альбо нафта, альбо ўран, у рэшце рэшт.
Таму трэба весьці перамовы наконт коштаў, наконт крэдыту. Мінулым разам дамовіліся ж. Але адмяняць усясьветныя тэндэнцыі немагчыма. Зьвярніце ўвагу, заява спадара Лукашэнкі зроблена ў той самы дзень, калі кошт барэля нафты парваў плянку ў 100 даляраў. Ну, гэта ж усясьветная тэндэнцыя”.
Экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Валянцін Мацкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што Менск і Масква дамовіліся пра кошт газу ў памеры 119 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але гэтае пагадненьне дзейнічае толькі ў першым квартале. Таму жаданьне “Газпрому” падвысіць кошты выглядае цалкам лягічным, лічыць спадар Мацкевіч:
“Пражылі зіму. Дзякуй Богу, былі слабыя маразы. Цяпер, канечне, выблытвацца будзе лягчэй, паколькі і аб’ёмы газу будуць меншыя.
Але з красавіка павінна вызначацца іншая цана. І, напэўна, сёньня ўжо ідуць перамовы пра новыя кошты. І таму, мне здаецца, Лукашэнка і агучвае прапановы, якія ідуць ад “Газпрому”.
У сваім інтэрвію Аляксандар Лукашэнка таксама казаў: “...як нам будаваць саюзную дзяржаву, калі сёньня прыбытковасьць “Газпрома” ў Беларусі прыкладна тая ж самая, як і ў Нямеччыне?”
Маскоўскі палітоляг Уладзімер Жарыхін так камэнтуе гэтыя словы:
“Трэба займацца будаўніцтвам саюзнай дзяржавы, а не размовамі пра яе. Трэба сапраўды аб’ядноўваць эканомікі, сапраўды будаваць агульную эканамічную прастору, сапраўды выходзіць на элемэнты палітычнага аб’яднаньня. І ня трэба гэтага баяцца спадару Лукашэнку.
Пакуль жа сытуацыя часта атрымліваецца такая — усё, што ў Расеі, гэта наша агульнасаюзнае. А ўсё, што ў Беларусі, гэта наша беларускае. Трэба адыходзіць ад такіх рэчаў”.
Валянцін Мацкевіч ацэньвае словы кіраўніка беларускай дзяржавы пра саюзнае будаўніцтва як расплату за ягоную ж палітыку:
“Загнаўшы сябе ў кут, за кошт сваёй амбіцыйнасьці, Лукашэнка цяпер ускладае віну на Расею. Зразумела ж, што гэты кранава-газавы шантаж — рычаг для таго, каб загнаць Беларусь у саюзную дзяржаву. Расея, Пуцін і хацелі б праз “Газпром” зрабіць гэтую справу.
Таму вось гэтыя словы Лукашэнкі пра тое, як жа можна будаваць саюзную дзяржаву, трэба накіраваць яму самому: якім чынам, чаму ён завёў Беларусь у такое становішча? Гэта пытаньне не да Масквы, а да Лукашэнкі”.