Учора ў інтэрвію тэлеканалу Russia Today і інфармацыйнаму агенцтву РИА «Новости» , адказваючы на пытаньне, ці хацеў бы ён ўзначаліць саюзную дзяржаву, Лукашэнка адказаў: “Вы што, лічыце, што толькі ў вашых кіраўнікоў павінны быць амбіцыі, каб узначаліць гэтае аб’яднаньне? Я ня быў бы палітыкам, і ня быў бы палітыкам Пуцін ці Мядзьведзеў, ці хто яшчэ, якія б у гэтым пляне не імкнуліся гуляць нейкую ролю у кіраўніцтве гэтым аб’яднаньнем”.
Паводле Лукашэнкі, некаторыя праблемы ў адносінах Масквы і Менску тлумачацца тым, што некаторым расейскім палітыкам не падабаецца рост папулярнасьці прэзыдэнта Беларусі сярод расейцаў. Разам з тым ён абверг наяўнасьць у яго якіх бы то ні было палітычных амбіцыяў у самай Расеі.
“Што тычыцца народжанай яшчэ пры Барысе Ельцыне легенды, што Лукашэнка імкнецца ў Крамлі шапку Манамаха схапіць і зьнесьці у Менск – гэта поўнае трызьненьне,” – сказаў беларускі кіраўнік.
Як расейцы ставяцца да А. Лукашэнкі?
Дадзеныя апытаньняў расейскага Фонда «Общественное мнение» аб стаўленьні расейцаў да Аляксандра Лукашэнкі
Разьмеркаваньне адказаў на пытаньне «Як Вы ў цэлым ставіцеся да А. Лукашэнкі – добра, дрэнна ці абыякава», у працэнтах.
Добра Дрэнна Абыякава
Лістапад 2000 40 13 36
Верасень 2003 29 17 46
Люты 2004 23 30 39
Жнівень 2004 28 23 40
Верасень 2004 30 18 41
Кастрычнік 2004 22 19 46
Люты 2006 35 12 44
Студзень 2007 26 15 49
Сьнежань 2007 31 10 48