Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі гаспадарчы суд абараніў прадпрымальніка ад свавольства падатковай інспэкцыі


Віктар Ламека
Віктар Ламека

Гарадзенскі абласны гаспадарчы суд часткова задаволіў скаргу індывідуальнага прадпрымальніка з Зэльвы Віктара Ламекі да раённай падатковай інспэкцыі, якая патрабавала спагнаць зь яго звыш 50 мільёнаў рублёў, а таксама пастанавіў, каб раённая падатковая інспэкцыя вярнула канфіскаваныя ў Ламекі рэчы і пералічыла на ягоны рахунак судовыя выдаткі.

Зэльвенская раённая падатковая інспэкцыя на падставе прадстаўленьня раённай пракуратуры склала акт камэральнай праверкі аб падатках, нібыта недаплачаных індывідуальным прадпрымальнікам Віктарам Ламекам на працягу некалькіх гадоў. Агульная сума, з улікам штрафаў яшчэ і ў пэнсійны фонд, складала блізу 70 мільёнаў рублёў.

Апроч гэтага, падатковая ўжо канфіскавала легкавік Ламекі, тэлевізар, мэблю, сканфіскавала грошы з рахунку, пазбавіла Ламеку права кіраваньня аўто на пяць гадоў і нават, як прагучала ў судзе, зьняла 42 тысячы рублёў з тэлефона Ламекі. І гэта — як падкрэсьліваў неаднойчы ў судзе Ламека — зрабілі яшчэ да рашэньня суду.

Прадстаўнікі падатковай інспэкцыі тлумачылі суду, што імі быў складзены акт камэральнай праверкі на падставе прадстаўленьня раённай пракуратуры. Аднак у ходзе судовага паседжаньня высьветлілася, што ў прадстаўленьні пракуратуры не было зафіксавана ніводнага канкрэтнага факту, каб Ламека парушаў падатковае заканадаўства, а ўтрымлівалася «пажаданьне» правесьці праверку ў дачыненьні да індывідуальнага прадпрымальніка, нібыта з прычыны нясплаты ім падаткаў.

Падаткоўцы «задаволілі жаданьне» пракуратуры і налічылі Ламеку штраф паводле прынцыпу: калі знаходзіўся ў Зэльве, то, значыцца, мог і працаваць на рынку. Налічаныя дадатковыя падаткі і затым штрафы не пацьвярджаліся канкрэтнымі дакумэнтамі аб парушэньні Ламекам падатковага заканадаўства.

Толькі за пэрыяд некалькіх месяцаў былі прадстаўлены копіі (нават не арыгіналы) талёнаў, якія нібыта Ламека прадстаўляў у падатковую інспэкцыю. У судзе Ламека іх не прызнаў, сказаў, што яны запоўненыя не ягонай рукой, патрабаваў арыгіналаў. Але суд усё ж далучыў іх да справы.

Пазыцыя Ламекі ў судзе зводзілася да наступнага:

— Усе довады падатковай інспэкцыі грунтуюцца на меркаваньнях, да таго ж на ілжывых сьведчаньнях, бо мне налічылі падаткі і штрафы нават за тыя дні, калі я ляжаў у шпіталі і адсутнічаў наагул у Беларусі і быў за мяжой. А я прадставіў суду пацьверджаньні па гэтых фактах і лічу, што падатковая інспэкцыя, складаючы камэральны акт, наагул не праводзіла ніякай праверкі, а прадставіла ў суд непраўдзівыя зьвесткі. І на гэтым справу варта спыніць, а дзяржаўных работнікаў, якія займаліся шальмаваньнем пры складаньні акта праверкі, прыцягнуць да адказнасьці.

Суд прыняў да ўвагі тое, што падатковая інспэкцыя не прадставіла фактычных доказаў парушэньня Ламекам падатковага заканадаўства, і задаволіў скаргу часткова: абавязаў падатковую зьняць накладзеныя штрафы — за выключэньнем тых месяцаў, за якія падатковая прадставіла копіі талёнаў, хоць і не прызнаных Ламекам. У выніку, паводле Ламекі, ён мусіць заплаціць толькі некалькі мільёнаў штрафу.

У судзе Ламека не карыстаўся паслугамі адваката. Хадайнічаў, каб у якасьці ягонага абаронцы выступаў палітвязень Мікалай Аўтуховіч, але суд хадайніцтва не задаволіў. Тым ня менш Віктар Ламека паказваў проста бліскучае веданьне дзейнага заканадаўства, кожны раз апэляваў да канкрэтных артыкулаў закону. Пасьля зачытанага прысуду ён быў вельмі зьдзіўлены, бо падобныя справы раней у судзе ўжо выйгравала падатковая інспэкцыя.

— Я зусім ня верыў, што можа быць такое рашэньне, я нават дагэтуль не зусім веру. Падаткоўцы склалі так паперы, што ніводнае парушэньне не было задакумэнтавана — суд папросту ня мог гэтага не ўлічыць. А зь іншага боку, уяўляеце, хто і як працуе ў нашых падатковых інспэкцыях... У мяне ж ужо забралі аўто, у дзяцей — тэлевізар, грошы з рахунку канфіскавалі... Яны грунтаваліся на тым, што прыйшло прадстаўленьне ад пракурора, і налічылі такія штрафы. Я вельмі ўдзячны падтрымцы маіх калегаў, якія прыйшлі разам са мною ў суд, і вялікі дзякуй журналістам, што асьвятлялі гэтую справу, бо яна павінна быць навукай для іншых падатковых інспэктараў.

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які прысутнічаў падчас усяго працэсу, кажа, што адпачатку было зразумела, што падатковая паступае непрафэсійна. Ён нават зьдзіўляўся таму гвалту, які яны чынілі ў адносінах да Ламекі.

— Мне здаецца, што гэта перамога, няхай ня поўная, але судзьдзя прамовіў, што прымушае падатковую інспэкцыю вярнуць грошы, аўта, заплаціць судовыя выдаткі... Гэта нейкі крок наперад да права, якое існуе ў цывілізаваных краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG