У свае 16 гадоў Уладзіслаў Рудэнка быў схоплены расейскімі войскамі, яго дзевяць месяцаў трымалі ў дзіцячых лягерах у акупаваных Расеяй Крыме і Херсоне, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Адрозна ад 20 000 іншых украінскіх маладых людзей, што застаюцца ў расейскім палоне, Рудэнку вызваліла няўрадавая арганізацыя «Save Ukraine», і ён вярнуўся на тэрыторыю, кантраляваную Украінай, пасьля дзевяці месяцаў у няволі.
Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі і іншыя ўкраінскія службоўцы кажуць, што цяпер у цэнтры іхнай увагі лёсы гэтых тысячаў, многія зь якіх застаюцца на акупаваных Расеяй тэрыторыях — ва ўстановах, якія Масква называе «рэабілітацыйнымі цэнтрамі».
«Гэтае злачынства павінна быць старанна расьсьледавана, а вінаватыя прыцягнуты да адказнасьці, — заявіў у мінулыя выходныя міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга ў рамках старту новай кампаніі выратаваньня дзяцей. — Справядлівы і трывалы мір патрабуе вяртаньня ўсіх гэтых украінскіх дзяцей дамоў».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў спыненьне самага працяглага канфлікту ў Эўропе з часоў Другой усясьветнай вайны прыярытэтам замежнай палітыкі Злучаных Штатаў пасьля ўступленьня на пасаду тры месяцы таму.
У той час як перамовы пераключаліся з аднаго спрэчнага пытаньня на другое, украінскія службоўцы разглядалі рэпатрыяцыю ўсіх вывезеных з Украіны дзяцей як іх галоўны пункт.
Украінскія афіцыйныя асобы абвінавацілі Маскву ў арганізацыі таго, што некаторыя групы назвалі «сыстэматычнай дэпартацыяй» дзяцей з Украіны ў кантраляваныя Расеяй часткі ўкраінскай тэрыторыі ці нават далей — на тэрыторыю Расеі і яе хаўрусьніцы Беларусі.
Летась Беларуская служба Радыё Свабода і праект «Схемы» (аддзел расьсьледаваньняў Украінскай службы Радыё Свабода) сабралі сьведчаньні выкарыстаньня гэтых лягераў, каб вучыць маладых украінцаў атаесамляць сябе з канцэпцыямі, якія прапагандуюць і Масква, і Менск.
Гэта адбылося пасьля таго, як Ейльская лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў у лістападзе 2023 года паказала, што падканвойныя выезды ўкраінскіх школьнікаў у Беларусь каардынуюцца Беларусьсю і Расеяй у рамках так званай Саюзнай дзяржавы.
У дасьледаваньні гаворыцца, што гэты працэс уключае «перавыхаваньне», якое вызначаецца як «прасоўваньне культурных, гістарычных, грамадзкіх і патрыятычных пасланьняў ці ідэяў, якія служаць палітычным інтарэсам» абодвух рэжымаў.
Вайсковую падрыхтоўку, у тым ліку пры ўдзеле вайскоўцаў МУС, праходзілі «не менш за шэсьць групаў дзяцей», гаворыцца ў справаздачы.
Раней у гэтым месяцы Рудэнка расказаў Украінскай службе Радыё Свабода, што расклад дня дзяцей пад вартай расейскай улады меў відавочную скіраванасьць.
«Мы прачыналіся пад гімн Расеі, падымалі сьцяг, рабілі зарадку. Пасьля сьняданку нам расказвалі, што адбылося ў Расеі за ноч. Літаральна. Потым мы ішлі глядзець расейскія фільмы», — успамінаў ён свой побыт у лягерах.
Паводле зьвестак Ейльскай лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў, больш за 8400 дзяцей з Украіны сыстэматычна перамясьцілі як мінімум у 57 установаў: 13 зь іх у Беларусі і 43 — у Расеі і на акупаванай Расеяй тэрыторыі Ўкраіны.
Паводле афіцыйнага парталу ўраду Ўкраіны childrenofwar.gov.ua, вывезьлі значна больш — каля 20 000, і толькі 1300 дзяцей удалося вярнуць.
«Мы нагадваем сьвету, што безь вяртаньня дзяцей, выкрадзеных Расеяй, вайну нельга лічыць па-сапраўднаму скончанай», — гаворыцца ў заяве, якую офіс Зяленскага апублікаваў на Вялікдзень.
Вашынгтон падтрымаў Кіеў у пытаньні рэпатрыяцыі дзяцей, заявіўшы ў мінулым месяцы, што ён па-ранейшаму падтрымлівае абмен ваеннапалоннымі, вызваленьне затрыманых цывільных асобаў і вяртаньне гвалтоўна перамешчаных украінскіх дзяцей.
Аднак украінскія службоўцы занепакоеныя тым, што нядаўнія скарачэньні бюджэту адміністрацыяй Трампа могуць істотна перашкодзіць расьследаваньню, куды перавезьлі дзяцей, і намаганьням зрабіць магчымым іх вяртаньне.
Тым часам Караліна Гэрд, намесьніца кіраўніка групы і аналітык Інстытуту вывучэньня вайны, амэрыканскай некамэрцыйнай дасьледчай групы, папярэдзіла, што ўкраінскія падлеткі, вымушаныя прыняць расейскае грамадзянства, могуць сутыкнуцца з прызывам у расейскую армію і прымушэньнем ваяваць супраць уласнага народу, што ёсьць парушэньнем міжнароднага права.
«Перамовы і спыненьне баявых дзеяньняў без уліку праблемы дэпартаваных дзяцей дадуць Расеі магчымасьць працягваць рабіць гэтыя злачынствы абсалютна беспакарана», — напісала Гэрд.