Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская эпархія ня можа пацьвердзіць наяўнасьці сродкаў на Сафійскі сабор


Менавіта таму будаўніцтва копіі полацкага храма ўзору ХХІ стагодзьдзя спынена, паведаміў галоўны архітэктар Віцебску Андрэй Макееў, піша tut.by.

Жыхары гораду, якія пратэставалі супраць зьнішчэньня парку дзеля ўзьвядзеньня сабору-навабуду, перакананы: улады гораду і вобласьці зьвярнулі ўвагу на праблему зь фінансаваньнем будаўніцтва менавіта пасьля масавых выступаў грамадзкасьці.

Як паведамлялася на этапе грамадзкага абмеркаваньня праекту ў 2015 годзе, грошы на будаўніцтва копіі полацкай Сафіі абяцаў даць расейскі «Газпром». Ягоны кіраўнік Аляксей Мілер стаў пачэсным старшынём рады папячыцеляў Сафіі, цьвердзіў настаяцель будучага храма Міхаіл Мартыновіч.

Аднак сёлета Міхаіл Мартыновіч ужо адмовіўся ад уласных слоў. На сустрэчы зь віцяблянамі-пратэстоўцамі ён казаў, што храм трэба будаваць «усім мірам», але ўжо не чакаючы дапамогі збоку. Адсутнасьць фінансавых гарантыяў ад «Газпрому» пацьвердзілі і віцебскія чыноўнікі, якія прыйшлі на сход ды жыхароў вуліц Чэхава і Ўрыцкага, якія асабліва актыўна выступалі на абарону парку ад высяканьня.

На працягу месяца віцябляне арганізавалі некалькі сустрэч для абмеркаваньня праблемы і напісалі шэраг лістоў у розныя інстанцыі — ад гарвыканкаму да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. На месца выяжджаў старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў, і праз колькі дзён пасьля гэтага візыту зьніклі вароты ў плоце, якім пасьпелі абнесьці месца будаўніцтва. Разам зь імі зьнік і «пашпарт абʼекта», дзе значылася, што будоўля копіі Сафійскага сабору распачалася ў верасьні гэтага году.

Днямі быў дэмантаваны і ўвесь плот цалкам. Цяпер віцябляне маюць магчымасьць прагульвацца па парку ў гістарычнай частцы гораду, як было раней. Але іх трывожаць і ранейшыя сумневы наконт таго, ці не паўстане зноў пытаньне пра будаўніцтва.

Мясцовыя актывісты рыхтуюць ліст у Віцебскую эпархію, каб запытацца, ці ёсьць у замоўнікаў крыніцы на фінансаваньне праекту ў поўным абʼёме і ці згодныя яны на прапанову зьменшыць плошчу абʼекта, выказаную гарадзкімі ўладамі. Гарвыканкам прапанаваў перанесьці сабор на 36 мэтраў, каб мінімалізаваць зону высечкі дрэў, зьмяніць трасу камунікацыяў, адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынка, а галоўнае — зьменшыць плошчу ніжняга храма да памераў верхняга — уласна копіі полацкай Сафіі. Менавіта апошні пункт віцябляне лічаць вызначальным, бо на «падземным паверсе» замоўнікі запраектавалі «залю шматфункцыянальнага прызначэньня з вэстыбюлем, прыбіральнямі для наведнікаў, дапаможнымі памяшканьнямі; залю ўрачыстых прыёмаў і абрадаў, гардэробы для сьвятароў, трапэзную з кухняй, памяшканьні тэхнічнага прызначэньня» і гэтак далей. На думку шмат каго з гараджанаў, вядзецца ўжо далёка не пра «аднаўленьне страчанай сьвятыні», як спрабуюць пераканаць сьвятары, а пра вялікі эпархіяльны культурна-дзелавы цэнтар.

Прыхільнікі будаўніцтва полацкай Сафіі ў Віцебску таксама хвалююцца. Яны актыўна ўдзельнічаюць у інтэрнэт-дыскусыях, вінавацячы апанэнтаў у нянавісьці да праваслаўя і да «братняй Расеі». Хто-ніхто выказвае свае прэтэнзіі да абаронцаў парку ў вершаванай форме, накшталт:

Расскажем, как с Церквью Христовой сражались,
В сетях социальных над ней измывались?
Пихали, пинали, проклятия слали,
Чтоб в парке собачки спокойно гуляли!

Паводле інфармацыі ад афіцыйных крыніц, будаўніцтва копіі Сафійскага сабору не распачнецца, пакуль замоўнік не пацьвердзіць наяўнасьць фінансаў. Бо гораду не патрэбны чарговы «даўгабуд». Такія на рахунку Віцебскай эпархіі ўжо ёсьць, напрыклад, царква Сьвятога Арханёла Міхаіла каля гіпэрмаркета «Грын-цэнтар», якую абяцалі пабудаваць да верасьня 2016 году, але мінакі дагэтуль бачаць толькі абгароджаную пляцоўку і ўзьведзеныя на траціну сьцены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG